Судзьдзяў 9 разьдзел
Кніга Судзьдзяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
Авімэлэх, сын Ераваалаў, пайшоў у Сіхем да братоў маці сваёй і казаў ім і ўсяму роду бацькі маці сваёй і сказаў:
Абімэлех жа, сын Ерабаала, пайшоў у Сіхэм да братоў маці сваёй і сказаў ім і ўсяму роду з дому маці сваёй, кажучы:
голасна кажэце ўсім жыхарам Сіхемскім: што лепей вам, ці каб валодалі вамі ўсе семдзесят сыноў Ераваалавых, ці каб валодаў адзін, і ўспомніце, што я костка і плоць ваша.
«Скажыце ўсім людзям у Сіхэме: “Што вам лепш: каб валадарылі над вамі ўсе семдзесят сыноў Ерабаала ці каб валадарыў над вамі адзін чалавек? І прытым майце на ўвазе, што я — косць з косці вашай і цела з цела вашага”».
Браты ягонай маці казалі пра яго ўсе гэтыя словы жыхарам Сіхемскім; і схілілася сэрца іхняе да Авімэлэха, бо яны казалі: ён брат наш.
І браты маці яго расказвалі пра яго ўсім людзям у Сіхэме ўсімі гэтымі словамі, і сэрцы іх прыхіліліся да Абімэлеха, бо яны казалі: «Гэта брат наш!»
І далі яму семдзесят сікляў срэбра з дома Ваалвэрыта; Авімэлэх наняў на іх гультаёў і свавольных людзей, якія і пайшлі за ім.
І далі яму семдзесят сікляў срэбра з дома Баал-Бэрыта; ён сабраў сабе адтуль людзей наёмных і бадзяжных, якія пайшлі за ім.
І прыйшоў ён у дом бацькі свайго ў Офру і забіў братоў сваіх, семдзесят сыноў Ераваалавых, на адным камені. Застаўся толькі Ётам, малодшы сын Ераваалаў, бо схаваўся.
І вярнуўся ён у дом бацькі свайго ў Эфры, і на адным камені забіў сваіх братоў, сыноў Ерабаала, семдзесят чалавек. І не забіў толькі Ёатама, наймалодшага сына Ерабаала, бо ён схаваўся.
І сабраліся ўсе жыхары Сіхемскія і ўвесь дом Міло, і пайшлі і паставілі царом Авімэлэха каля дуба, што паблізу Сіхема.
І сабраліся ўсе мужчыны з Сіхэма і ўвесь Бэт-Міло, і пайшлі ды паставілі Абімэлеха царом каля дуба, што стаяў у Сіхэме.
Калі расказалі пра гэта Ётаму, ён пайшоў і стаў на вяршыню гары Гарызіма і, узвысіўшы голас свой, крычаў і казаў ім: паслухайце мяне, жыхары Сіхема, і паслухае вас Бог!
Калі паведамілі аб гэтым Ёатаму, ён пайшоў і стаў на вяршыні гары Гарызім і, павысіўшы голас, усклікнуў і сказаў: «Слухайце мяне, людзі Сіхэма, і хай пачуе вас Бог.
Пайшлі неяк дрэвы памазаць над сабою цара і сказалі масьліне: царуй над намі.
Сабраліся дрэвы, каб выбраць сабе цара, і сказалі яны аліўцы: “Царуй над намі.”
Масьліна сказала ім: няўжо я пакіну тлушч мой, якім ушаноўваюць багоў і людзей, і пайду бадзяцца па дрэвах?
Яна адказала: “Ці ж магу я вырачыся сваёй сакавітасці, якой ганарацца і багі, і людзі, і пайсці, каб хістацца па-над дрэвамі?”
І сказалі дрэвы смакоўніцы: ідзі ты, царуй над намі.
Дык сказалі дрэвы дрэву фігаваму: “Хадзі і прымі цараванне над намі”.
Смакоўніца сказала ім: ці ж я пакіну саладосьць маю і добры плод і пайду бадзяцца па дрэвах?
