3 царстваў 1 разьдзел
Трэйцяя кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
І цар Давід састарыўся, увайшоў у сталы век, дык накрывалі яго вопраткай, але ня мог сагрэцца.
І цар Давід састарэўся і меў вельмі шмат гадоў; і не мог ён сагрэцца, хоць накрывалі яго коўдрамі.
І сказалі яму слугі ягоныя: няхай пашукаюць гаспадару нашаму цару маладую дзяўчыну, каб яна стаяла перад царом і хадзіла за ім і ляжала зь ім, — і будзе цёпла гаспадару нашаму цару.
І сказалі паслугачы яго: «Трэба знайсці гаспадару нашаму, цару, маладую дзяўчыну, і хай яна стане перад царом, і клапоціцца аб ім, і хай спіць на яго грудзях, і грэе гаспадара нашага, цара».
І шукалі прыгожую дзяўчыну ва ўсіх межах Ізраільскіх, і знайшлі Авісагу Сунаміцянку, і прывялі яе да цара.
І шукалі прыгожую маладую дзяўчыну па ўсёй зямлі Ізраэльскай, і знайшлі Абісаг, сунаміцянку, і прывялі яе да цара.
Дзяўчына была вельмі прыгожая, і хадзіла яна за царом і прыслужвала яму; але цар не спазнаў яе.
Дзяўчына ж была вельмі прыгожая; і яна апекавалася над царом і паслугавала яму, але цар не дакрануўся да яе.
Аданія, сын Агіты, заганарыўшыся, казаў: я буду царом. І завёў сабе калясьніцы і коньнікаў і пяцьдзясят чалавек скараходаў.
А Адонія, сын Хагіт, узганарыўся і казаў: «Я буду цараваць!» І займеў ён сабе калясніцу, і коннікаў, і пяцьдзесят чалавек, што беглі перад ім.
А бацька ніколі не назаляўся яму пытаньнем: навошта ты гэта робіш? А ён быў вельмі прыгожы і нарадзіўся ў яго пасьля Авэсалома.
І бацька яго ніколі з ім не сварыўся, кажучы: «Нашто ты гэта зрабіў?» А быў ён і сам вельмі прыгожы, другі сын па Абсаломе.
І раіўся ён зь Ёавам, сынам Саруіным, і з Авіятарам сьвятаром, і яны дапамагалі Аданію.
Ён дамовіўся з Ёабам, сынам Сэруі, і з Абіятарам, святаром, якія дапамагалі Адоніі.
Але сьвятар Садок і Ванэя, сын Ёдаеў, і прарок Натан, і Сэмэй, і Рысій, і мацакі Давідавыя ня былі на баку Аданіі.
Але Садок, святар, і Баная, сын Ёяды, і Натан, прарок, і Сямэй, і Рэй, і моцнае войска Давіда не былі на баку Адоніі.
І закалоў Аданія авечак і валоў і цялят каля каменя Захэлэт, што каля крыніцы Рагэль, і запрасіў усіх братоў сваіх, сыноў цара, з усімі Юдэямі, якія служылі ў цара.
Так, Адонія, забіўшы авечак, і цялят, і тлустую жывёлу каля каменя Загэлет, які быў блізка каля крыніцы Рагель, запрасіў усіх братоў сваіх, сыноў цара, і ўсіх людзей юдэйскіх, паслугачоў цара;
А прарока Натана і Ванэю, і тых мацакоў, і Саламона, брата свайго, не запрасіў.
а прарока Натана, і Банаю, і ўсіх ваяроў, і свайго брата Саламона не запрасіў.
Тады Натан сказаў Вірсавіі, маці Саламонавай, кажучы: ці чула ты, што Аданія, сын Агітын, зрабіўся царом, а гаспадар наш Давід, ня ведае пра тое?
Дык сказаў Натан Бэтсэбе, маці Саламона: «Ці ты не чула, што царуе Адонія, сын Хагіт, і што гаспадар наш Давід гэтага не ведае?
Цяпер, вось, я раю табе: ратуй жыцьцё тваё і жыцьцё сына твайго Саламона.
Дык хачу табе параіць, каб захавала ты жыццё сваё і сына свайго Саламона.
Ідзі і ўвайдзі да цара Давіда і скажы яму: ці не прысягаўся ты, гаспадару мой цар, рабыні тваёй, кажучы: сын твой Саламон будзе царом пасьля мяне, і ён сядзе на троне маім? Чаму ж зацараваў Аданія?
І ідзі, і ўвайдзі да цара Давіда, і скажы яму: “Гаспадару мой, цар, ці не прысягнуў ты мне, паслугачцы тваёй, кажучы: “Саламон, сын твой, будзе па мне цараваць, і ён будзе сядзець на маім пасадзе?” Дык чаму царуе Адонія?”
