1 царстваў 1 разьдзел

Першая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Быў адзін чалавек з Раматаім-Цофіма, з гары Яфрэмавай, імя яго Элкана, сын Ерахама, сына Ілія, сына Тоху, сына Цуфа, — Эфрацянін;
 
Быў адзін чалавек у Раматаіме, Цуфіт з гары Эфраіма, імем Элькана, сын Ерахама, сына Элігу, сына Таку, сына Цуфа, Эфрацянін.

у яго былі дзьве жонкі: імя адной Ганна, а імя другой Фэнана; у Фэнаны былі дзеці, а ў Ганны ня было дзяцей.
 
Ён меў дзьве жонкі: імя адной Ганна, а імя другой Пэніна. У Пэніны былі сыны, а ў Ганны дзяцей не было.

І хадзіў гэты чалавек з горада свайго ў адпаведныя дні пакланяцца і прыносіць ахвяру Госпаду Саваофу ў Сілом; і там былі два сыны ягоныя, Офні і Фэнэес, сьвятарамі Госпада.
 
Штогод той чалавек хадзіў з гораду свайго ў Шыло, каб пакланіцца і скласьці ахвяру ГОСПАДУ Магуцьцяў. Былі там два сыны Гэлія: Хофні і Пінхас, сьвятары ГОСПАДА.

У той дзень, калі Элкана прыносіў ахвяру, даваў Фэнане, жонцы сваёй, і ўсім сынам яе і дочкам яе долі;
 
Калі Элькана складаў ахвяру, у той дзень даваў жонцы сваёй Пэніне і ўсім сынам і дочкам ейным па частцы складанай ахвяры,

а Ганьне даваў долю адмысловую, бо кахаў Ганну, хоць Гасподзь замкнуў улоньне яе.
 
а Ганьне даваў падвойную частку, бо Ганну ён любіў. Але ГОСПАД не даваў ёй нарадзіць.

Суперніца яе моцна засмучала яе, падбіваючы яе да нараканьняў на тое, што Гасподзь замкнуў улоньне яе.
 
Суперніца ейная дакучала ёй, і дрэнчыла яе, бо ГОСПАД замкнуў улоньне ейнае.

Так бывала кожны год, калі хадзіла яна ў дом Гасподні: тая засмучала яе, а гэтая плакала і ня ела.
 
Так цягнулася шмат гадоў; колькі разоў ішла яна ў сьвятыню ГОСПАДА, тая засмучала яе. Ганна дзеля таго плакала і ня ела.

І сказаў ёй Элкана, муж яе: Ганна! Чаго ты плачаш і чаму не ясі, і, чаго смуткуе сэрца тваё? ці ж ня лепшы я табе за дзесяць сыноў?
 
І сказаў ёй Элькана, муж ейны: «Чаму ты плачаш і чаму не ясі? Чаму сумуе сэрца тваё? Ці ж я табе не мілейшы, чым дзесяць сыноў?»

І ўстала Ганна пасьля таго, як яны елі і пілі ў Сіломе. А Ілій сьвятар сядзеў тады на сядзеньні каля ўваходу ў храм Гасподні.
 
Калі ў Шыло скончылі есьці і піць, Ганна ўстала. А сьвятар Гэлій сядзеў на крэсьле перад брамай сьвятыні ГОСПАДА.

І была яна ў скрусе душы, і малілася Госпаду, і горка плакала,
 
І Ганна, сумная душою, малілася да ГОСПАДА, горка плачучы.

і дала абяцаньне, кажучы: Госпадзе Саваоф! Калі Ты ўважыш скрусе рабы Тваёй і спамянеш пра мяне, і не забудзеш рабы Тваёй і дасі рабе Тваёй дзіця мужчынскага полу, дык я аддам яго Госпаду на ўсе дні жыцьця яго, і брытва не кране галавы ягонай.
 
І шлюбавала яна, кажучы: «ГОСПАД Магуцьцяў, калі Ты спагадна глянеш на прыніжэньне служкі Тваёй, і прыгадаеш мяне, і не забудзешся пра служку Тваю, і дасі мне дзіця мужчынскага роду, я аддам яго ГОСПАДУ на ўсе дні жыцьця ягонага, і лязо не кранецца галавы ягонай».

Тым часам як яна доўга малілася прад Госпадам, Ілій глядзеў на вусны яе;
 
Калі яна так шчыра і доўга малілася перад ГОСПАДАМ, Гэлій прыглядаўся да вуснаў ейных.

і як Ганна гаварыла ў сэрцы сваім, а вусны яе толькі варушыліся, і ня было чуваць голасу яе, дык Ілій прыняў яе за п’яную.
 
А Ганна гаварыла ў глыбіні сэрца свайго, і толькі варушыліся вусны ейныя, але голасу не было чуваць, і Гэлій думаў, што яна п’яная,

І сказаў ёй Ілій: дакуль ты будзеш п’яная? працьверазіся зь віна твайго.
 
і сказаў ёй: «Дакуль будзеш п’яная? Ацьверазіся ад віна».