Адказала ім дрэва фігавае: “Ці ж маю я вырачыся салодкасці сваёй і найпрыемнейшых пладоў і ісці, каб хістацца па-над другімі дрэвамі?”
І сказалі дрэвы вінаграднай лазе: ідзі ты, царуй над намі.
Таксама сказалі дрэвы вінаграду: “Хадзі і будзь царом над намі”.
Вінаградная лаза сказала ім: ці ж я пакіну сок мой, які весяліць багоў і людзей, і пайду бадзяцца па дрэвах?
Вінаградная лаза сказла ім: “Ці магу вырачыся свайго віна, што весяліць багоў і людзей, каб хістацца па-над дрэвамі?”
Нарэшце сказалі ўсе дрэвы цярноўніку: ідзі ты, царуй над намі.
І сказалі ўсе дрэвы крушыне: “Хадзі і будзь царом над намі!”
Цярноўнік сказаў дрэвам: калі вы сапраўды ставіце мяне царом над сабою, дык ідзеце, пакойцеся ў цяні маім; калі ж не, дык выйдзе агонь зь цярноўніка і папаліць кедры Ліванскія.
Адказала ім крушына: “Калі сапраўды хочаце мяне памазаць на цара, то хадзіце і адпачніце ў маёй засені; а калі не жадаеце, хай агонь выйдзе з цярніны і спаліць кедры лібанскія!”
Дык вось глядзеце, паводле ісьціны і паводле праўды вы ўчынілі, паставіўшы Авімэлэха царом? і ці добра вы зрабілі зь Ераваалам і домам ягоным, і ці адпаведна яго дабрадзействам учынілі вы?
Такім чынам, цяпер, калі справядліва і без граху вы паставілі над сабой царом Абімэлеха, і калі добра абышліся з Ерабаалам і з домам яго, і адплацілі за дабрадзействы таго,
За вас бацька мой змагаўся, не даражыў жыцьцём сваім і вызваліў вас з-пад рукі Мадыяніцянаў;
хто ваяваў за вас і жыццё сваё ставіў пад небяспеку, каб выратаваць вас з рук мадыянцаў,
а вы цяпер паўсталі супроць дома бацькі майго і забілі семдзесят сыноў бацькі майго на адным камені і паставілі царом над жыхарамі Сіхемскімі Авімэлэха, сына рабыні ягонай, бо ён брат ваш.
а вы сёння паўсталі супраць дому бацькі майго і забілі сыноў яго семдзесят чалавек на адным камені, і выбралі сабе царом Абімэлеха, сына паслугачкі яго, над жыхарамі Сіхэма, бо ён брат ваш;
Калі вы сёньня паводле ісьціны і паводле праўды ўчынілі зь Ераваалам і домам ягоным, дык радуйцеся за Авімэлэха, і хай радуецца за вас;
дык калі справядліва ўчынілі вы і без памылкі з Ерабаалам і домам яго сёння, то цешцеся з Абімэлеха, і хай ён цешыцца з вас.
а калі не, дык хай выйдзе агонь з Авімэлэха і хай папаліць жыхароў Сіхемскіх і ўвесь дом Міло, і хай выйдзе агонь з жыхароў Сіхемскіх і з дома Міло і хай папаліць Авімэлэха.
Калі ж крывадушна зрабілі, хай агонь выйдзе з Абімэлеха і спаліць жыхароў Сіхэма і Бэт-Міло і хай выйдзе агонь з жыхароў Сіхэма і Бэт-Міло і спаліць Абімэлеха!»
І пабег Ётам, і ўцёк і пайшоў у Бээр, і жыў там, хаваючыся ад брата свайго Авімэлэха.
Калі гэта Ёатам сказаў, ён уцёк і адышоў у Бэру і абжыўся там, баючыся брата свайго Абімэлеха.
Авімэлэх жа цараваў над Ізраілем тры гады.
І цараваў над Ізраэлем Абімэлех тры гады.
