Эстэр 1 разьдзел

Кніга Эстэр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І было ў дні Артаксэркса, — гэты Артаксэркс валадарыў над ста дваццацьцю сямю вобласьцямі ад Індыі і да Эфіопіі,
 
І сталася [гэта] ў дні Ахашвэроша. Гэты Ахашвэрош валадарыў ад Індыі аж да Куша [і меў] сто дваццаць сем акругаў.

у той час, як цар Артаксэркс заступіў на царскі трон свой, што ў Сузах, горадзе сталічным,
 
У тыя дні, калі валадар Ахашвэрош сядзеў на пасадзе валадарства свайго, які ў Шушане сталіцы,

на трэцім годзе свайго валадараньня ён зладзіў гасьціну ўсім князям сваім і тым, што служылі пры ім, галоўным начальнікам войска Персідскага і Мідыйскага і кіраўнікам вобласьцяў сваіх,
 
у трэці год валадараньня свайго ён справіў гасьціну для ўсіх князёў сваіх і слугаў сваіх, гетманаў Пэрсаў і Мідзянаў, магнатаў і князёў акругаў, што былі перад ім,

паказваючы вялікае багацьце царства свайго і выдатны бляск велічы сваёй шмат дзён, сто восемдзесят дзён.
 
паказваючы багацьце славы валадарства свайго і гонар красы велічнасьці сваёй шмат дзён, сто восемдзясят дзён.

Пасьля заканчэньня гэтых дзён зрабіў цар народу свайму, які быў у сталічным горадзе Сузах, ад вялікага да малога, гасьціну сямідзённую на садовым двары дома царскага.
 
Пасьля сканчэньня дзён гэтых валадар справіў гасьціну для ўсяго народу, які знаходзіўся ў Шушане сталіцы, ад вялікага аж да малога, сем дзён у садовым панадворку палацу валадара.

Белая, баваўняная і яхантавага колеру шарсьцяная тканіна, прымацаваная вісоннымі і пурпуровымі шнурамі, вісела на срэбраных колцах і мармуровых слупах.
 
Белыя, зялёныя і блакітныя тканіны былі прымацаваныя шнурамі з вісону і пурпуру да кольцаў срэбных і слупоў мармуровых. Залатыя і срэбныя ложкі [стаялі] на падлозе з алябастру, пэрлаў і чорнага мармуру.

Залатыя і срэбныя ложкі былі на памосьце, засланым камянямі зялёнага колеру і мармурам, і перламутрам і камянямі чорнага колеру.
 
І напоі ў посудзе залатым, і посуд ад посуду адрозьніваўся, і віна валадарскага шмат, паводле [магчымасьці] рукі валадара.

Напоі падаваліся ў залатым посудзе і ў посудзе разнастайным, цаною ў трыццаць тысяч талантаў; і віна царскага было багата, па багацьці цара. Пітво ішло мерна, ніхто не прымушаў, бо цар даў такі загад усім аканомам у доме ягоным, каб рабілі па волі кожнага.
 
І да піцьця паводле загаду не было прымусу, бо валадар так вызначыў усёй службе дому свайго, каб яны рабілі паводле жаданьня кожнага.

А царыца Астынь таксама зладзіла гасьціну жанчынам у царскім доме цара Артаксэркса.
 
Таксама Вашці валадарка справіла банкет для жанчынаў у доме валадарскім, які [належаў] валадару Ахашвэрошу.

На сёмы дзень, калі разьвесялілася сэрца ў цара ад віна, ён сказаў Мэгуману, Бізту, Харбону і Авагту, Зэтару і Каркасу — сямі еўнухам, якія служылі перад абліччам цара Артаксэркса,
 
У сёмы дзень, калі добра стала на сэрцы валадара ад віна, ён сказаў Мегуману, Бізэце, Харбоне, Бігце і Абагце, Зэтару і Каркасу, сямём эўнухам, якія служылі перад абліччам валадара Ахашвэроша,

каб яны прывялі царыцу Астынь перад аблічча цара, каб паказаць народам і князям прыгажосьць яе; бо яна была вельмі прыгожая.
 
каб яны прывялі перад аблічча валадара валадарку Вашці ў кароне валадарскай, каб паказаць народу і князям прыгажосьць ейную, бо яна была вельмі прыгожая.

Але царыца Астынь не захацела прыйсьці па загадзе цара, абвешчаным празь еўнухаў.
 
І адмовілася валадарка Вашці прыйсьці паводле слова валадара да эўнухаў. І моцна загневаўся валадар, і гнеў ягоны ўзгарэўся ў ім.

