Судзьдзяў 9 разьдзел
Кніга Судзьдзяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
Авімэлэх, сын Ераваалаў, пайшоў у Сіхем да братоў маці сваёй і казаў ім і ўсяму роду бацькі маці сваёй і сказаў:
Абімэлех, сын Еруббаала, пайшоў у Сыхем да братоў маці сваёй і сказаў ім і ўсім сваякам з дому маці сваёй, кажучы:
голасна кажэце ўсім жыхарам Сіхемскім: што лепей вам, ці каб валодалі вамі ўсе семдзесят сыноў Ераваалавых, ці каб валодаў адзін, і ўспомніце, што я костка і плоць ваша.
«Скажыце ўсім людзям у Сыхеме: “Што вам лепш: каб панавалі над вамі ўсе семдзясят сыноў Еруббаала, ці каб панаваў над вамі адзін чалавек?” І майце на ўвазе, што я — костка з косткі вашай і цела з цела вашага».
Браты ягонай маці казалі пра яго ўсе гэтыя словы жыхарам Сіхемскім; і схілілася сэрца іхняе да Авімэлэха, бо яны казалі: ён брат наш.
І браты маці ягонай расказвалі пра яго ўсім людзям у Сыхеме ў такі спосаб, і сэрцы іхнія прыхіліліся да Абімэлеха, бо яны казалі: «Гэта брат наш!»
І далі яму семдзесят сікляў срэбра з дома Ваалвэрыта; Авімэлэх наняў на іх гультаёў і свавольных людзей, якія і пайшлі за ім.
І далі яму семдзясят сыкляў срэбра з дому Баал-Бэрыта, і Абімэлех наняў за іх прайдзісьветаў і людзей бадзяжных, якія пайшлі за ім.
І прыйшоў ён у дом бацькі свайго ў Офру і забіў братоў сваіх, семдзесят сыноў Ераваалавых, на адным камені. Застаўся толькі Ётам, малодшы сын Ераваалаў, бо схаваўся.
І вярнуўся ён у дом бацькі свайго ў Офры, і на адным камяні забіў братоў сваіх, сыноў Еруббаала, семдзясят чалавек. Пакінуў толькі Ётама, наймалодшага сына Еруббаала, бо ён быў схаваўшыся.
І сабраліся ўсе жыхары Сіхемскія і ўвесь дом Міло, і пайшлі і паставілі царом Авімэлэха каля дуба, што паблізу Сіхема.
І сабраліся ўсе мужчыны з Сыхему і ўвесь Бэт-Міло, і пайшлі, і паставілі Абімэлеха валадаром каля дуба, які стаяў блізка Сыхему.
Калі расказалі пра гэта Ётаму, ён пайшоў і стаў на вяршыню гары Гарызіма і, узвысіўшы голас свой, крычаў і казаў ім: паслухайце мяне, жыхары Сіхема, і паслухае вас Бог!
Калі паведамілі пра гэта Ётаму, ён пайшоў і стаў на вяршыні гары Гарызім, і ўзвысіў голас свой, і сказаў: «Слухайце мяне, людзі Сыхему, і няхай пачуе вас Бог.
Пайшлі неяк дрэвы памазаць над сабою цара і сказалі масьліне: царуй над намі.
Сабраліся дрэвы, каб выбраць сабе валадара, і сказалі яны аліўцы: “Валадар над намі”.
Масьліна сказала ім: няўжо я пакіну тлушч мой, якім ушаноўваюць багоў і людзей, і пайду бадзяцца па дрэвах?
Яна адказала: “Ці ж магу я выракчыся алею свайго, якім ганарацца богі і людзі, каб пайсьці хістацца па-над дрэвамі?”
І сказалі дрэвы смакоўніцы: ідзі ты, царуй над намі.
І сказалі дрэвы дрэву фігаваму: “Хадзі і будзь валадаром над намі”.
Смакоўніца сказала ім: ці ж я пакіну саладосьць маю і добры плод і пайду бадзяцца па дрэвах?