І паслаў Бог злога духа паміж Авімэлэхам і жыхарамі Сіхема, і перасталі карыцца жыхары Сіхемскія Авімэлэху,
І пусціў Бог духа найгоршага між Абімэлехам і жыхарамі Сіхэма, якія ўзбунтаваліся супраць яго,
каб такім чынам адбылася помста за семдзесят сыноў Ераваалавых, і кроў іхняя абярнулася на Авімэлэха, брата іхняга, які забіў іх, і на жыхароў Сіхемскіх, якія ўмацавалі рукі ягоныя, каб забіць братоў сваіх.
каб злачынства забойства сямідзесяці сыноў Ерабаала і праліццё крыві іх павярнулася на Абімэлеха, брата іх, і на жыхароў Сіхэма, якія яму дапамагалі.
Жыхары Сіхемскія пасадзілі супроць яго ў засаду людзей на вяршынях гор, якія рабавалі кожнага, хто праходзіў міма іх па дарозе. Пра гэта данесена было Авімэлэху.
І жыхары Сіхэма зрабілі засаду на яго на вяршыні гары, і ўчынялі напады, рабуючы кожнага, хто праходзіў тою дарогаю. І паведамлена было аб гэтым Абімэлеху.
А прыйшоў і Гаал, сын Эвэдаў, з братамі сваімі ў Сіхем, і хадзілі яны па Сіхеме, і жыхары Сіхемскія даверыліся яму.
Тады Гаал, сын Абэда, прыйшоў з братамі сваімі ў Сіхэм, і жыхары Сіхэма паверылі яму.
І выйшлі ў поле, і зьбіралі вінаград свой, і ціснулі ў чавілах, і ладзілі сьвяты, хадзілі ў дом бога свайго, і елі і пілі, і пракліналі Авімэлэха.
І, выйшаўшы на палі, рвалі яны вінаградныя лозы, і выціскалі вінаградныя гронкі, і, утварыўшы хоры спевакоў, увайшлі яны ў святыню бога свайго, і між снеданнем і выпіўкай пракліналі Абімэлеха,
Гаал, сын Эвэдаў, казаў: хто Авімэлэх і што Сіхем, каб мы служылі яму? Служэце лепей нашчадкам Эмора, бацькі Сіхемавага, а яму навошта, каб мы служылі?
калі казаў Гаал, сын Абэда: «Хто такі Абімэлех і хто такі Сіхэм, каб мелі мы служыць яму? Ці ж ён не сын Ерабаала, а Зэбул — яго ўрадовец? Служыце людзям Гамора, бацькі Сіхэма! Навошта мы будзем яму служыць?
калі б хто даў народ гэты ў рукі мае, я прагнаў бы Авімэлэха. І сказана было Авімэлэху: памнож войска тваё і выходзь.
Каб хто аддаў гэты народ пад маю руку, я прагнаў бы Абімэлеха і сказаў бы яму: “Збяры сваё вялікае войска і прыходзь!”»
Зэвул, правадыр горада, пачуў словы Гаала, сына Эвэдавага, і запалаў гнеў ягоны.
Зэбул, кіраўнік горада, пачуўшы гаворку Гаала, сына Абэда, вельмі раззлаваўся
Ён хітрым чынам адпраўляе паслоў да Авімэлэха, каб сказаць: вось Гаал, сын Эвэдаў, і браты ягоныя прыйшлі ў Сіхем, і вось, яны бунтуюць супроць цябе горад;
і паслаў таемна пасланцоў да Абімэлеха, паведамляючы: «Вось, Гаал, сын Абэда, і яго браты прыбылі ў Сіхэм і падбухторваюць горад супраць цябе.
дык вось, устань уначы, ты і народ, які з табою, і пастаў засаду ў полі;
Дык устань уночы ты і народ твой і схавайцеся ў полі.
а раніцай, як узыходзіць сонца, устань рана і падступіся да горада; і калі ён і народ, які ў яго, выйдуць да цябе, тады рабі зь імі, што можа рука твая.
А раніцай, калі сонца ўзыдзе, нападзі на горад, а калі ён і народ, які з ім, выйдзе супраць цябе, зробіш з ім тое, што зможаш».
І ўстаў уначы Авімэлэх і ўвесь народ, які быў зь ім, і паставілі ў засаду каля Сіхема чатыры атрады.