І вось, калі ты яшчэ будзеш гаварыць з царом, увайду і я сьледам за табою і дапоўню словы твае.
І калі ты яшчэ будзеш размаўляць там з царом, за табою прыйду я і падтрымаю словы твае».
Вірсавія пайшла да цара ў спальню; цар быў вельмі стары, і Авісага Сунаміцянка прыслужвала цару;
Тады Бэтсэба ўвайшла да цара ў спальню; цар жа быў надта стары, і сунаміцянка Абісаг паслугавала яму.
і нахілілася Вірсавія і пакланілася цару; і сказаў цар: што табе?
І ўкленчыла Бэтсэба, і пакланілася цару; а цар звярнуўся да яе: «Чаго ты хочаш сабе?»
Яна сказала яму: гаспадару мой цару! ты прысягаў рабе тваёй Госпадам Богам тваім: сын твой Саламон будзе валадарыць пасьля мяне і ён сядзе на троне маім.
Яна адказала яму: «Гаспадару мой, ты прысягнуў Госпадам, Богам тваім, паслугачцы тваёй: “Саламон, сын твой, будзе цараваць пасля мяне і ён будзе сядзець на пасадзе маім”,
А цяпер, вось, Аданія зацараваў, і ты, гаспадару мой цару, ня ведаеш пра тое.
а вось цяпер Адонія царуе, калі ты, гаспадар мой, цар, не ведаеш пра гэта.
І закалоў ён многа валоў, цялят і авечак і запрасіў усіх сыноў царскіх і сьвятара Авіятара і ваеначальніка Ёава: а Саламона, раба твайго, не запрасіў.
Забіў ён валоў, і ўсю тлустую жывёлу, і мноства авечак, і запрасіў усіх сыноў цара, таксама Абіятара, святара, і Ёаба, кіраўніка войска; а Саламона, паслугача твайго, не паклікаў.
А ты, гаспадару мой, — цар, і вочы ўсіх Ізраільцянаў глядзяць на цябе, каб ты абвясьціў ім, хто сядзе на троне гаспадара майго цара пасьля яго;
Але ты, гаспадару мой, — цар, на цябе звернуты вочы ўсяго Ізраэля, каб ты яму аб’явіў, хто па табе, гаспадар мой, цар, павінен сядзець на тваім пасадзе!
інакш, калі гаспадар мой цар спачне з бацькамі сваімі, упадзе віна на мяне і на сына майго Саламона.
Інакш, калі ты, гаспадар мой, цар, заснеш з бацькамі сваімі, на мяне і на сына майго Саламона спадзе абвінавачванне».
Калі яна яшчэ гаварыла з царом, прыйшоў і прарок Натан.
Калі яна яшчэ гаварыла з царом, прыйшоў і прарок Натан.
І сказалі цару, кажучы: вось, Натан прарок. І ўвайшоў ён да цара і пакланіўся цару тварам да зямлі.
І паведамілі аб гэтым цару, кажучы: «Вось, Натан, прарок». І калі ўвайшоў ён перад аблічча цара, і пакланіўся яму нізка да зямлі,
І сказаў Натан: гаспадару мой цар! ці сказаў ты: Аданія будзе валадарыць пасьля мяне і ён сядзе на троне маім?
сказаў Натан: «Гаспадару мой, цар, ці ты сказаў: “Адонія хай царуе пасля мяне, і хай ён сядзе на пасад мой?”
Бо ён сёньня сышоў і закалоў многа валоў, цялят і авечак і запрасіў усіх сыноў царскіх і ваеначальнікаў і сьвятара Авіятара, і вось, яны ядуць і п’юць у яго і кажуць: хай жыве цар Аданія!
Таму што сёння ён пайшоў і забіў у ахвяру валоў, і тлустую жывёлу, і мноства авечак, і запрасіў усіх сыноў царскіх, і начальнікаў войска, і святара Абіятара, і яны разам з ім ядуць, і п’юць, і гамоняць: “Хай жыве цар Адонія!”
А мяне, раба твайго, і сьвятара Садока, і Ванэю, сына Ёдаевага, і Саламона, раба твайго, не запрасіў.
А мяне, твайго паслугача, і святара Садока, і Банаю, сына Ёяды, і Саламона, паслугача твайго, ён не запрасіў.
Ці ня сталася гэта па волі гаспадара майго цара, і чаму ты не адкрыў рабу твайму, хто сядзе на троне гаспадара майго цара пасьля яго?
