Захарыі 1 разьдзел

Кніга прарока Захарыі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

У восьмым месяцы, у другі год Дарыя, было слова Гасподняе Захарыю, сыну Варахіінаваму, сыну Адаваму, прароку:
 
У восьмым месяцы, у другім годзе Дарыя было слова ГОСПАДА да Захарыі, сына Бэрэхіі, сына Іддо, прарока, кажучы:

угневаўся Гасподзь на бацькоў вашых вялікім гневам,
 
«Загневаўся гневам ГОСПАД на бацькоў вашых.

і ты скажы ім: так кажа Гасподзь Саваоф: павярнецеся да Мяне, кажа Гасподзь Саваоф, і Я павярнуся да вас, кажа Гасподзь Саваоф.
 
І ты скажы ім: “Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў. Павярніцеся да Мяне, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, і Я павярнуся да вас, кажа ГОСПАД Магуцьцяў.

Ня будзьце такія, як бацькі вашыя, да якіх заклікалі ранейшыя прарокі, кажучы: так кажа Гасподзь Саваоф: адвярнецеся ад ліхіх шляхоў вашых і ад ліхіх дзеяў вашых; але яны ня слухаліся і не ўважалі Мне, кажа Гасподзь.
 
Ня будзьце як бацькі вашыя, да якіх клікалі прарокі, кажучы: “Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў. Адвярніцеся, прашу, ад шляхоў сваіх злых і ад учынкаў сваіх злых; але яны ня слухалі і не зважалі на Мяне, кажа ГОСПАД”.

Бацькі вашыя — дзе яны? ды і прарокі, ці будуць яны вечна жыць?
 
Бацькі вашыя, дзе яны? І прарокі ці жывуць вечна?

Але словы Мае і вызначэньні Мае, якія наказваў Я рабам Маім прарокам, хіба ж не спасьціглі бацькоў вашых? і яны зьвярталіся і казалі: як вызначыў Гасподзь Саваоф зрабіць з намі паводле нашых шляхоў і паводле нашых дзеяў, так і ўчыніў з намі.
 
Толькі словы Мае і пастановы Мае, якія Я загадаў слугам Маім прарокам, ці не дасягалі бацькоў вашых? І яны навярнуліся, і сказалі: “Як ГОСПАД Магуцьцяў думаў зрабіць нам паводле шляхоў нашых і паводле ўчынкаў нашых, так і зрабіў нам”».

У дваццаць чацьвёрты дзень адзінаццатага месяца, — гэта месяц Шэват, — у другі год Дарыя, было слова Гасподняе Захарыю, сыну Варахіінаваму, сыну Адаваму, прароку:
 
У дваццаць чацьвёрты дзень адзінаццатага месяца, гэта месяц Шэват, у другім годзе Дарыя было слова ГОСПАДА да Захарыі, сына Бэрэхіі, сына Іддо, прарока, кажучы:

уначы бачыў я ўяву: вось, муж на рыжым кані стаіць паміж міртамі, якія ў паглыбленьні, а за імі коні рыжыя, пярэстыя і белыя,
 
«Я бачыў у гэтую ноч; і вось, муж едзе на кані чырвоным, ён стаіць паміж міртаў, якія ў нізіне, а за ім коні чырвоныя, рудыя і белыя.

і сказаў я: хто яны, спадару мой? І сказаў мне анёл, які гаварыў са мною: я пакажу табе, хто яны.
 
І я сказаў: “Што гэта, Госпадзе мой?” І сказаў мне анёл, які гаварыў са мною: “Я пакажу табе, што гэта”.

І адказваў муж, які стаяў паміж міртамі, і сказаў: гэта тыя, якіх Гасподзь паслаў абысьці зямлю.
 
І адказаў муж, які стаяў паміж міртаў, і сказаў: “Гэта тыя, якіх паслаў ГОСПАД абыйсьці зямлю”.

І яны адказвалі анёлу Гасподняму, які стаяў паміж міртамі, і сказалі: абышлі мы зямлю, і вось, уся зямля населеная і спакойная.
 
