2 царстваў 1 разьдзел

Другая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Пасьля сьмерці Саўла, калі Давід вярнуўся ад разгрому Амалікіцянаў і прабыў у Сэкелагу два дні,
 
І сталася пасьля сьмерці Саўла, што Давід вярнуўся пасьля перамогі над Амалекам і спыніўся на два дні ў Цыклягу.

вось, на трэці дзень прыходзіць чалавек з табара Саўлавага: вопратка на ім падраная і пыл на галаве ягонай. Прыйшоўшы да Давіда, ён упаў на зямлю і пакланіўся.
 
І сталася на трэці дзень, вось, чалавек прыйшоў з табару, з [атачэньня] Саўла, у падзёртым адзеньні і з пасыпанай зямлёй галавой. І прыйшоў ён да Давіда, і ўпаў на зямлю, і пакланіўся.

І сказаў яму Давід: адкуль ты прыйшоў? І сказаў той: я ўцёк з табара Ізраільскага.
 
І сказаў яму Давід: «Адкуль ты прыйшоў?» Ён сказаў яму: «Я ўцёк з табару Ізраіля».

І сказаў яму Давід: што адбылося? раскажы мне. І той сказаў: люд пабег зь бітвы, і мноства зь люду ўпала і памерла, і памерлі і Саўл і сын ягоны Ёнатан.
 
І сказаў яму Давід: «Што сталася? Распавядзі мне». Ён сказаў: «Людзі паўцякалі з месца бою, і шмат народу загінула, таксама Саўл і Ёнатан, сын ягоны, загінулі».

І сказаў Давід хлопчыку, які расказваў яму: як ты ведаеш, што Саўл і сын яго Ёнатан памерлі?
 
І сказаў Давід юнаку, які яму расказваў [вестку]: «Адкуль ты ведаеш, што загінуў Саўл і Ёнатан, сын ягоны?»

і сказаў хлопчык, які расказваў яму: я выпадкова прыйшоў на гару Гэлвуйскую, і вось, Саўл упаў на сваю дзіду, а калясьніцы і верхаўцы даганялі яго.
 
І сказаў юнак, які расказваў яму [вестку]: «Я ўзыйшоў на гару Гільбоа, і вось, Саўл ляжаў прабіты дзідай сваёй, і вось, коньнікі і калясьніцы даганялі яго.

Тады ён азірнуўся назад і, угледзеўшы мяне, паклікаў мяне.
 
І ён аглянуўся, і ўбачыў мяне, і паклікаў мяне. І я сказаў: “Вось я”.

І я сказаў: вось я. Ён сказаў мне: хто ты? І я сказаў яму: я — Амалікіцянін.
 
І ён сказаў мне: “Хто ты?” Я сказаў яму: “Я — з Амалека”.

Тады ён сказаў мне: падыдзі да мяне і забі мяне, бо скруха сьмяротная агарнула мяне, душа мая ўсё яшчэ ўва мне.
 
І ён сказаў мне: “Падыйдзі да мяне, і забі мяне, бо туга сьмяротная ахапіла мяне, але душа мая ўсё яшчэ ў-ва мне”.

І я падышоў да яго і забіў яго, бо ведаў, што ён ня будзе жывы пасьля свайго падзеньня; і ўзяў я вянок, які быў на галаве ў яго, і запясьце, якое было на руцэ ў яго, і прынёс іх гаспадару майму сюды.
 
Я падыйшоў да яго і забіў яго, бо ведаў, што ня будзе ён жыць пасьля падзеньня свайго, і ўзяў я вянок з галавы ягонай і нараменьнік, які на рамёнах ягоных, і прынёс іх гаспадару майму».

Тады схапіў Давід вопратку сваю і падраў яе, таксама і ўсе людзі, якія былі зь ім,
 
І схапіўся Давід за шаты свае, і разьдзёр іх, і [так зрабілі] ўсе людзі, якія [былі] з ім.

і галасілі і плакалі, і пасьціліся да вечара за Саўла і за сына ягонага Ёнатана, і за народ Гасподні і за дом Ізраілеў, што загінулі яны ад меча.
 
І галасілі яны, і плакалі, і посьцілі аж да вечара дзеля Саўла і дзеля Ёнатана, сына ягонага, і дзеля народу ГОСПАДА, і дзеля дому Ізраіля, якія пагінулі ад мяча.

І сказаў Давід хлопчыку, які расказваў яму: адкуль ты? і сказаў той: я — сын прыхадня Амалікіцяніна.
 
