Судзьдзяў 1 разьдзел
Кніга Судзьдзяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
Пасьля сьмерці Ісуса пыталіся сыны Ізраілевыя, кажучы: хто з нас раней пойдзе на Хананэяў — ваяваць зь імі?
Пасьля сьмерці Егошуа пыталіся сыны Ізраіля ў ГОСПАДА, кажучы: «Хто з нас першы выступіць супраць Хананейцаў ваяваць з імі?»
І сказаў Гасподзь: Юда пойдзе; вось, Я аддаю зямлю ў яго рукі.
ГОСПАД адказаў ім: «Няхай выступіць Юда, бо Я аддаў зямлю гэтую ў рукі ягоныя».
А Юда сказаў Сымону, брату свайму: увайдзі са мною ў надзел мой, і будзем ваяваць з Хананэямі; і я ўвайду з табою ў твой надзел. І пайшоў зь ім Сымон.
І сказаў Юда Сымону, брату свайму: «Увайдзі са мной у жэрабя маё і будзем разам ваяваць супраць Хананейцаў, а я ўвайду з табой у жэрабя тваё». І пайшоў з ім Сымон.
І пайшоў Юда, і аддаў Гасподзь Хананэяў і Фэрэзэяў у рукі іхнія, і пабілі яны зь іх у Вэзэку дзесяць тысяч чалавек.
І пайшоў Юда, і аддаў ГОСПАД у рукі іхнія Хананейцаў і Пэрэзэяў, і ў Бэзэку выбілі яны дзесяць тысячаў мужчын.
У Вэзэку сустрэліся яны з Адоні-Вэзэкам, біліся зь ім і разьбілі Хананэяў і Фэрэзэяў.
У Бэзэку сустрэліся яны з Адоні-Бэзэкам і ваявалі з ім, і перамаглі Хананейцаў і Пэрэзэяў.
Адоні-Вэзэк пабег, але яны пагналіся за ім і злавілі яго і адсеклі вялікія пальцы на руках ягоных і на нагах ягоных.
І Адоні-Бэзэк уцёк, але яны дагналі яго, і схапілі, і адрэзалі вялікія пальцы на руках і нагах ягоных.
Тады сказаў Адоні-Вэзэк: семдзесят цароў з адсечанымі на руках і на нагах у іх вялікімі пальцамі зьбіралі пад сталом маім; як рабіў я, так і мне даў Бог. І прывялі яго ў Ерусалім, і ён памёр там.
І сказаў Адоні-Бэзэк: «Семдзясят валадароў з адрэзанымі вялікімі пальцамі на руках і нагах зьбіралі крошкі пад сталом маім. І як я рабіў, так і мне Бог адплаціў». І завялі яго ў Ерусалім, і там ён памёр.
І ваявалі сыны Юдавыя супроць Ерусаліма і ўзялі яго, і пабілі яго мечам і горад аддалі агню.
І ваявалі сыны Юды з Ерусалімам, і захапілі яго, і выбілі яго вострывам мяча, а горад спалілі агнём.
Потым пайшлі сыны Юдавыя ваяваць з Хананэямі, якія жылі на горах і на паўдзённай зямлі і на нізінных мясьцінах.
Потым зыйшлі сыны Юды і ваявалі супраць Хананейцаў, якія жылі ў гарах, у Нэгеве і ў Шэфэлі.
І пайшоў Юда на Хананэяў, якія жылі ў Хэўроне (імя Хэўрону было раней Кірыяф-Арбы), і пабілі Шэшая, Ахімана і Талмая.
І пайшоў Юда супраць Хананейцаў, якія жылі ў Хеўроне, што раней называўся Кірыят-Арба, і пабіў Шэшая, Ахімана і Тальмая.
Адтуль пайшоў ён супроць жыхароў Давіра; імя ў Давіра было раней Кірыят-Сэфэр.
Адтуль пайшоў ён супраць жыхароў Дэбіру, які раней называўся Кірыят-Сэфэр.
