1 Яна 1 разьдзел

Першае пасланьне Яна
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Пра тое, што было ад пачатку, што мы чулі, што бачылі на свае вочы, што разглядвалі і што адчувалі рукі нашыя, пра Слова жыцьця, —
 
Што было ад пачатку, што мы чулі, што бачылі вачыма нашымі, што разглядалі і да чаго дакраналіся рукі нашыя, пра Слова жыцьця.

бо жыцьцё зьявілася, і мы бачылі і сьведчым, і абвяшчаем вам гэтае вечнае жыцьцё, якое было ў Айца і зьявілася нам —
 
І жыцьцё зьявілася, і мы бачылі, і сьведчым, і абвяшчаем вам гэтае жыцьцё вечнае, якое было ў Айца і зьявілася нам.

пра тое, што мы бачылі і чулі, абвяшчаем вам, каб і вы мелі лучнасьць з намі; а нашая лучнасьць — з Айцом і Сынам Ягоным, Ісусам Хрыстом.
 
Што мы бачылі і чулі, абвяшчаем вам, каб і вы мелі супольнасьць з намі; а нашая супольнасьць — з Айцом і Сынам Яго Ісусам Хрыстом.

І гэта пішам вам, каб радасьць вашая была поўная.
 
І гэтае пішам вам, каб радасьць вашая была поўная.

І вось зьвеставаньне, якое мы чулі ад Яго і абвяшчаем вам: Бог ёсьць сьвятло, і няма ў Ім ніякае цемры.
 
І вось тое абяцаньне, якое мы чулі ад Яго і абвяшчаем вам, — Бог ёсьць сьвятло, і няма ў Ім аніякае цемры.

Калі мы кажам, што маем лучнасьць зь Ім, а ходзім у цемры, дык мы хлусім і ня ўчыняем па праўдзе;
 
Калі мы кажам, што маем супольнасьць з Ім, і ходзім у цемры, хлусім і ня робім праўды.

а калі ходзім у сьвятле, як Ён у сьвятле, дык маем лучнасьць адно з адным, і Кроў Ісуса Хрыста, Сына Ягонага, ачышчае нас ад усякага грэху.
 
А калі ходзім у сьвятле, як Ён у сьвятле, маем супольнасьць між сабою, і кроў Ісуса Хрыста, Сына Ягонага, ачышчае нас ад усякага грэху.

Калі кажам, што ня маем грэху, ашукваем самі сябе, і праўды няма ў нас.
 
Калі кажам, што ня маем грэху, падманваем саміх сябе, і праўды няма ў нас.

Калі ж вызнаём грахі нашыя, дык Ён, верны і праведны, даруе нам грахі (нашыя) і ачысьціць нас ад усякай няпраўды.
 
Калі вызнаем грахі нашыя, Ён верны і праведны, каб дараваць нам грахі і ачысьціць нас ад усякае няправеднасьці.

Калі кажам, што мы не зграшылі, дык робім зь Яго падманшчыка, і слова Ягонага няма ў нас.
 
Калі кажам, што мы не грашым, робім хлусам Яго, і слова Ягонага няма ў нас.