1 Яна 1 разьдзел

Першае пасланьне Яна
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Пра тое, што было ад пачатку, што мы чулі, што бачылі на свае вочы, што разглядвалі і што адчувалі рукі нашыя, пра Слова жыцьця, —
 
Што было ад пачатку, што мы чулі, што бачылі сваімі вачамі, што разглядалі, ды чаго дакраналіся нашы рукі, — аб Слове жыцця, —

бо жыцьцё зьявілася, і мы бачылі і сьведчым, і абвяшчаем вам гэтае вечнае жыцьцё, якое было ў Айца і зьявілася нам —
 
і жыццё аб’явілася, і мы ўбачылі, і сведчым, і прапаведуем вам гэтае жыццё вечнае, якое было ў Айца і аб’явілася нам, —

пра тое, што мы бачылі і чулі, абвяшчаем вам, каб і вы мелі лучнасьць з намі; а нашая лучнасьць — з Айцом і Сынам Ягоным, Ісусам Хрыстом.
 
весцім вам, што мы ўбачылі і пачулі, каб і вы мелі супольнасць з намі. А супольнасць наша — з Айцом і Сынам Яго Ісусам Хрыстом.

І гэта пішам вам, каб радасьць вашая была поўная.
 
І мы гэта пішам вам, каб наша радасць была поўнаю.

І вось зьвеставаньне, якое мы чулі ад Яго і абвяшчаем вам: Бог ёсьць сьвятло, і няма ў Ім ніякае цемры.
 
І такая вось вестка, якую мы пачулі ад Яго ды абвяшчаем вам, што Бог ёсць святло і няма ў Ім ніякае цемры.

Калі мы кажам, што маем лучнасьць зь Ім, а ходзім у цемры, дык мы хлусім і ня ўчыняем па праўдзе;
 
Калі мы будзем казаць, што маем супольнасць з Ім, а ходзім у цемры, мы хлусім і размінаемся з праўдай.

а калі ходзім у сьвятле, як Ён у сьвятле, дык маем лучнасьць адно з адным, і Кроў Ісуса Хрыста, Сына Ягонага, ачышчае нас ад усякага грэху.
 
Калі ж мы ходзім ў святле, так як Ён у святле, тады маем супольнасць адны з аднымі, і Кроў Ісуса Хрыста, Сына Яго, ачышчае нас ад усякага граху.

Калі кажам, што ня маем грэху, ашукваем самі сябе, і праўды няма ў нас.
 
Калі мы кажам, што не маем граху, дык падманваем саміх сябе і праўды няма ў нас.

Калі ж вызнаём грахі нашыя, дык Ён, верны і праведны, даруе нам грахі (нашыя) і ачысьціць нас ад усякай няпраўды.
 
Калі вызнаём нашы грахі, дык Ён — верны і справядлівы, каб дараваць нам грахі ды ачысціць нас ад усякае несправядлівасці.

Калі кажам, што мы не зграшылі, дык робім зь Яго падманшчыка, і слова Ягонага няма ў нас.
 
Калі мы кажам, што не грашым, дык робім Яго ашуканцам, і слова Яго няма ў нас.