І адказвала Ганна і сказала: не, спадару мой; я — жонка, што засмучаецца духам, віна і сікеру я ня піла; а выліваю душу маю прад Госпадам;
 
Ганна адказала: «Не, гаспадару мой. Я — нешчасьлівая жанчына. Я ня піла нічога такога, каб ап’янець, ані віна, ані сікеры, але я выліваю душу сваю перад ГОСПАДАМ.

ня лічы рабы тваёй нягоднаю жанчынаю, бо ад вялікай журбы маёй і ад скрухі маёй я гаварыла дагэтуль.
 
Не лічы служкі тваёй за адну з дачок Бэліяла, бо я дзеля вялікага болю і смутку свайго гаварыла ўвесь час».

І адказваў Ілій і сказаў: ідзі зь мірам, і Бог Ізраілеў спраўдзіць просьбу тваю, чаго ты прасіла ў Яго.
 
І Гэлій засмуціўся, і сказаў ёй: «Ідзі ў супакоі, а Бог Ізраіля няхай споўніць просьбу тваю, пра што маліла Яго».

А яна сказала: хай жа знойдзе раба твая літасьць у вачах тваіх! І пайшла яна ў дарогу сваю, і ела, і аблічча яе ня было ўжо журботнае, як раней.
 
А яна сказала: «О, няхай знойдзе служанка твая ласку ў вачах тваіх». І адыйшла тая жанчына дарогаю сваёй, і ела, і аблічча ейнае не было ўжо такім, як раней.

І ўсталі яны раніцай, і пакланіліся прад Госпадам, і вярнуліся, і прыйшлі ў дом свой у Раму. І паклікаў Элкана Ганну, жонку сваю, і спамянуў пра яе Гасподзь.
 
І падняліся назаўтра рана, і пакланіліся перад ГОСПАДАМ, і пайшлі ў дарогу зваротную, і прыйшлі ў дом свой у Раме. І Элькана спазнаў жонку сваю Ганну, і ГОСПАД узгадаў просьбу ейную.

Празь некаторы час зачала Ганна і нарадзіла сына і дала яму імя Самуіл, бо, «у Госпада я выпрасіла яго».
 
Ганна зачала па нейкім часе, і нарадзіла сына, і дала яму імя Самуэль, таму што ад ГОСПАДА выпрасіла яго.

І пайшоў муж яе Элкана і ўся сям’я ягоная прынесьці гадавую ахвяру Госпаду і абяцаньні свае.
 
Муж ейны Элькана і ўвесь дом ягоны пайшоў злажыць штогадовую ахвяру ГОСПАДУ і споўніць шлюбаваньні.

А Ганна не пайшла, сказаўшы мужу свайму: калі дзіця будзе аднята ад грудзей і падрасьце, тады я завяду яго, і ён зьявіцца прад Госпадам і застанецца там назаўсёды.
 
Але Ганна не пайшла. Яна сказала мужу свайму: «Не пайду, пакуль хлопчык ня будзе адняты ад грудзей і падрасьце, а тады завяду яго, і ён стане перад абліччам ГОСПАДА, і застанецца там назаўсёды».

І сказаў ёй Элкана, муж яе: рабі, што табе заўгодна; заставайся, пакуль ня выкарміш яго грудзьмі; толькі хай спраўдзіць Гасподзь слова, якое выйшла з вуснаў тваіх. І засталася жонка ягоная і карміла грудзямі сына свайго, пакуль ня выкарміла.
 
Адказаў ёй Элькана, муж ейны: «Рабі, што добра ў вачах тваіх. Заставайся, пакуль яго не адымеш ад грудзей. Толькі няхай ГОСПАД зьдзейсьніць словы Свае». І засталася маці дома, і карміла сына свайго, пакуль не адняла яго ад грудзей сваіх.

А калі выкарміла яго, пайшла зь ім у Сілом, узяўшы тры цяляці і адну эфу мукі і мех віна, і прыйшла ў дом Госпада ў Сіломе; а хлопчык быў яшчэ дзіця.
 
Калі ўжо адняла, павяла яго з сабою, і ўзяла таксама трохгадовага бычка, адну эфу мукі і буклак віна, і прывяла яго ў Дом ГОСПАДА ў Шыло. А хлопец быў яшчэ дзіцём.

І закалолі цяля; і прывялі хлопчыка да Ілія,
 
І забілі бычка, і занесьлі хлопца да Гэлія.

і сказала: о, спадару мой! хай жыве душа твая, спадару мой! я — тая самая жанчына, якая тут пры табе стаяла і малілася Госпаду;
 
І сказала [Ганна]: «Прашу, гаспадару мой, няхай жыве душа твая, гаспадару. Я — тая самая жанчына, якая стаяла тут перад табой і маліла ГОСПАДА.

за гэтае дзіця малілася я, і спраўдзіў мне Гасподзь просьбу маю, чаго я прасіла ў Яго;
 
Маліла я пра гэтае дзіця, і споўніў ГОСПАД просьбу маю, што я прасіла ў Яго.

і я аддаю яго Госпаду на ўсе дні жыцьця ягонага — служыць Госпаду. І пакланілася там Госпаду.
 
Таму я аддаю яго ГОСПАДУ на ўсе дні; колькі будзе жыць, ён аддадзены для ГОСПАДА». І пакланіліся там ГОСПАДУ.