Эстэр 1 разьдзел

Кніга Эстэр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Леаніда Галяка

 
 

І было ў дні Артаксэркса, — гэты Артаксэркс валадарыў над ста дваццацьцю сямю вобласьцямі ад Індыі і да Эфіопіі,
 
І было за часоў Артаксэркса, які панаваў над стодваццаціпяцю краінамі ад Індыі аж да Этыопіі,

у той час, як цар Артаксэркс заступіў на царскі трон свой, што ў Сузах, горадзе сталічным,
 
што ў той час, як кароль Артаксэркс засеў на свой каралеўскі пасад, які бы у сталічным месьце Сузан,

на трэцім годзе свайго валадараньня ён зладзіў гасьціну ўсім князям сваім і тым, што служылі пры ім, галоўным начальнікам войска Персідскага і Мідыйскага і кіраўнікам вобласьцяў сваіх,
 
на трэцім годзе свайго панаваньня, ён зрабіў бяседу для ўсіх сваіх князёў і для служачых пры ім, для Пэрскіх і Мідыйскіх гэтманаў і намесьнікаў сваіх краінаў,

паказваючы вялікае багацьце царства свайго і выдатны бляск велічы сваёй шмат дзён, сто восемдзесят дзён.
 
паказываючы вялікае багацьце свайго каралеўства і славу сваёй велічы на працягу многіх дзён — стапяцідзесяцёх дзён.

Пасьля заканчэньня гэтых дзён зрабіў цар народу свайму, які быў у сталічным горадзе Сузах, ад вялікага да малога, гасьціну сямідзённую на садовым двары дома царскага.
 
Каліж скончыліся тыя дні, кароль зрабіў для ўсяго народу, што быў у сталічным месьце Сузан, ад найвялікшага да найменшага, сямідзённую бяседу ў залі ў садзе, пры каралеўскім палацы.

Белая, баваўняная і яхантавага колеру шарсьцяная тканіна, прымацаваная вісоннымі і пурпуровымі шнурамі, вісела на срэбраных колцах і мармуровых слупах.
 
Белыя, зялёныя і гіацынтавыя тканіны былі ўмацаваныя бісоннымі і пурпуравымі шнурамі на сярэбраных колцах і мармуровых слупох. Залатыя і серабраныя ложы на памосьце, усланым зялёнымі каменьнямі і мармурам, і пэрламутрам, і шорнымі каменьнямі.

Залатыя і срэбныя ложкі былі на памосьце, засланым камянямі зялёнага колеру і мармурам, і перламутрам і камянямі чорнага колеру.
 
Пітво падавалі ў залатым начыньні, у што раз іншым начыньні, і было мноства каралеўскага віна, паводле каралеўскага багацьця.

Напоі падаваліся ў залатым посудзе і ў посудзе разнастайным, цаною ў трыццаць тысяч талантаў; і віна царскага было багата, па багацьці цара. Пітво ішло мерна, ніхто не прымушаў, бо цар даў такі загад усім аканомам у доме ягоным, каб рабілі па волі кожнага.
 
Да піцьця, аднак, згодна з распараджэньнем, нікога не прымушалі, бо так загадаў кароль усім кіраўніком ягонага дому, каб рабілі паводле волі кожнага.

А царыца Астынь таксама зладзіла гасьціну жанчынам у царскім доме цара Артаксэркса.
 
І каралева Астын зрабіла таксама бяседу для жанчынаў, у каралеўскім доме караля Артаксэркса.

На сёмы дзень, калі разьвесялілася сэрца ў цара ад віна, ён сказаў Мэгуману, Бізту, Харбону і Авагту, Зэтару і Каркасу — сямі еўнухам, якія служылі перад абліччам цара Артаксэркса,
 
На сёмы дзень, калі кароль развесяліўся ад віна, ён сказаў Мэгуману, Вызце, Гарбану, Бычце, Абачце, Зэтару і Каркасу, сямём скапцом, што служылі перад абліччам караля Артаксэркса,

каб яны прывялі царыцу Астынь перад аблічча цара, каб паказаць народам і князям прыгажосьць яе; бо яна была вельмі прыгожая.
 
каб прывялі каралеву Астын прад каралеўскае аблічча, у каралеўскай кароне, хочучы паказаць народам і князём яе прыгажосьць, бо яна была вельмі прыгожая.

Але царыца Астынь не захацела прыйсьці па загадзе цара, абвешчаным празь еўнухаў.
 
Каралева Астын не захацела, аднак, прыйсьці на каралеўскі наказ праз скапцоў. Дзеля гэтага кароль вельмі разгневаўся і гнеў яго загарэўся ў ім.