Дык устаў Абімэлех з усім войскам сваім уночы і ў чатырох месцах зрабілі засаду супраць Сіхэма.
Раніцай Гаал, сын Эвэдаў, выйшаў і стаў каля брамы гарадское; і ўстаў Авімэлэх і народ, які быў зь ім, з засады.
І Гаал, сын Абэда, выйшаў і стаў на ўваходзе ў браму горада; устаў таксама і Абімэлех і ўсё войска з ім з месца засады.
Гаал, убачыўшы народ, кажа Зэвулу: вось, народ спускаецца зь вяршыняў гор. А Зэвул сказаў яму: цень гор здаецца табе людзьмі.
І калі Гаал убачыў войска, ён звярнуўся да Зэбула: «Вось, мноства людзей сыходзіць з гор». Адказаў яму Зэбул: «Гэта цені гор, а табе здаецца, што людзі».
Гаал зноў казаў і сказаў: вось, народ спускаецца з узвышша, і адзін атрад ідзе ад дуба Мэнаім.
І зноў Гаал кажа: «Вось, народ сыходзіць з сярэдзіны зямлі, а адзін клін ідзе па дарозе Аўгуравых Дубоў».
І сказаў яму Зэвул: дзе вусны твае, якія казалі: «хто Авімэлэх, каб мы сталі служыць яму?» гэта той народ, якім ты пагарджаў; выходзь цяпер і падужайся зь ім.
Тады сказаў яму Зэбул: «Дзе ж твае вусны цяпер, якімі ты казаў: “Хто такі Абімэлех, каб мелі мы яму служыць?” Ці ж гэта не той народ, якім ты пагарджаеш? Ідзі і ваюй супраць яго».
І пайшоў Гаал наперадзе жыхароў Сіхемскіх і біўся з Авімэлэхам.
Дык пайшоў Гаал, бо глядзеў на яго народ сіхэмцаў, і ваяваў супраць Абімэлеха.
І пагнаўся за ім Авімэлэх, і пабег ён ад яго, і многа ўпала забітых да самае брамы горада.
Гнаў яго Абімэлех, і ён уцякаў, і загінулі вельмі многія з яго боку ў дарозе да брамы горада.
І застаўся Авімэлэх у Аруме, а Гаала і братоў ягоных Зэвул выгнаў, каб яны ня жылі ў Сіхеме.
І Абімэлех вярнуўся ў Аруму; а Гаала і братоў яго Зэбул выгнаў з горада, забараніўшы ім жыць у ім.
На другі дзень выйшаў народ у поле, і данесьлі пра гэта Авімэлэху.
І назаўтра выйшаў народ на поле. Паколькі было аб гэтым паведамлена Абімэлеху,
Ён узяў свой народ і падзяліў яго на тры атрады і паставіў у засадзе ў полі. І ўбачыўшы, што народ выйшаў з горада, паўстаў на іх і пабіў іх.
ён сабраў войска сваё і падзяліў на тры дружыны, зрабіўшы засаду ў палях. І, бачачы, што народ выходзіць з горада, устаў і пабіў іх.
Тым часам як Авімэлэх і атрады, што былі зь ім, падступіліся і сталі каля брамы гарадское, два другія атрады напалі на ўсіх, што былі ў полі, і забівалі іх.
І ён са сваёй дружынай напаў і захапіў уваход у браму горада; а дзве другія дружыны пабілі ворагаў, якія разбегліся па полі.
І біўся Авімэлэх з горадам увесь той дзень, і ўзяў горад, і пабіў народ, што быў у ім, і разбурыў горад і засеяў яго сольлю.
Затым Абімэлех увесь той дзень атакаваў горад, і здабыў яго, і, забіўшы жыхароў яго, а сам горад знішчыўшы, пасыпаў яго соллю.
Дачуўшыся пра гэта, усе: што былі ў вежы Сіхемскай, пайшлі ў вежу капішча Ваал-Вэрыта.
