Захарыі 3 разьдзел

Кніга прарока Захарыі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І паказаў ён мне Ісуса, вялікага іярэя, які стаяў перад анёлам Гасподнім, і сатану, які стаяў праваруч яго, каб процідзейнічаць яму.
 
І Ён паказаў мне Егошуа, сьвятара вялікага, які стаяў перад абліччам анёла ГОСПАДА, і шатана, які стаў праваруч яго, каб супрацьстаяць яму.

І сказаў Гасподзь сатане: Гасподзь хай забароніць табе, сатана, хай забароніць табе Гасподзь, Які выбраў Ерусалім! ці не галавешка ён, выцягнутая з агню?
 
І сказаў ГОСПАД шатану: “Няхай утаймуе цябе ГОСПАД, шатан, няхай утаймуе цябе ГОСПАД, Які абраў Ерусалім. Ці не галавешка гэта, выхапленая з агню?”

А Ісус быў апрануты ў заплямленую вопратку і стаяў перад анёлам,
 
Егошуа быў апрануты ў адзеньне запэцканае і стаяў перад абліччам анёла.

які адказваў і сказаў тым, што стаялі перад ім, так: здымеце зь яго заплямленую вопратку. А яму самому сказаў: глядзі. Я зьняў зь цябе віну тваю, і апранаю цябе ў адзеньне ўрачыстае.
 
І Ён адказаў, і сказаў да тых, якія стаялі перад абліччам Ягоным, кажучы: “Здыміце з яго адзеньне запэцканае”. А яму сказаў: “Глядзі, Я зьняў з цябе беззаконьне тваё, і апрануў цябе ў шаты ўрачыстыя”.

І сказаў: ускладзеце на галаву яго чысты кідар. І ўсклалі чысты кідар на галаву яго і апранулі яго ў адзеньне; а анёл Гасподні стаяў.
 
І сказаў: “Няхай ускладуць мітру чыстую на галаву ягоную”. І ўсклалі мітру чыстую на галаву ягоную, і апранулі яго ў шаты. А анёл ГОСПАДА стаяў.

І засьведчыў анёл Гасподні і сказаў Ісусу:
 
І папярэдзіў анёл ГОСПАДА Егошуа, кажучы:

так кажа Гасподзь Саваоф: калі ты будзеш хадзіць Маімі шляхамі і калі будзеш на варце Маёй, дык будзеш судзіць дом Мой і наглядаць за дварамі Маімі. Я дам табе хадзіць паміж гэтымі, што стаяць тут.
 
“Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў. Калі будзеш хадзіць па шляхах Маіх, і калі будзеш захоўваць загады Мае, тады таксама будзеш судзіць дом Мой, і захоўваць панадворкі Мае, і Я дам табе хадзіць паміж тых, якія стаяць [тут].

выслухай жа, Ісусе, іярэю вялікі, ты і браты твае, што сядзяць перад табою, мужы знакамітыя: вось, Я прыводжу раба Майго, ПАРАСТКА.
 
Паслухай, прашу, Егошуа, сьвятар вялікі, ты і бліжнія твае, якія сядзяць перад абліччам тваім, бо яны — мужы, [якім будзе] знак. Бо вось, Я прывяду слугу Майго, Парастка.

Бо вось той камень, які Я кладу перад Ісусам; на гэтым адным камені — сем вачэй; вось, я выражу на ім абрысы яго, кажа Гасподзь Саваоф, і згладжу грэх зямлі гэтай за адзін дзень.
 
Бо вось камень, які Я паклаў перад абліччам Егошуа; на адным камяні — сем вачэй. Вось, Я выражу на ім рэзьблены [надпіс], кажа ГОСПАД Магуцьцяў, і аддалю беззаконьне зямлі гэтай за адзін дзень.

У той дзень, кажа Гасподзь Саваоф, будзеце адзін аднаго запрашаць пад вінаград і пад смакоўніцу.
 
У той дзень, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, будзеце клікаць адзін аднаго, [каб сядзець] пад вінаграднай лазой і пад дрэвам фігавым”.