І разгневаўся цар моцна, і шаленства ягонае загарэлася ў ім. І сказаў цар мудрацам, якія памяталі ранейшыя часы, — бо дзеі цара чыніліся перад усімі, хто ведаў закон і права,
 
І сказаў валадар да мудрацоў, якія ведаюць часы, бо справа валадара [ішла] да ўсіх, што ведалі законы і суд.

прыбліжаныя да яго тады былі: Каршэна, Шэтар, Адмата, Тарсіс, Мэрэс, Марсэна, Мэмухан — сем князёў Персідскіх і Мідыйскіх, якія маглі бачыць твар цара і сядзелі першыя ў царстве:
 
А найбліжэйшымі да яго былі Каршэна, Шэтар, Адмата, Таршыш, Мэрэс, Марсэн і Мэмухан — сем князёў Пэрсаў і Мідзянаў, якія бачылі аблічча валадара і сядзелі першымі ў валадарстве.

што зрабіць па законе з царыцаю Астынь за тое, што яна не зрабіла па слове цара Артаксэркса, абвешчаным празь еўнухаў?
 
«Што зрабіць паводле законаў з валадаркай Вашці за тое, што яна не зрабіла паводле слова валадара Ахашвэроша, [дадзенага] праз рукі эўнухаў?»

І сказаў Мамухан перад абліччам цара і князёў: не перад царом адным вінаватая царыца Астынь, а перад усімі князямі і перад усімі народамі, якія па ўсіх вобласьцях цара Артаксэркса;
 
І сказаў Мэмухан перад абліччам валадара і князёў: «Не перад адным валадаром завінілася валадарка Вашці, а перад усімі князямі і перад усімі народамі, якія ў-ва ўсіх акругах валадара Ахашвэроша.

бо ўчынак царыцы дойдзе да ўсіх жонак, і яны будуць грэбаваць мужамі сваімі і казаць: цар Артаксэркс загадаў прывесьці царыцу Астынь перад аблічча сваё, а яна не пайшла.
 
Бо разыйдзецца слова пра валадарку да ўсіх жанчынаў, і яны будуць грэбаваць мужамі сваімі, і казаць: “Валадар Ахашвэрош сказаў, каб прывялі валадарку Вашці перад аблічча сваё, а яна не прыйшла”.

Цяпер княгіні Персідскія і Мідыйскія, якія пачуюць пра ўчынак царыцы, будуць тое самае казаць усім князям царовым; і пагарды і засмучэньня будзе ўдосыць.
 
І сёньня княгіні Пэрсаў і Мідзянаў, якія пачулі пра словы валадаркі, тое самае скажуць усім князям валадара; і будзе шмат пагарды і абурэньня, і злосьці.

Калі заўгодзіцца цару, хай выйдзе ад яго царская пастанова і ўпішацца ў законы Персідскія і Мідыйскія і не адмяняецца, пра тое, што Астынь ня будзе ўваходзіць перад аблічча цара Артаксэркса, а царскую годнасьць яе цар перадасьць іншай, якая лепшая за яе.
 
Калі валадар [палічыць] добрым, няхай выйдзе слова валадара ад яго, і няхай будзе ўпісана ў законы Пэрсаў і Мідзянаў і ня будзе адменена, што Вашці ня прыйдзе [больш] перад аблічча валадара Ахашвэроша, і годнасьць валадарскую ейную няхай дасьць валадар іншай, лепшай за яе.

Калі пачуюць пра такую пастанову цара, якая разыдзецца па ўсім царстве ягоным, як яно ні вялікае, тады ўсе жонкі будуць шанаваць мужоў сваіх, ад вялікага да малога.
 
І пачуюць загад валадара, які ён зробіць у-ва ўсім валадарстве сваім, хоць яно вялікае, і ўсе жанчыны будуць шанаваць мужоў сваіх ад вялікага аж да малога».

І заўгоднае было слова гэта ў вачах цара і князёў; і зрабіў цар па слове Мэмухана
 
І добрым было слова гэтае ў вачах валадара і князёў, і зрабіў валадар паводле слова Мэмухана.

і паслаў ва ўсе вобласьці цара лісты, пісаныя ў кожную вобласьць пісьмёнамі яе і да кожнага народу на мове яго, каб кожны муж быў гаспадаром у доме сваім, і каб гэта было абвешчана кожнаму на прыроднай мове ягонай.
 
І ён паслаў лісты ў-ва ўсе акругі валадарскія, у кожную акругу пісьмом ейным і да кожнага народу — моваю ягонай, каб кожны муж быў гаспадаром у доме сваім, і прамоўлена гэта было моваю ўсіх народаў.