І адказалі яны анёлу ГОСПАДА, які стаяў паміж міртаў, і сказалі: “Мы абыйшлі зямлю, і вось, уся зямля заселеная і ў супакоі”.

І адказваў анёл Гасподні і сказаў: Госпадзе Ўсеўладца! Дакуль Ты не ўмілажалішся зь Ерусаліма і з гарадоў Юды, на якія Ты гневаешся вось ужо семдзесят гадоў?
 
І адказаў анёл ГОСПАДА, і сказаў: “ГОСПАДЗЕ Магуцьцяў, калі Ты зьлітуешся над Ерусалімам і над гарадамі Юды, на якія Ты гневаешся ўжо семдзясят гадоў?”

Тады ў адказ анёлу, які гаварыў са мною, мовіў Гасподзь словы добрыя, словы суцешлівыя.
 
І адказаў ГОСПАД анёлу, які гаварыў са мною, словы добрыя, словы пацяшальныя.

І сказаў Мне анёл, які гаварыў са мною: абвясьці і скажы: так кажа Гасподзь Саваоф: парупіўся Я за Ерусалім і за Сіён рупнасьцю вялікай:
 
І сказаў мне анёл, які гаварыў са мною: “Клікай, кажучы: "Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў. Я раўную пра Ерусалім і пра Сыён рэўнасьцю вялікай.

І вялікім абурэньнем абураюся з народаў, якія жывуць у спакоі; бо калі Я мала ўгневаўся, яны павялічылі ліха.
 
І гневам вялікім Я гневаюся на народы, якія ў супакоі, бо Я загневаўся крыху, а яны дапамагалі [рабіць] зло"”.

таму так кажа Гасподзь: Я зьвяртаюся да Ерусаліма зь мілажалем; у ім пабудуецца дом Мой, кажа Гасподзь Саваоф, і землямерная вяроўка працягнецца па Ерусаліме.
 
Дзеля гэтага кажа ГОСПАД: “Я зьвярнуся да Ерусаліму з літасьцю. Дом Мой будзе адбудаваны ў ім, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, і меральны шнур будзе расьцягнуты над Ерусалімам”.

Яшчэ абвясьці і скажы: так кажа Гасподзь Саваоф: зноў перапаўняюцца гарады Мае дабром, і суцешыць Гасподзь Сіён і зноў выбера Ерусалім.
 
І зноў клікай, кажучы: “Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў. Зноўку напоўняцца гарады Мае дабром, і зноў пацешыць ГОСПАД Сыён, і выбярэ ізноў Ерусалім”.

І ўзьвёў я вочы мае і ўгледзеў: вось чатыры рагі.
 
І ўзьняў я вочы мае, і ўбачыў, і вось, чатыры рогі.

І сказаў я анёлу, які гаварыў са мною: што гэта? І ён адказаў мне: гэта рогі, якія раскідалі Юду, Ізраіля і Ерусалім.
 
І я сказаў анёлу, які гаварыў са мною: “Што гэта?” І ён сказаў мне: “Гэта рогі, якія раскідалі Юду, Ізраіля і Ерусалім”.

Потым паказаў мне Гасподзь чатырох працаўнікоў.
 
І паказаў мне ГОСПАД чатырох рамесьнікаў.

І сказаў я: што яны ідуць рабіць? Ён сказаў мне так: гэтыя рогі раскідалі Юду, так што ніхто ня можа падняць галавы сваёй: а гэтыя прыйшлі напалохаць іх, зьбіць рогі народаў, якія паднялі рог свой супроць зямлі Юды, каб расьсеяць яе.
 
І я сказаў: “Што яны прыходзяць рабіць?” І Ён сказаў, кажучы: “Гэта рогі, якія раскідалі Юду, так што ніхто не падняў галавы сваёй. А яны прыйшлі, каб стрывожыць іх, каб скрышыць рогі народаў, якія паднялі рог супраць зямлі Юды, каб раскідаць яе”.