Ці не сталася гэта па волі гаспадара майго, цара, і чаму ты не аб’явіў мне, слузе твайму, хто будзе сядзець на пасадзе гаспадара майго, цара, пасля яго?»
І адказаў цар Давід і сказаў: паклічце да мяне Вірсавію. І ўвайшла яна і стала перад царом.
І ў адказ сказаў цар Давід: «Паклічце да мяне Бэтсэбу». Калі ўвайшла яна да цара і стала перад ім,
І прысягаў цар і сказаў: жывы Гасподзь, Які выбаўляе душу маю ад усякай бяды!
пакляўся цар і сказаў: «Жыве Госпад, Які выратаваў душу маю з усялякае бяды, бо,
як я прысягаў табе Госпадам Богам Ізраілевым, кажучы, што Саламон, сын твой, будзе валадарыць пасьля мяне і ён сядзе на троне маім замест мяне, так я і зраблю гэта сёньня.
як я пакляўся табе Госпадам, Богам Ізраэля, кажучы: “Саламон, сын твой, будзе цараваць пасля мяне, і ён сядзе на мой пасад замест мяне”, — так сёння і зраблю».
І нахілілася Вірсавія тварам да зямлі, і пакланілася цару, і сказала: хай жыве гаспадар мой цар Давід вечна!
І Бэтсэба, упаўшы тварам на зямлю, пакланілася цару і сказала: «Няхай жыве, гаспадар мой, цар Давід, вечна!»
І сказаў цар Давід: клікніце мне сьвятара Садока і прарока Натана і Ванэю, сына Ёдаевага. І ўвайшлі яны да цара.
І загадаў цар Давід: «Паклічце да мяне Садока, святара, і Натана, прарока, і Банаю, сына Ёяды». Калі яны з’явіліся перад царом,
І сказаў ім цар: вазьмеце з сабою слуг гаспадара вашага і пасадзеце Саламона, сына майго, на мула майго, і зьвядзеце яго ў Гіён,
сказаў ён ім: «Вазьміце з сабою паслугачоў гаспадара вашага і пасадзіце Саламона, сына майго, на мула майго, і вядзіце яго ў Гіхон,
і хай памажа яго там Садок сьвятар і Натан прарок у цара над Ізраілем, і затрубеце ў трубу і абвясьцеце: хай жыве цар Саламон!
і хай там святар Садок і прарок Натан намасцяць яго на цара Ізраэля, і затрубіце ў рог, і абвясціце: “Хай жыве цар Саламон!”
Потым прывядзеце яго назад, і ён прыйдзе і сядзе на троне маім; ён будзе цараваць замест мяне; яму запавядаў я быць правадыром Ізраіля і Юды.
І пойдзеце за ім, і прыйдзе ён, і сядзе на пасад мой, і будзе цараваць замест мяне; і я загадаю яму, каб быў ён валадаром над Ізраэлем і над Юдэяй».
І адказваў Ванэя, сын Ёдаеў, цару і сказаў: амін, — хай скажа так Гасподзь Бог гаспадара майго цара:
І ў адказ Баная, сын Ёяды, сказаў цару: «Амін, хай скажа гэтак Госпад, Бог гаспадара майго, цара!
як быў Гасподзь Бог з гаспадаром маім царом, так хай будзе Ён з Саламонам і хай узвысіць трон ягоны вышэй за трон гаспадара майго цара Давіда!
Як быў Госпад з гаспадаром маім царом, так няхай будзе Ён з Саламонам і хай узвялічыць пасад яго больш за пасад гаспадара майго, цара Давіда!»
І пайшлі Садок сьвятар і Натан прарок і Ванэя, сын Ёдая, Хэлэтэі і Фэлэтэі, і пасадзіла Саламона на мула цара Давіда, і павялі яго ў Гіён.
І пайшоў Садок, святар, і Натан, прарок, і Баная, сын Ёяды, і херэты, і фелеты, і пасадзілі Саламона на мула цара Давіда і прывязлі яго ў Гіхон.
І ўзяў Садок сьвятар рог з алеем з скініі і памазаў Саламона. І затрубілі ў трубу, і ўвесь народ усклікаў: хай жыве цар Саламон!
Там святар Садок узяў рог алею са скініі, і памазаў Саламона; і затрубіў у рог, і закрычаў увесь народ: «Хай жыве цар Саламон!»
І ўвесь народ праводзіў Саламона, і іграў народ на жалейках і вельмі радаваўся, так што зямля расьсядалася ад крыкаў яго.
І увесь народ праводзіў Саламона, і граў народ на флейтах, і радаваўся вялікай радасцю, і зямля шумела ад іх гомана.
