Эстэр 3 разьдзел
Кніга Эстэр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
Пасьля гэтага ўзьвялічыў цар Артаксэркс Амана, сына Амадата, Вугэяніна, і ўзьнёс яго і паставіў сядзеньне ягонае вышэй за ўсіх князёў, якія ў яго;
Пасьля гэтых падзеяў узьвялічыў валадар Ахашвэрош Амана, сына Гамэдата, Агагяніна, і ўзьняў яго, і паставіў пасад ягоны вышэй за ўсіх князёў, якія [былі] з ім.
і ўсе службіты пры цары, якія былі каля царскае брамы, кланяліся і падалі ніцма перад Аманам, бо так загадаў цар. А Мардахэй не кланяўся і ня падаў ніцма.
І ўсе слугі валадара, якія [былі] пры браме валадарскай, кленчылі і схіляліся перад Аманам, бо гэтак загадаў валадар. А Мардэхай ня кленчыў і не схіляўся.
І казалі службіты царовыя, якія каля царскае брамы, Мардахэю: навошта ты пераступаеш загад царскі?
І сказалі слугі валадара, якія пры браме валадарскай, Мардэхаю: «Чаму ты парушаеш прыказаньне валадара?»
І як што яны казалі яму кожны дзень, а ён ня слухаў іх, дык яны данесьлі Аману, каб паглядзець, ці ўстоіць у слове сваім Мардахэй, бо ён паведаміў ім, што ён Юдэй.
І сталася, што яны гаварылі яму кожны дзень, а ён ня слухаў іх, і яны данесьлі Аману, каб паглядзець, ці вытрывае ў слове Мардэхай, бо ён выявіў, што ён — Юдэй.
І калі ўбачыў Аман, што Мардахэй ня кланяецца і ня падае ніцма перад ім, дык напоўніўся гневам Аман.
І ўбачыў Аман, што Мардэхай ня кленчыць і не пакланяецца яму, і напоўніўся Аман гневам.
І здалося яму нікчэмным накласьці руку на аднаго Мардахэя; але як што сказалі яму, зь якога народу Мардахэй, дык задумаў Аман вынішчыць ва ўсім царстве ўсіх Юдэяў, якія былі ва ўсім царстве Артаксэркса, як народ Мардахэеў.
І ён пагрэбаваў у вачах сваіх узьняць руку сваю на аднаго Мардэхая, але калі выявілі яму народ Мардэхая, шукаў Аман, каб выгубіць усіх Юдэяў, народ Мардэхая, які ў-ва ўсім валадарстве Ахашвэроша.
У першы месяц, які ёсьць месяц Нісан, на дванаццатым годзе цара Артаксэркса, кідалі пур, г. зн. жэрабя, перад абліччам Амана дзень у дзень і месяц у месяц, і ўпала жэрабя на дванаццаты месяц, г. зн. на месяц Адар.
У першы месяц, значыцца месяц Нісан, у дванаццаты год валадара Ахашвэроша, кідалі пур, значыцца жэрабя, перада абліччам Амана дзень пры дні, месяц пры месяцы, і [жэрабя выпала] на дванаццаты [месяц] Адар.
І сказаў Аман цару Артаксэрксу: ёсьць адзін народ, раскіданы і расьсеяны паміж народамі па ўсіх вобласьцях царства твайго; і законы іх адрозьніваюцца ад законаў усіх народаў, і законаў цара яны ня выконваюць; і цару ня варта так пакідаць іх.
І сказаў Аман валадару Ахашвэрошу: «Ёсьць адзін народ, расьцярушаны і падзелены паміж народамі ў-ва ўсіх акругах валадарства твайго; і законы іхнія розьняцца ад [законаў] усіх народаў, і законаў валадара яны не выконваюць; і валадару не карысна пакінуць іх [без увагі].
Калі цару будзе заўгодна, дык няхай будзе прадпісаньне вынішчыць іх, і дзесяць тысяч талантаў срэбра я зважу ў рукі прыстаўнікаў, каб унесьці ў скарбніцу царскую.
Калі валадару гэта [падаецца] добрым, няхай будзе напісана, каб яны былі выгублены; і я адважу дзесяць тысячаў талентаў срэбра на рукі тых, якія зробяць гэтую працу, каб занесьлі ў скарбніцу валадара».
Тады зьняў цар пярсьцёнак свой з рукі сваёй і аддаў яго Аману, сыну Амадата, Вугеяніну, каб змацаваць указ супроць Юдэяў.
І зьняў валадар сыгнэт свой з рукі сваёй, і даў яго Аману, сыну Гамэдата, Агагяніну, ворагу Юдэяў.
І сказаў цар Аману: аддаю табе гэтае срэбра і народ; зрабі зь ім як табе заўгодна.
І сказаў валадар Аману: «Срэбра гэтае аддаю табе, і народ гэты. Рабі з ім, як добра ў вачах тваіх».
І пакліканы былі пісцы царскія ў першы месяц, у трыццаты дзень яго, і напісана было як загадаў Аман, да сатрапаў царскіх і да начальнікаў над кожнай вобласьцю, і ў кожную вобласьць пісьмёнамі яе і да кожнага народу на мове яго: усё было напісана ад імя цара Артаксэркса і змацавана царскім пярсьцёнкам.
І паклікалі пісараў валадарскіх у трынаццаты дзень першага месяца, і яны напісалі ўсё, што загадаў Аман, да сатрапаў валадара і да ваяводаў, якія ў кожнай акрузе, і князям кожнага народу, у кожную акругу пісьмом ейным і кожнаму народу — моваю ягонай; напісалі ад імя валадара Ахашвэроша і запячаталі сыгнэтам валадара.
І пасланы былі лісты праз ганцоў ва ўсе вобласьці цара, каб забіць, пагубіць і вынішчыць усіх Юдэяў, малога і старога, дзяцей і жанчын у адзін дзень, у трынаццаты дзень дванаццатага месяца Адара і маёмасьць іх зрабаваць.
І пасланы былі лісты ганцамі ў-ва ўсе акругі валадарскія, каб вынішчыць, забіць і выгубіць усіх Юдэяў, ад юнака аж да старога, дзяцей і жанчынаў, у адзін дзень, трынаццаты дзень дванаццатага месяца, значыцца месяца Адар, і маёмасьць іхнюю разрабаваць.
Сьпісак з указа аддаць у кожную вобласьць, як закон, абвяшчаны ўсім народам, каб яны былі гатовыя да таго дня.
Водпіс гэтага пісаньня каб быў перададзены як закон у кожную акругу, каб быў абвешчаны ўсім народам, каб яны былі гатовыя да гэтага дня.
Ганцы выправіліся хутка з царскім загадам. Абвешчаны быў указ і ў Сузах, сталічным горадзе; і цар і Аман сядзелі і пілі, а горад Сузы быў у трывозе.
Ганцы выйшлі, сьпяшаючыся паводле слова валадара, і закон быў абвешчаны ў Шушане сталіцы. І валадар і Аман селі, каб піць, а горад Шушан быў у замяшаньні.