І сказаў Халеў: хто паб’е Кірыят-Сэфэр і возьме яго, таму аддам Ахсу, дачку маю, за жонку.
І сказаў Халеў: «Хто нападзе на Кірыят-Сэфэр і здабудзе яго, таму дам за жонку Ахсу, дачку маю».
І ўзяў яго Гатанііл, сын Кеназа, малодшага брата Халева, і Халеў аддаў за жонку яму Ахсу, дачку сваю.
І здабыў яго Атніэль, сын Кеназа, малодшага брата Халева, і Халеў аддаў яму за жонку Ахсу, дачку сваю.
Калі мелася яна ісьці, Гатанііл навучыў яе прасіць у бацькі яе поле, і яна сышла з асла. Халеў сказаў ёй: чаго табе?
Калі яна прыйшла, ён намовіў яе, каб прасіла ў бацькі свайго поля. І калі яна зьлезла з асла, сказаў ёй Халеў: «Што табе?»
Ахса сказала яму: дай мне дабраславеньне: ты даў мне зямлю паўднёвую, дай мне і крыніцы вады. І даў ёй крыніцы верхнія і крыніцы паўднёвыя.
А яна адказала: «Дай мне дабраславенства, бо даў ты мне зямлю Нэгеў. Дай мне крыніцы водаў». І даў ёй Халеў крыніцы верхнія і крыніцы нізавыя.
І сыны Кэнэяніна, цесьця Майсеевага, пайшлі з горада Пальм з сынамі Юдавымі ў пустыню Юдавую, якая на поўдзень ад Арада, і прыйшлі і пасяліліся сярод народу.
Сыны Кенэя, цесьця Майсея, выйшлі з гораду Пальмаў з сынамі Юды ў пустыню Юды, якая на поўдзень ад Араду, і там абжыліся з народам.
І пайшоў Юда з Сымонам, братам сваім, і пабілі Хананэяў, якія жылі ў Цэфаце, і аддалі яго праклёну, і таму называецца горад гэты Хорма.
І пайшоў Юда з братам сваім Сымонам, і разам напалі яны на Хананейцаў, якія жылі ў Цэфаце, і аблажылі іх закляцьцем, і назвалі горад гэты Харма.
Юда ўзяў таксама Газу зь межамі яе, Аскалон зь межамі яго, і Экрон зь межамі яго.
І Юда здабыў Газу і ваколіцы ейныя, Ашкелён і ваколіцы ягоныя, Экрон і ваколіцы ягоныя.
Гасподзь быў зь Юдам, і ён авалодаў гарою; але жыхароў даліны ня мог прагнаць, бо ў іх былі жалезныя калясьніцы.
І ГОСПАД быў з Юдам, і ён захапіў горы, але ня мог выгнаць жыхароў даліны, бо мелі яны калясьніцы жалезныя.
І аддалі Халеву Хэўрон, як казаў Майсей, і прагнаў адтуль трох сыноў Энакавых.
Халеву аддалі Хеўрон, як сказаў Майсей, і выгнаў ён адтуль трох сыноў Анака.
Але Евусэяў, якія жылі ў Ерусаліме, не прагналі сыны Веньямінавыя, і жывуць Евусэі з сынамі Веньяміна ў Ерусаліме да сёньня.
А сыны Бэн’яміна ня выгналі з Ерусаліму жыхароў ягоных, Евусэяў; і жывуць Евусэі па сёньняшні дзень разам з сынамі Бэн’яміна ў Ерусаліме.
І сыны Язэпа пайшлі таксама на Вэтыль, і Гасподзь быў зь імі.
Таксама дом Язэпа пайшоў ў Бэтэль, і ГОСПАД быў з імі.
І віжавалі сыны Язэпавыя Вэтыль.
І дом Язэпа выведваў Бэтэль, што раней называўся Люз,
І ўбачылі вартавыя чалавека, які ішоў у горад, і сказалі яму: пакажы нам уваход у горад, і зробім табе літасьць.
і ўбачылі выведчыкі чалавека, які выходзіў з гораду, і сказалі яму: «Пакажы нам уваход у горад, і мы зьявім табе міласэрнасьць».