Адказала ім дрэва фігавае: “Ці ж маю я выракчыся салодкасьці сваёй і адборнага плоду свайго, каб пайсьці хістацца па-над дрэвамі?”
І сказалі дрэвы вінаграднай лазе: ідзі ты, царуй над намі.
І сказалі дрэвы вінаграду: “Хадзі і будзь валадаром над намі”.
Вінаградная лаза сказала ім: ці ж я пакіну сок мой, які весяліць багоў і людзей, і пайду бадзяцца па дрэвах?
Вінаград ім адказаў: “Ці ж маю я выракчыся соку свайго, які весяліць багоў і людзей, каб пайсьці хістацца па-над дрэвамі?”
Нарэшце сказалі ўсе дрэвы цярноўніку: ідзі ты, царуй над намі.
Тады сказалі ўсе дрэвы цярніне: “Хадзі і будзь валадаром над намі!”
Цярноўнік сказаў дрэвам: калі вы сапраўды ставіце мяне царом над сабою, дык ідзеце, пакойцеся ў цяні маім; калі ж не, дык выйдзе агонь зь цярноўніка і папаліць кедры Ліванскія.
Адказала цярніна дрэвам: “Калі сапраўды хочаце мяне памазаць на валадара, тады хадзіце і адпачніце ў ценю маім! А калі не, вось, агонь выйдзе з цярніны і спаліць кедры Лібанскія”.
Дык вось глядзеце, паводле ісьціны і паводле праўды вы ўчынілі, паставіўшы Авімэлэха царом? і ці добра вы зрабілі зь Ераваалам і домам ягоным, і ці адпаведна яго дабрадзействам учынілі вы?
І цяпер, калі справядліва і бяз грэху вы паставілі над сабой валадаром Абімэлеха, і калі добра абыйшліся з Еруббаалам і з домам ягоным, і аднагарадзіліся адпаведна дабрадзействамі таму,
За вас бацька мой змагаўся, не даражыў жыцьцём сваім і вызваліў вас з-пад рукі Мадыяніцянаў;
які ваяваў за вас і жыцьцё сваё выстаўляў за вас на небясьпеку, каб выратаваць вас з рук Мадыянцаў,
а вы цяпер паўсталі супроць дома бацькі майго і забілі семдзесят сыноў бацькі майго на адным камені і паставілі царом над жыхарамі Сіхемскімі Авімэлэха, сына рабыні ягонай, бо ён брат ваш.
а вы сёньня паўсталі супраць дому бацькі майго і забілі сыноў ягоных семдзясят чалавек на адным камяні, і выбралі сабе валадаром над жыхарамі Сыхему Абімэлеха, сына служкі ягонай, бо ён — брат ваш,
Калі вы сёньня паводле ісьціны і паводле праўды ўчынілі зь Ераваалам і домам ягоным, дык радуйцеся за Авімэлэха, і хай радуецца за вас;
дык калі справядліва і без памылкі ўчынілі вы з Еруббаалам і домам ягоным сёньня, цешцеся з Абімэлеха, і няхай ён цешыцца з вас.
а калі не, дык хай выйдзе агонь з Авімэлэха і хай папаліць жыхароў Сіхемскіх і ўвесь дом Міло, і хай выйдзе агонь з жыхароў Сіхемскіх і з дома Міло і хай папаліць Авімэлэха.
Калі ж крывадушна зрабілі, няхай агонь выйдзе з Абімэлеха і спаліць жыхароў Сыхему і Бэт-Міло, і няхай выйдзе агонь з жыхароў Сыхему і Бэт-Міло і спаліць Абімэлеха!»
І пабег Ётам, і ўцёк і пайшоў у Бээр, і жыў там, хаваючыся ад брата свайго Авімэлэха.
Калі гэта Ётам сказаў, ён уцёк і адыйшоў у Бэра, і жыў там, баючыся брата свайго Абімэлеха.
Авімэлэх жа цараваў над Ізраілем тры гады.
І валадарыў над Ізраілем Абімэлех тры гады.
