1 Яна 1 разьдзел

Першае пасланьне Яна
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

Пра тое, што было ад пачатку, што мы чулі, што бачылі на свае вочы, што разглядвалі і што адчувалі рукі нашыя, пра Слова жыцьця, —
 
Тое, што было ад пачатку, што мы чулі аб Слове жыцьця, што бачылі сваімі вачыма, што азіралі й да чаго дакраналіся нашыя рукі, —

бо жыцьцё зьявілася, і мы бачылі і сьведчым, і абвяшчаем вам гэтае вечнае жыцьцё, якое было ў Айца і зьявілася нам —
 
жыцьцё бо аб’яўлена было і мы бачылі ды сьветчым і аглашаем вам жыцьцё вечнае, што было ў Айца й зьявілася нам; —

пра тое, што мы бачылі і чулі, абвяшчаем вам, каб і вы мелі лучнасьць з намі; а нашая лучнасьць — з Айцом і Сынам Ягоным, Ісусам Хрыстом.
 
аб тым, што мы відзелі й чулі, абвяшчаем вам, каб і вы мелі суудзел з намі; а наш удзел ёсьць з Айцом і Сынам Ягоным Езусам Хрыстусам.

І гэта пішам вам, каб радасьць вашая была поўная.
 
Гэта пішам вам, каб вы цешыліся поўнарадасна.

І вось зьвеставаньне, якое мы чулі ад Яго і абвяшчаем вам: Бог ёсьць сьвятло, і няма ў Ім ніякае цемры.
 
А дабравесьць, якую мы чулі ад Яго ды зьвяшчаем вам, ёсьць тая, што Бог ёсьць сьвятло і няма ў Ім ніякае цемры.

Калі мы кажам, што маем лучнасьць зь Ім, а ходзім у цемры, дык мы хлусім і ня ўчыняем па праўдзе;
 
Каліб мы казалі што маем зь Ім сулучнасьць, а хадзілі ў цьме, дык былоб махлярства, паступак няпраўдны:

а калі ходзім у сьвятле, як Ён у сьвятле, дык маем лучнасьць адно з адным, і Кроў Ісуса Хрыста, Сына Ягонага, ачышчае нас ад усякага грэху.
 
а калі ходзім у сьвятле, як і Ён сам у сьвятле ёсьць, дык маем зь Ім узаемасувязь і кроў Сына Ягонага, Езуса Хрыстуса, ачышчае нас ад граху ўсякага.

Калі кажам, што ня маем грэху, ашукваем самі сябе, і праўды няма ў нас.
 
Каліб мы сказалі, ня маем граху, дык зводзім сябе самых і няма ў нас праўды.

Калі ж вызнаём грахі нашыя, дык Ён, верны і праведны, даруе нам грахі (нашыя) і ачысьціць нас ад усякай няпраўды.
 
А калі вызнаем нашы грахі, дык Бог — верны й справядлівы, адпусьціць нам ды ачысьціць нас ад усякай нягоднасьці.

Калі кажам, што мы не зграшылі, дык робім зь Яго падманшчыка, і слова Ягонага няма ў нас.
 
І каліб мы сказалі, што не зграшылі, дык робім Яго махлярскім і няма у нас Ягонага слова.