Ён паказаў ім уваход у горад, і пабілі яны горад мечам, а чалавека гэтага і ўсю радню ягоную адпусьцілі.
І ён паказаў ім уваход у горад, яны выбілі горад вострывам мяча, а чалавека таго і ўсю сям’ю ягоную адпусьцілі.
Чалавек гэты пайшоў у зямлю Хэтэяў і пабудаваў горад і назваў яго Луз. Гэта імя ў яго да сёньня.
І чалавек той пайшоў у зямлю Хетаў, і заснаваў там горад, і назваў яго Люз, які гэтак называецца па сёньняшні дзень.
І Манасія ня выгнаў жыхароў Бэтсана і залежных ад яго гарадоў, Таанаха і залежных ад яго гарадоў, жыхароў Дора і залежных ад яго гарадоў, жыхароў Іўлеама і залежных ад яго гарадоў, жыхароў Мэгідона і залежных ад яго гарадоў; і засталіся Хананэі жыць у зямлі гэтай.
А Манаса не здабыў Бет-Шэан і Таанах з ваколіцамі іхнімі, і жыхароў Дору, і Іблеаму, і Мэгіддо з ваколіцамі іхнімі, і засталіся Хананейцы жыць на гэтай зямлі.
Калі Ізраіль увабраўся ў сілу, тады зрабіў ён Хананэяў даньнікамі, але выганяць не выганяў іх.
А калі Ізраільцяне ўмацаваліся, яны зрабілі Хананейцаў прыгоннымі, але іх ня выгналі.
А Яфрэм ня выгнаў Хананэяў, якія жылі ў Газэры; і жылі Хананэі сярод іх у Газэры.
І Эфраім ня выгнаў Хананейцаў, што жылі ў Гезэры, і Хананейцы жылі сярод іх у Гезэры.
І Завулон ня выгнаў жыхароў Катрона і жыхароў Наглола, і жыхары Хананэі жылі сярод іх і плацілі ім даніну.
І Завулён ня выгнаў жыхароў Кітрону і Нагалалу, і Хананейцы жылі між іх, і сталіся ў іх прыгоннымі.
І Асір ня выгнаў жыхароў Ако і жыхароў Сідона і Ахлава, Ахзіва, Хэлвы, Афэка і Рэхова.
Асэр ня выгнаў жыхароў Акко, Сідону, Ахлябу, Ахзібу, Гэльбы, Афэка і Рэхову.
І жыў Асір сярод Хананэяў, жыхароў зямлі той, бо ня выгнаў іх.
І жыў Асэр сярод Хананейцаў, жыхароў той зямлі, бо ня выгнаў іх.
І Нэфталім ня выгнаў жыхароў Бэтсаміса і жыхароў Бэтаната і жыў сярод Хананэяў, жыхароў зямлі той; а жыхары Бэтсаміса і Бэтаната былі ягонымі даньнікамі.
Нэфталі ня выгнаў жыхароў Бэт-Шэмешу і Бэт-Анату, і жыў між Хананейцаў, жыхароў зямлі гэтай, і жыхары Бэт-Шэмешу і Бэт-Анату былі ў яго прыгоннымі.
І заціснулі Амарэі сыноў Данавых у горах, бо не давалі ім сыходзіць у даліну.
І выпхнулі Амарэйцы сыноў Дана ў горы, і не далі ім зыйсьці ў даліну.
І засталіся Амарэі жыць на гары Хэрэс у Аялоне і Шаалвіме; але рука сыноў Язэпавых адолела, і зрабіліся яны даньнікамі ім.
Амарэйцы жылі ў Гар-Хэрэсе, у Аялоне і ў Шаальбіме. І цяжэла над імі рука дому Язэпа, і яны былі ў яго прыгоннымі.
Межы Амарэяў ад узвышша Акравім і ад Сэлы прасьціраліся і далей.
А межы Амарэйцаў цягнуліся ад узвышша Акраббім і да Сэлі і вышэй.