І паслаў Бог злога духа паміж Авімэлэхам і жыхарамі Сіхема, і перасталі карыцца жыхары Сіхемскія Авімэлэху,
І спаслаў на Абімэлеха Бог духа ліхога між ім і жыхарамі Сыхему, якія збунтаваліся супраць яго,
каб такім чынам адбылася помста за семдзесят сыноў Ераваалавых, і кроў іхняя абярнулася на Авімэлэха, брата іхняга, які забіў іх, і на жыхароў Сіхемскіх, якія ўмацавалі рукі ягоныя, каб забіць братоў сваіх.
каб такім чынам споўнілася помста за забойства сямідзесяці сыноў Еруббаала, і кроў іхняя павярнулася на Абімэлеха, брата іхняга, які забіў іх, і на жыхароў Сыхему, якія яму дапамагалі.
Жыхары Сіхемскія пасадзілі супроць яго ў засаду людзей на вяршынях гор, якія рабавалі кожнага, хто праходзіў міма іх па дарозе. Пра гэта данесена было Авімэлэху.
І вось, жыхары Сыхему зрабілі засаду на яго на вяршыні гары, і нападалі на кожнага, хто праходзіў тою дарогаю. І паведамлена было пра гэта Абімэлеху.
А прыйшоў і Гаал, сын Эвэдаў, з братамі сваімі ў Сіхем, і хадзілі яны па Сіхеме, і жыхары Сіхемскія даверыліся яму.
Тады Гаал, сын Эбэда, прыйшоў з братамі сваімі ў Сыхем, і жыхары Сыхему паверылі яму.
І выйшлі ў поле, і зьбіралі вінаград свой, і ціснулі ў чавілах, і ладзілі сьвяты, хадзілі ў дом бога свайго, і елі і пілі, і пракліналі Авімэлэха.
І выйшлі яны ў поле, і рвалі вінаград, і выціскалі яго, і сьвяткавалі. І ўвайшлі яны ў сьвятыню бога свайго, там елі, і пілі, і пракліналі Абімэлеха.
Гаал, сын Эвэдаў, казаў: хто Авімэлэх і што Сіхем, каб мы служылі яму? Служэце лепей нашчадкам Эмора, бацькі Сіхемавага, а яму навошта, каб мы служылі?
І казаў Гаал, сын Эбэда: «Хто такі Абімэлех, і хто такі Сыхем, каб мелі мы служыць яму? Ці ж ён не сын Еруббаала, а Зэбул — урадовец ягоны? Лепш служыце людзям Гамора, бацькі Сыхема. Навошта мы будзем служыць [Абімэлеху]?
калі б хто даў народ гэты ў рукі мае, я прагнаў бы Авімэлэха. І сказана было Авімэлэху: памнож войска тваё і выходзь.
Калі б хто аддаў гэты народ пад руку маю, я прагнаў бы Абімэлеха і сказаў бы яму: “Зьбяры войска сваё і ідзі адсюль!”»
Зэвул, правадыр горада, пачуў словы Гаала, сына Эвэдавага, і запалаў гнеў ягоны.
І Зэбул, начальнік гораду, чуючы гаворку Гаала, сына Эбэда, вельмі раззлаваўся,
Ён хітрым чынам адпраўляе паслоў да Авімэлэха, каб сказаць: вось Гаал, сын Эвэдаў, і браты ягоныя прыйшлі ў Сіхем, і вось, яны бунтуюць супроць цябе горад;
і паслаў таемна пасланцоў да Абімэлеха, кажучы: «Вось, Гаал, сын Эбэда, і браты ягоныя прыйшлі ў Сыхем і збунтавалі народ супраць цябе.
дык вось, устань уначы, ты і народ, які з табою, і пастаў засаду ў полі;
Дык устань уначы ты і народ твой, і зрабіце засаду ў полі.
а раніцай, як узыходзіць сонца, устань рана і падступіся да горада; і калі ён і народ, які ў яго, выйдуць да цябе, тады рабі зь імі, што можа рука твая.