Калі гэта пачулі тыя, што былі ў Сіхэмскай вежы, яны сышлі ў падзямелле свяцілішча Эль-Бэрытаa.
Авімэлэху было данесена, што сабраліся туды ўсе, што былі ў вежы Сіхемскай.
Таксама Абімэлех, пачуўшы, што ўсе людзі з Сіхэмскай вежы схаваліся ў адным месцы,
І пайшоў Авімэлэх на гару Сэлмон, сам і ўвесь народ, што быў зь ім, і ўзяў Авімэлэх сякеры з сабою і насек гальля, і паклаў на плечы свае, і сказаў народу, які быў зь ім: вы бачылі, што я рабіў; хутчэй рабеце і вы тое самае, што і я.
з усім народам сваім падняўся на гару Сэлмон, і, узяўшы сякеру, адсек сук ад дрэва, і, несучы яго ўскладзеным на плячо, загадаў тым, хто быў з ім: «Вы бачыце, што я раблю, — хутка рабіце тое ж».
І насек кожны з усяго народу гальля, і пайшлі за Авімэлэхам, і паклалі да вежы, і спалілі вежу агнём, і памерлі ўсе, што былі ў вежы Сіхемскай, каля тысячы мужчын і жанчын.
І яны, навыперадкі адсякаючы галлё з дрэў, пайшлі за кіраўніком, і падпалілі галлё, якім абклалі падзямелле; і здарылася так: ад дыму і агню ўсе людзі пагінулі, каля тысячы мужчын, і столькі ж жанчын, жыхароў Сіхэмскай вежы.
Потым пайшоў Авімэлэх у Тэвец, і аблажыў Тэвец і ўзяў яго.
А адтуль выправіўшыся, Абімэлех прыйшоў да горада Тэбэц, які ён абкладваў, і здабыў яго.
Сярод горада была вялікая вежа, і ўцякалі туды ўсе мужчыны і жанчыны і ўсе жыхары горада, і замкнуліся і ўзышлі на дах вежы.
А ў сярэдзіне горада была моцная вежа, у якой схаваліся і мужчыны, і жанчыны, і ўсе грамадзяне горада, вельмі моцна замкнуўшы браму, і ўзышлі на дах той вежы, стаўшы ўздоўж умацаванняў.
Авімэлэх прыйшоў да вежы і атачыў яе і падышоў да дзьвярэй вежы, каб спаліць яе агнём.
І Абімэлех, падышоўшы пад самую вежу, настойліва змагаўся, і, наблізіўшыся, ён пажадаў падпаліць браму.
Тады адна жанчына скінула абломак жарона на галаву Авімэлэху і праламала яму чэрап.
І вось, нейкая жанчына скінула на галаву Абімэлеха даволі вялікі камень, што ляжаў наверсе, і разбіла чэрап яго.
Авімэлэх адразу паклікаў хлопчыка, збраяносца свайго, і сказаў яму: агалі меч твой і ўсьмерці мяне, каб не сказалі пра мяне: жанчына забіла яго. І пракалоў яго хлопчык, і ён узяў і памёр.
Ён хутка паклікаў свайго збраяносца і сказаў яму: «Дастань меч свой і забі мяне, каб часам не сказалі, што я забіты жанчынаю». Ён ударыў яго мечам. І, калі ён памёр,
Ізраільцяне, убачыўшы, што памёр Авімэлэх, пайшлі кожны ў сваё месца.
усе мужчыны Ізраэля, бачачы гэта, вярнуліся ў свае пасяленні.
Так аддаў Бог Авімэлэху за зладзейства, якое ўчыніў бацьку свайму, забіўшы семдзесят братоў сваіх.
Так Бог аддаў яму за зло, якое зрабіў Абімэлех бацьку свайму, забіўшы семдзесят братоў сваіх.
І ўсе зладзействы жыхароў Сіхемскіх абярнуў Бог на галаву іх; і спасьцігла іх пракляцьце Ёфама, сына Ераваалавага.
Таксама жыхарам Сіхэма было аддадзена за ўсё, што яны зрабілі, і на іх прыйшоў праклён Ёатама, сына Ерабаала.