І пачуў Аданія і ўсе запрошаныя ім, як толькі перасталі есьці; а Ёаў, пачуўшы гук трубы, сказаў: з чаго гэты шум расхваляванага горада?
І пачуў Адонія і ўсе запрошаныя ім; і ўжо застолле было скончана. Але і Ёаб, пачуўшы гук трубы, сказаў: «Што гэта за гоман узрушанага горада?»
Яшчэ ён гаварыў, як прыйшоў Ёнатан, сын сьвятара Авіятара. І сказаў Аданія: увайдзі; ты — сумленны чалавек і нясеш добрую вестку.
Калі ён яшчэ гаварыў, прыйшоў Ёнатан, сын Абіятара, святара; сказаў яму Адонія: «Увайдзі, бо ты чалавек дастойны і добрае нам абвяшчаеш».
І адказваў Ёнатан і сказаў Аданію: так, гаспадар наш цар паставіў Саламона царом;
І Ёнатан сказаў Адоніі: «Зусім не! Бо гаспадар наш, цар Давід, абвясціў царом Саламона,
і паслаў цар зь ім Садока сьвятара і Натана прарока, і Ванэю, сына Ёдая, і Хэлэтэяў і Фэлэтэяў, і яны пасадзілі яго на мула царскага;
і паслаў з ім Садока, святара, і Натана, прарока, і Банаю, сына Ёяды, і херэтаў, і фелетаў; і яны пасадзілі Саламона на мула цара,
і памазалі яго Садок сьвятар і Натан прарок у цара ў Гіёне, і адтуль выправіліся з радасьцю, і прыйшоў у рух горад. Вось чаго шум, які вы чуеце.
і святар Садок і прарок Натан намасцілі яго на цара ў Гіхоне. І адтуль выйшлі яны з радасцю, і горад загаманіў; гэта той гоман, які вы чуеце.
І Саламон ужо сеў на царскім троне.
Але і Саламон сядзеў на пасадзе царскім,
І слугі цара прыходзілі павіншаваць гаспадара нашага цара Давіда, кажучы: Бог твой няхай праславіць імя Саламона больш за тваё імя і хай узвысіць трон ягоны вышэй за твой трон. І пакланіўся цар на ложку сваім,
і царскія паслугачы папрыходзілі дабраславіць гаспадара нашага, цара Давіда, кажучы: “Хай Бог праславіць імя Саламона па-над тваім імем, і ўзвялічыць пасад яго па-над тваім пасадам”. І цар пакланіўся на ложку сваім.
і сказаў цар так: дабраславёны Гасподзь Бог Ізраілеў, Які сёньня даў ад семя майго пасаджанага на троне маім, і вочы мае бачаць гэта!
І, апроч таго, сказаў ён так: “Дабраславёны Госпад, Бог Ізраэля, Які даў сёння вачам маім бачыць таго, хто сядзіць на пасадзе маім”».
Тады спалохаліся і ўсталі ўсе запрошаныя, якія былі ў Аданіі, і пайшлі кожны сваёй дарогаю.
Такім чынам, спалохаліся і паўскаквалі ўсе, запрошаныя Адоніем, і кожны з іх пайшоў сваёй дарогаю.
А Аданія, баючыся Саламона, устаў і пайшоў і ўхапіўся за рогі ахвярніка.
А Адонія, баючыся Саламона, устаў і пайшоў, і ўхапіўся за рогі ахвярніка.
І данесьлі Саламону, кажучы: вось, Аданія баіцца цара Саламона, і вось, ён трымаецца за рогі ахвярніка, кажучы: хай прысягне мне цяпер цар Саламон, што ён не заб’е раба свайго мечам.
І паведамілі пра гэта Саламону, кажучы: «Вось, Адонія, баючыся цара Саламона, ухапіўся за рогі ахвярніка, кажучы: “Хай сёння прысягне мне цар Саламон, што не заб’е паслугача свайго мечам”».
І сказаў Саламон: калі ён будзе чалавекам сумленным, дык ніводзін волас ягоны не ўпадзе на зямлю; калі ж знойдзецца ў ім падступства, дык памрэ.
І Саламон сказаў: «Калі ён будзе чалавекам добрым, не ўпадзе на зямлю ніводны волас яго; але калі выявіцца ў ім ліха, то памрэ».
І паслаў Саламон, і прывялі яго ад ахвярніка. І ён прыйшоў і пакланіўся цару Саламону. І сказаў яму Саламон: ідзі ў дом свой.
І паслаў за ім Саламон, і адвялі яго ад ахвярніка, і ён увайшоў і пакланіўся цару Саламону; і Саламон сказаў яму: «Ідзі дамоў».