І сказаў Давід юнаку, які [пра гэта] паведаміў яму: «Адкуль ты?» Ён адказаў: «Я — сын прыхадня Амалекца».

Тады Давід сказаў яму: як не пабаяўся ты падняць руку, каб забіць памазанца Гасподняга?
 
І сказаў яму Давід: «Як ты адважыўся падняць руку тваю і забіць памазанца ГОСПАДАВАГА?»

І паклікаў Давід аднаго хлопчыка і сказаў яму: падыдзі, забі яго. І той забіў яго, і ён памёр.
 
І паклікаў Давід аднаго з юнакоў, і сказаў: «Падыйдзі і забі яго». І той забіў яго, і ён памёр.

І сказаў яму Давід: кроў твая на галаве тваёй, бо твае вусны сьведчылі на цябе, калі ты казаў: я забіў памазанца Гасподняга.
 
І сказаў Давід: «Кроў твая на галаве тваёй, бо вусны твае сьведчылі супраць цябе, кажучы: “Я забіў памазанца ГОСПАДАВАГА”».

І аплакаў Давід Саўла і сына ягонага Ёнатана гэтаю плачнаю песьняю
 
І аплакваў Давід Саўла і Ёнатана, сына ягонага, гэтым жалобным сьпевам,

і загадаў навучыць сыноў Юдавых луку, як напісана ў кнізе праведнага, і сказаў:
 
і загадаў навучыць яму сыноў Юды, і ён быў запісаны ў Кнізе Справядлівага, [і сказаў]:

краса твая, о Ізраіле, разьбітая на вышынях тваіх! як загінулі моцныя!
 
«Слаўныя твае, Ізраілю, загінулі на ўзгорках тваіх. Як жа маглі загінуць такія волаты?!

Не расказвайце ў Гэце, не абвяшчайце на вуліцах Аскалона, каб ня радаваліся дочкі Філістымлянаў, каб не весяліліся дочкі неабрэзаных.
 
Не расказвайце [гэтага] ў Гаце, не абвяшчайце на вуліцах Ашкелёну, каб ня цешыліся [з гэтага] дочкі Філістынскія, каб ня радаваліся дочкі неабрэзаных.

Горы Гэлвуйскія! ні раса, ні дождж на вас, хай ня будзе на вас палёў з пладамі, бо там павалены шчыт моцных, шчыт Саўла, як бы ня быў ён памазаны алеем.
 
Горы Гільбоа! Няхай [ня будзе] на вас ані расы, ані дажджу, ані палёў урадлівых, бо там апаганены шчыт волатаў, шчыт Саўла ня быў памазаны алеем.

Бяз крыві параненых, бяз тлушчу моцных лук Ёнатана не вяртаўся назад, і меч Саўлаў не вяртаўся марна.
 
Без крыві забітых, бяз тлушчу волатаў лук Ёнатана ніколі не вяртаўся назад, і меч Саўла не вяртаўся дарма.

Саўл і Ёнатан, любасныя і згодныя ў жыцьці сваім, не разлучыліся і ў сьмерці сваёй; імклівейшыя за арлоў, дужэйшыя за львоў яны былі.
 
Саўла і Ёнатана, якія любілі адзін аднаго і жылі ў згодзе, сьмерць таксама не разлучыла. Хутчэйшыя за арлоў і дужэйшыя за ільвоў яны [былі].

Дочкі Ізраільскія! плачце па Саўле, які апранаў вас у пурпуру з акрасамі і здабываў на вопратку вашую залатыя аздобы.
 
Дочкі Ізраіля, плачце дзеля Саўла, які апранаў вас у кармазын з упрыгожваньнямі, які ўскладаў аздобы залатыя на шаты вашыя.

Як загінулі моцныя ў бітве! Забіты Ёнатан на вышынях тваіх.
 
Як жа маглі загінуць у баі такія волаты! Ёнатан забіты на ўзгорках тваіх.

Смуткую па табе, браце мой Ёнатане; ты быў вельмі дарагі мне; любоў твая была мне вышэйшая за любоў жаночую.
 
Цяжка мне, бо [няма цябе], браце мой Ёнатан! Ты быў вельмі дарагі для мяне. Любоў твая была для мяне даражэй за любоў жаночую.

Як загінулі моцныя, загінула зброя баявая!
 
Як маглі загінуць такія волаты? Загінула зброя баявая!»