Малахіі 1 разьдзел

Кніга прарока Малахіі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Прарочае слова Госпада Ізраілю праз Малахію.
 
Прароцтва. Слова Госпада Ізраэлю праз Малахію.

Я палюбіў вас, кажа Гасподзь. А вы кажаце: «у чым явіў Ты любоў да нас?» — Ці ж Ісаў ня брат Якаву? кажа Гасподзь; і аднак жа Я палюбіў Якава,
 
«Я палюбіў вас, — кажа Госпад, — і вы пытаеце: “У чым выявіў Ты любоў Сваю да нас?” Ці ж Эзаў не быў братам Якуба? — кажа Госпад, — і Я, аднак, узлюбіў Якуба,

а Ісава зьненавідзеў і аддаў горы ягоныя на спусташэньне, і валоданьні ягоныя — шакалам пустыні.
 
а Эзава меў у нянавісці і аддаў горы яго на пустыню і спадчыну яго — шакалам пустынным.

Калі Эдом скажа: мы спляжаны, але мы адновім разбуранае, дык Гасподзь Саваоф кажа: яны пабудуюць, а Я разбуру, і назавуць іх вобласьцю бязбожнаю, народам, на які Гасподзь угневаўся назаўсёды.
 
Калі Эдом так скажа: “Знішчаны мы, але зноў адбудуем тое, што знішчана” — вось, што кажа Госпад Магуццяў. — “Яны будуць будаваць, і Я развалю; і будуць іх называць “Межы бязбожнасці” і “Народ, на які ўзгарэўся гнеў Госпадаў навекі”.

І ўбачаць гэта вочы вашыя, і вы скажаце: узьвялічыўся Гасподзь над межамі Ізраіля!
 
І вочы вашы будуць бачыць гэта, і вы скажаце: “Магутны Госпад і па-за межамі Ізраэля!”

Сын шануе бацьку і раб — гаспадара свайго; калі Я — бацька, дык дзе пашана да Мяне? і калі Я — Гасподзь, дык дзе багавейнасьць перад Мною? кажа Гасподзь Саваоф вам, сьвятары, якія няславіце імя Маё. Вы кажаце: чым мы няславім імя Тваё?
 
Сын паважае бацьку свайго, і слуга — гаспадара свайго. Такім чынам, калі Я — бацька, дзе ж павага да Мяне? І калі Я — Госпад, дзе ж страх перада Мною? — кажа Госпад Магуццяў да вас, святары, якія зневажаеце імя Маё і кажаце: “Чым зневажаем мы імя Тваё?”

Вы прыносіце на ахвярнік Мой нячысты хлеб, а кажаце: чым мы няславім Цябе? — тым, што кажаце: трапеза Гасподняя ня вартая павагі.
 
Вы прыносіце на ахвярнік Мой нячысты хлеб і пытаеце: “Чым мы зняважалі Цябе?” Тым, што кажаце: “Стол Госпадаў не варты павагі”.

І калі прыносіце ў ахвяру сьляпое, ці ж ня блага гэта? альбо калі прыносіце кульгавае і хворае, ці ж ня блага гэта? Паднясі гэта твайму князю; ці будзе ён задаволены табою і ці ласкава прыме цябе? кажа Гасподзь Саваоф.
 
Калі вы складаеце ў ахвяру сляпое, ці ж гэта не дрэнна? І калі прыносіце ў ахвяру тое, што кульгавае ды хворае, дык ці ж гэта не дрэнна? Прынясі гэта князю свайму, ці яму спадабаецца гэта і ці прыхільна гляне на цябе? — кажа Госпад Магуццяў.

Дык вось, малецеся Богу, каб зьлітаваўся з нас; а калі такое зыходзіць з рук вашых, дык ці ж можа Ён ласкава прымаць вас? кажа Гасподзь Саваоф.
 
Але цяпер упрошваеце аблічча Бога, каб злітаваўся над вамі! Бо гэта паходзіць з рук вашых. Ці будзе Ён міласцівы да вас? — кажа Госпад Магуццяў.

Лепей хто-небудзь з вас замкнуў бы дзьверы, каб дарма ня трымалі агню на ахвярніку Маім. Няма Майго ўпадабаньня да вас, кажа Гасподзь Саваоф, і прынашэньні з рук вашых не да спадобы Мне.
 
Хай бы хто з вас замкнуў дзверы, каб вы надарма не палілі святла на ахвярніку Маім. Вы не падабаецеся Мне, — кажа Госпад Магуццяў, — і не прыму ахвяру з рук вашых.

Бо ад усходу сонца да заходу вялікае будзе імя Маё сярод народаў, і на ўсякім месцы будуць прыносіць фіміям імю Майму, чыстую ахвяру; вялікае будзе імя Маё сярод народаў, кажа Гасподзь Саваоф.
 
Ад усходу бо сонца аж да захаду вялікім будзе імя Маё між народамі, ды ў кожным месцы будуць пасвячаць і складаць ахвяру чыстую імю Майму, бо вялікім будзе імя Маё між народамі, — кажа Госпад Магуццяў.

А вы ганіце яго тым, што кажаце: трапеза Гасподняя ня вартая павагі, і прыбытак ад яе — ежа нікчэмная.
 
А вы зневажаеце Яго тым, што кажаце: “Стол Госпадаў апаганены і страва, што кладзецца на яго, нічога не вартая”.

Пры гэтым кажаце: вось колькі працы! і заняхайваеце яе, кажа Гасподзь Саваоф, і прыносіце крадзенае, кульгавае і хворае, і гэтакай самай якасьці прыносіце хлебны дарунак: ці ж магу з упадабаньнем прымаць гэта з рук вашых? кажа Гасподзь.
 
І кажаце вы: “О якая праца!” І зневажаеце яго, — кажа Госпад Магуццяў. — І прыносіце з рабаванага, кульгавае і хворае, ды складаеце ў ахвяру. Ці ж магу Я прыняць гэта з рукі вашай? — кажа Госпад.

Пракляты ілжывец, у якога ў статку ёсьць несапсаваны самец, і ён даў абяцаньні, а прыносіць у ахвяру Госпаду пашкоджанае: бо Я цар вялікі, і імя Маё страшнае ў народаў.
 
Хай будзе пракляты ашуканец, які мае ў статку сваім самца і, абяцаючы яго, сам складае ў ахвяру Госпаду сапсаванае. Бо Я — Валадар Магутны, — кажа Госпад Магуццяў, — і імя Маё наводзіць страх на народы.