А раніцаю, калі сонца ўзыйдзе, падрыхтуйся і нападзі на горад. І калі ён і народ, які з ім, выйдзе супраць цябе, зробіш з ім тое, што зможа рука твая».
І ўстаў уначы Авімэлэх і ўвесь народ, які быў зь ім, і паставілі ў засаду каля Сіхема чатыры атрады.
І ўстаў Абімэлех і народ ягоны ўначы, і ў чатырох месцах зрабілі засаду супраць Сыхему.
Раніцай Гаал, сын Эвэдаў, выйшаў і стаў каля брамы гарадское; і ўстаў Авімэлэх і народ, які быў зь ім, з засады.
Калі Гаал, сын Эбэда, выйшаў і стаў у браме гораду, выйшаў таксама і Абімэлех і ўсё войска з ім з засады.
Гаал, убачыўшы народ, кажа Зэвулу: вось, народ спускаецца зь вяршыняў гор. А Зэвул сказаў яму: цень гор здаецца табе людзьмі.
Гаал убачыў войска і зьвярнуўся да Зэбула: «Вось, нейкія людзі зыходзяць з вяршыні гары». Адказаў яму Зэбул: «Гэта цень гары, а табе здаецца, што людзі».
Гаал зноў казаў і сказаў: вось, народ спускаецца з узвышша, і адзін атрад ідзе ад дуба Мэнаім.
Зноў Гаал сказаў: «Вось, нейкія людзі зыходзяць з вяршыні, а адзін аддзел ідзе дарогаю ад Элон-Мэанэніму».
І сказаў яму Зэвул: дзе вусны твае, якія казалі: «хто Авімэлэх, каб мы сталі служыць яму?» гэта той народ, якім ты пагарджаў; выходзь цяпер і падужайся зь ім.
І сказаў яму Зэбул: «Дзе ж цяпер вусны твае, якія казалі: “Хто такі Абімэлех, каб мелі мы яму служыць?” Ці ж гэта ня той народ, якім ты пагарджаеш? Ідзі і ваюй супраць яго».
І пайшоў Гаал наперадзе жыхароў Сіхемскіх і біўся з Авімэлэхам.
І пайшоў Гаал на чале жыхароў Сыхему, і ваяваў супраць Абімэлеха.
І пагнаўся за ім Авімэлэх, і пабег ён ад яго, і многа ўпала забітых да самае брамы горада.
І гнаў яго Абімэлех, і ён уцякаў, і загінула мноства з боку [Гаала] ў дарозе да брамы гораду.
І застаўся Авімэлэх у Аруме, а Гаала і братоў ягоных Зэвул выгнаў, каб яны ня жылі ў Сіхеме.
І Абімэлех вярнуўся ў Аруму, а Гаала і братоў ягоных Зэбул выгнаў, і забараніў ім жыць у Сыхеме.
На другі дзень выйшаў народ у поле, і данесьлі пра гэта Авімэлэху.
І назаўтра выйшаў народ у поле, і было пра гэта паведамлена Абімэлеху.
Ён узяў свой народ і падзяліў яго на тры атрады і паставіў у засадзе ў полі. І ўбачыўшы, што народ выйшаў з горада, паўстаў на іх і пабіў іх.
І ён сабраў войска сваё, падзяліў на тры дружыны, і зрабіў засаду ў полі, і, бачачы, што народ выходзіць з гораду, напаў і пабіў іх.
Тым часам як Авімэлэх і атрады, што былі зь ім, падступіліся і сталі каля брамы гарадское, два другія атрады напалі на ўсіх, што былі ў полі, і забівалі іх.
У час, калі Абімэлех і дружына ягоная напалі і сталі пад брамай гораду, дзьве другія дружыны напалі на ўсіх тых, якія былі ў полі, і пабілі іх.
І біўся Авімэлэх з горадам увесь той дзень, і ўзяў горад, і пабіў народ, што быў у ім, і разбурыў горад і засеяў яго сольлю.
І Абімэлех увесь той дзень аблягаў горад, і здабыў яго, і выбіў людзей ягоных, і пасьля зьнішчэньня яго пасыпаў яго сольлю.
