Лявіт 1 разьдзел

Лявіт
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І паклікаў Гасподзь Майсея і сказаў яму са скініі сходу, кажучы:
 
І паклікаў Ён Майсея, і прамовіў да яго Госпад з палаткі сустрэчы, кажучы:

абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім: калі хто з вас хоча прынесьці ахвяру Госпаду, дык, калі з быдла, прыносьце ахвяру вашую з быдла буйнога і дробнага.
 
«Гавары да сыноў Ізраэля ды кажы ім: “Калі хто з вас будзе складаць ахвяру Госпаду з хатняе жывёлы, хай складае з валоў або жывёл драбнейшых.

Калі ахвяра яго — цэласпаленьне з буйнога быдла, няхай прынясе яе з мужчынскага полу, без пахібы; хай прывядзе яе да дзьвярэй скініі сходу, каб здабыць яму ўпадабаньне прад Госпадам;
 
Калі цэласпальная ахвяра яго будзе з жывёлы, хай ахвяруе самца без заганы ды прывядзе яго да дзвярэй палаткі сустрэчы, каб Госпад прыняў яго ласкава,

і пакладзе руку сваю на галаву ахвяры цэласпаленьня — і набудзе ён упадабаньне, дзеля ачышчэньня грахоў ягоных;
 
і пакладзе руку на галаву ахвяры, і будзе яна прынята як перамаленне за яго.

і заколе цяля прад Госпадам; а сыны Ааронавыя, сьвятары, прынясуць кроў і пакропяць крывёю з усіх бакоў на ахвярнік, які каля ўваходу ў скінію сходу;
 
І хай заб’е цяля перад Госпадам, а сыны Аарона, святары, хай ахвяруюць кроў яго і пакропяць кругом ахвярнік, што стаіць перад уваходам у палатку сустрэчы.

і здыме скуру з ахвяры цэласпаленьня і разатне яе на часткі;
 
Калі здыме скуру, то, прыносячы ахвяру, хай пасячэ [ахвяру] на часткі.

а сыны Ааронавыя, сьвятары, пакладуць на ахвярнік агонь і на агні раскладуць дровы;
 
Сыны ж Аарона, святары, хай прынясуць агонь на ахвярнік і, паклаўшы дровы на агонь,

і раскладуць сыны Ааронавыя, сьвятары, часткі, галаву і тлушч на дровах, што на агні, на ахвярніку;
 
сыны Аарона, святары, хай пакладуць часткі, безумоўна, галаву і тлушч на дровах, што ляжаць на агні на ахвярніку.

а вантробы ахвяры і ногі яе вымые ён вадою, і спаліць сьвятар усё на ахвярніку: гэта цэласпаленьне, ахвяра, духмянасьць прыемная Госпаду.
 
А прыносячы ў ахвяру нутро і ногі, хай абмые [іх] вадой і хай запаліць гэта святар на ахвярніку як цэласпаленне, як ахвяру агнявую з найпрыемнейшым пахам для Госпада.

Калі ахвяра цэласпаленьня яго з дробнага быдла, з авечак, альбо з коз, няхай прынясе яе з мужчынскага полу, без пахібы,
 
Калі ж ахвяра яго з дробнай жывёлы, цэласпаленне з авечак або коз, хай прынясе ў ахвяру самца без заганы;

і заколе яе прад Госпадам з паўночнага боку ахвярніка; і сыны Ааронавыя, сьвятары, пакропяць крывёю яе на ахвярнік з усіх бакоў;
 
і заб’е яго перад Госпадам на паўночным баку ахвярніка, а сыны Аарона, святары, пакропяць крывёй яго насупраць ахвярніка.

і разатнуць яе на часткі, аддзеляць галаву яе і тлушч яе; і раскладзе іх сьвятар на дровах, што на агні, на ахвярніку,
 
І, прыносячы ахвяру, хай аддзеліць часткі, галаву і тлушч, ды хай пакладзе гэта святар на дровы, што ляжаць пад агнём на ахвярніку.

а вантробы і ногі вымые вадою, і прынясе сьвятар усё і спаліць на ахвярніку; гэта цэласпаленьне, ахвяра, духмянасьць прыемная Госпаду.
 
А прыносячы ў ахвяру нутро і ногі, хай вымые [іх] вадой; і, паклаўшы ўсё, хай спаліць святар на ахвярніку: гэта цэласпаленне на найпрыемнейшы пах Госпаду.

А калі з птушак прыносіць Госпаду цэласпаленьне, няхай прынясе ахвяру сваю з галубак, альбо з маладых галубоў;
 
А калі хто захоча скласці ў ахвяру Госпаду птушку на цэласпаленне, хай складзе ахвяру сваю з туркавак або з маладых галубоў,

сьвятар прынясе яе да ахвярніка, і скруціць ёй галаву, і спаліць на ахвярніку, а кроў сцэдзіць да сьценкі ахвярніка;
 
і святар прынясе яго на ахвярнік; скруціўшы яму шыю, спаліць на ахвярніку, а кроў яго выціснецца на сцяну ахвярніка;

вальляк яе зь пер’ем яе адыме і кіне яго каля ахвярніка на ўсходні бок, дзе попел:
 
і возьме валяк з пер’ем, і выкіне каля ахвярніка на ўсходнім баку, дзе звычайна высыпаюць попел;

і надломіць яе ў крылах яе, але не аддзяляючы іх, і спаліць яе сьвятар на ахвярніку, на дровах, што на агні: гэта цэласпаленьне, ахвяра, духмянасьць прыемная Госпаду.
 
надломіць яго паміж крылаў, не аддзяляючы іх, ды спаліць яго святар на ахвярніку, на дровах, што ляжаць на агні; гэта цэласпаленне і ахвяра агнявая на найпрыемнейшы пах Госпаду.