І разгневаўся цар моцна, і шаленства ягонае загарэлася ў ім. І сказаў цар мудрацам, якія памяталі ранейшыя часы, — бо дзеі цара чыніліся перад усімі, хто ведаў закон і права,
 
Тады спытаўся кароль мудрацоў, разумеючых часы, бо быў звычай, што каралеўскія справы разглядаліся ўсімі ведаючымі і законы і правы.

прыбліжаныя да яго тады былі: Каршэна, Шэтар, Адмата, Тарсіс, Мэрэс, Марсэна, Мэмухан — сем князёў Персідскіх і Мідыйскіх, якія маглі бачыць твар цара і сядзелі першыя ў царстве:
 
Найбліжэйшымі былі тады Карсэна, Шэтар, Адмата, Тарсыс, Марсэна і Мэхуман, сем князёў Пэрскіх і Мідыйскіх, якія маглі глядзець на каралеўскае аблічча і сядзелі першымі ў каралеўстве,

што зрабіць па законе з царыцаю Астынь за тое, што яна не зрабіла па слове цара Артаксэркса, абвешчаным празь еўнухаў?
 
што рабіць, згодна з правам, з каралеваю Астын, за тое, што яна ня выканала наказу караля Артаксэркса, данага праз скапцоў?

І сказаў Мамухан перад абліччам цара і князёў: не перад царом адным вінаватая царыца Астынь, а перад усімі князямі і перад усімі народамі, якія па ўсіх вобласьцях цара Артаксэркса;
 
І адказаў Мэмухан перад каралём і князямі: — ня супроць аднаго караля выступіла каралева Астын, а супроць усіх князёў і ўсіх народаў, што жывуць у ўсіх краінах караля Артаксэркса,

бо ўчынак царыцы дойдзе да ўсіх жонак, і яны будуць грэбаваць мужамі сваімі і казаць: цар Артаксэркс загадаў прывесьці царыцу Астынь перад аблічча сваё, а яна не пайшла.
 
бо калі паступак каралевы дойдзе да ўсіх жанчынаў, яны пачнуць лёгкаважыць сваіх мужоў і гаварыць: — кароль Артаксэркс наказаў прывесьці каралеву Астын прад сваё аблічча, а яна не прыйшла.

Цяпер княгіні Персідскія і Мідыйскія, якія пачуюць пра ўчынак царыцы, будуць тое самае казаць усім князям царовым; і пагарды і засмучэньня будзе ўдосыць.
 
Цяпер скажуць тое самае княгіні Пэрскія і Мідыйскія, якія пачулі аб паступку каралевы, усім каралеўскім князём і будзе досыць лёгкаважаньня і сварак.

Калі заўгодзіцца цару, хай выйдзе ад яго царская пастанова і ўпішацца ў законы Персідскія і Мідыйскія і не адмяняецца, пра тое, што Астынь ня будзе ўваходзіць перад аблічча цара Артаксэркса, а царскую годнасьць яе цар перадасьць іншай, якая лепшая за яе.
 
Дзеля гэтага, калі кароль будзе гэта лічыць адпаведным, няхай выйдзе ад яго каралеўская пастанова і няхай будзе ўпісаным у Пэрскія і Мідыйскія законы, якія не адмяняюцца, аб тым, што каралева Астын не будзе ўваходзіць прад аблічча караля Артаксэркса і ейную каралеўскую годнасьць перадасьць кароль іншай, лепшай чым яна.

Калі пачуюць пра такую пастанову цара, якая разыдзецца па ўсім царстве ягоным, як яно ні вялікае, тады ўсе жонкі будуць шанаваць мужоў сваіх, ад вялікага да малога.
 
А калі пачуюць аб гэтай каралеўскай пастанове, якая разыдзецца па ўсім каралеўстве, як яно вялікае, тады ўсе жонкі будуць шанавць мужоў сваіх ад вялікага аж да малога.

І заўгоднае было слова гэта ў вачах цара і князёў; і зрабіў цар па слове Мэмухана
 
І спадабалася гэная рада каралю і князём і зрабіў кароль згодна з радаю Мэмухана

і паслаў ва ўсе вобласьці цара лісты, пісаныя ў кожную вобласьць пісьмёнамі яе і да кожнага народу на мове яго, каб кожны муж быў гаспадаром у доме сваім, і каб гэта было абвешчана кожнаму на прыроднай мове ягонай.
 
і паслаў лісты ў усе каралеўскія краіны, у кожную краіну яе пісмы і кожнаму народу ягонай мовай, каб кожны муж быў гаспадаром у сваім доме. Гэта было абвешчана кожнаму на ягонай роднай мове.