Дачуўшыся пра гэта, усе: што былі ў вежы Сіхемскай, пайшлі ў вежу капішча Ваал-Вэрыта.
Калі гэта пачулі тыя, што былі ў вежы Сыхемскай, зыйшлі ў сутарэньні дому Баал-Бэрыта.
Авімэлэху было данесена, што сабраліся туды ўсе, што былі ў вежы Сіхемскай.
Абімэлех, пачуўшы, што ўсе князі Сыхемскія схаваліся там,
І пайшоў Авімэлэх на гару Сэлмон, сам і ўвесь народ, што быў зь ім, і ўзяў Авімэлэх сякеры з сабою і насек гальля, і паклаў на плечы свае, і сказаў народу, які быў зь ім: вы бачылі, што я рабіў; хутчэй рабеце і вы тое самае, што і я.
з усім народам сваім падняўся на гару Цальмон, і ўзяў сякеру, і адсек сук ад дрэва, і ўзлажыў на плячо, і загадаў народу, які быў з ім: «Што я раблю, і вы рабіце».
І насек кожны з усяго народу гальля, і пайшлі за Авімэлэхам, і паклалі да вежы, і спалілі вежу агнём, і памерлі ўсе, што былі ў вежы Сіхемскай, каля тысячы мужчын і жанчын.
І яны, хутка насекшы гальля з дрэваў, пайшлі за ім, і заклалі сутарэньні, а пасьля падпалілі. І ад агню і дыму ўсе людзі пагінулі, а было каля тысячы мужчынаў і жанчынаў, усе жыхары Сыхему.
Потым пайшоў Авімэлэх у Тэвец, і аблажыў Тэвец і ўзяў яго.
Адтуль пайшоў Абімэлех на Тэбэц, і аблягаў Тэбэц, і здабыў яго.
Сярод горада была вялікая вежа, і ўцякалі туды ўсе мужчыны і жанчыны і ўсе жыхары горада, і замкнуліся і ўзышлі на дах вежы.
А ў сярэдзіне гораду была моцная вежа, у якой схаваліся ўсе мужчыны і жанчыны, усе жыхары гораду, і, моцна замкнуўшы браму, узыйшлі на верх той вежы.
Авімэлэх прыйшоў да вежы і атачыў яе і падышоў да дзьвярэй вежы, каб спаліць яе агнём.
Абімэлех падыйшоў пад самую вежу і пачаў яе здабываць. І калі падыйшоў да брамы вежы, жадаючы падлажыць пад яе агонь,
Тады адна жанчына скінула абломак жарона на галаву Авімэлэху і праламала яму чэрап.
нейкая жанчына кінула яму на галаву камень і разьбіла чэрап.
Авімэлэх адразу паклікаў хлопчыка, збраяносца свайго, і сказаў яму: агалі меч твой і ўсьмерці мяне, каб не сказалі пра мяне: жанчына забіла яго. І пракалоў яго хлопчык, і ён узяў і памёр.
Тады ён паклікаў збраяносца свайго і сказаў яму: «Дастань меч твой і забі мяне, каб не казалі, што я забіты жанчынаю». І ўдарыў яго юнак мячом, і ён памёр.
Ізраільцяне, убачыўшы, што памёр Авімэлэх, пайшлі кожны ў сваё месца.
Пасьля сьмерці ягонай усе мужчыны Ізраіля, бачачы гэта, вярнуліся ў пасяленьні свае.
Так аддаў Бог Авімэлэху за зладзейства, якое ўчыніў бацьку свайму, забіўшы семдзесят братоў сваіх.
Так Бог вярнуў Абімэлеху за зло, якое ён зрабіў бацьку свайму, забіваючы семдзясят братоў сваіх.
І ўсе зладзействы жыхароў Сіхемскіх абярнуў Бог на галаву іх; і спасьцігла іх пракляцьце Ёфама, сына Ераваалавага.
Таксама жыхарам Сыхему было вернута за ўсё, што яны зрабілі, і на іх прыйшоў праклён Ётама, сына Еруббаала.