Яна 1 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Богам.
На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова.
Яно было на пачатку ў Бога:
Яно было ў Бога на пачатку.
усё празь Яго пачалося, і безь Яго нішто не пачалося з таго, што пачало быць.
Усё праз Яго сталася, і без Яго нічога не было з таго, што сталася.
У Ім было жыцьцё, і жыцьцё было сьвятлом людзей.
У Ім жыцьцё было, і жыцьцё было сьвятлом для людзей.
І сьвятло ў цемры сьвеціць, і цемра не агарнула яго.
І сьвятло ў цемры сьвеціць, і цемра не агарнула яго.
Быў чалавек, пасланы ад Бога; імя яму Ян;
Быў чалавек, пасланы ад Бога; імя яго Ян.
Ён прыйшоў дзеля сьведчаньня, каб сьведчыць пра Сьвятло, каб усе ўверавалі празь Яго;
Ён прыйшоў дзеля сьведчаньня, каб сьведчыў пра Сьвятло, каб усе мелі веру праз яго.
ён ня быў сьвятло, а быў пасланы, каб сьведчыць пра Сьвятло.
Ня быў ён сьвятлом, але [прыйшоў,] каб сьведчыць пра Сьвятло.
Было Сьвятло сапраўднае, Якое прасьвятляе кожнага чалавека, што прыходзіць у сьвет.
Было Сьвятло праўдзівае, якое прасьвятляе ўсякага чалавека, што прыходзіць у сьвет.
У сьвеце было, і сьвет празь Яго пачаў быць, і сьвет Яго не пазнаў;
Было Яно ў сьвеце, і сьвет праз Яго стаўся, і сьвет Яго не пазнаў.
прыйшоў да сваіх, і свае Яго не прынялі;
Да сваіх прыйшло, і свае Яго не прынялі.
а тым, якія прынялі Яго, веруючым у імя Ягонае, даў уладу быць дзецьмі Божымі,
А тым, што прынялі Яго, дало Яно ім уладу дзецьмі Божымі стацца, тым, якія вераць у імя Яго,
якія не ад крыві, ні ад хаценьня плоці, ні ад хаценьня мужа, а ад Бога нарадзіліся.
тым, што не ад крыві, не ад жаданьня цела, не ад жаданьня мужа, але ад Бога нарадзіліся.
І Слова стала плоцьцю, і ўсялілася ў нас, поўнае мілаты і праўды; і мы бачылі славу Ягоную, славу, як Адзінароднага ад Айца.
І Слова Целам сталася, і пасялілася між нас, поўнае ласкі і праўды, і мы бачылі славу Яго, славу, як Адзінароднага ў Айца.
Ян сьведчыць пра Яго і ўсклікаючы кажа: Гэта быў Той, пра Якога я сказаў, што Той, Хто ідзе за мною, апярэдзіў мяне, бо быў раней за мяне.
Ян сьведчыць пра Яго і ўсклікае, кажучы: «Гэта Той, пра Якога я сказаў: “Той, Які пасьля мяне ідзе, наперадзе мяне стаў, бо раней за мяне быў”».
І ад паўнаты Яго ўсе мы прынялі і мілату да мілаты;
І ад поўнасьці Яго ўсе мы прынялі ласку [Божую] за ласкай [Божай].
бо закон дадзены праз Майсея, а мілата і праўда сталіся празь Ісуса Хрыста.
Бо Закон быў дадзены праз Майсея, а ласка [Божая] і праўда сталіся праз Ісуса Хрыста.
Бога ня бачыў ніхто ніколі; Адзінародны Сын, існы ва ўлоньні Айцовым, Ён адкрыў.
Бога ня бачыў ніхто ніколі; Адзінародны Сын, Які ва ўлоньні Айца, Той зьявіў.
І вось сьведчаньне Яна, калі Юдэі прыслалі зь Ерусаліма сьвятароў і лявітаў спытацца ў яго: хто ты?
І вось сьведчаньне Яна, калі Юдэі з Ерусаліму паслалі сьвятароў і лявітаў, каб спыталіся ў яго: «Хто ты?»
Ён вызнаў і ня выракся, і вызнаў: я ня Хрыстос.
І ён вызнаў, і ня выракся, і вызнаў: «Я — не Хрыстос».
І спыталіся ў яго: а што? ты Ільля? Ён сказаў: не. Прарок? Ён адказваў: не.
І спыталіся ў яго: «Дык што? Ты — Ільля?» І гаворыць: «Не». «Прарок?» І адказаў: «Не».
Сказалі яму: хто ж ты? каб нам даць адказ тым, што паслалі нас; што ты скажаш пра самога сябе?
Дык сказалі яму: «Хто ж ты? Каб нам даць адказ тым, якія нас паслалі, што ты кажаш пра самога сябе?»
Ён сказаў: я голас таго, хто кліча ў пустыні: папраўце шлях Госпаду, як сказаў прарок Ісая.
Ён сказаў: «Я — голас таго, хто кліча ў пустыні: “Прастуйце шлях Госпаду”, як сказаў прарок Ісая».
А пасланцы былі з фарысэяў;
А пасланыя былі з фарысэяў.
і яны спыталіся ў яго: што ж ты хрысьціш, калі ты ня Хрыстос, ня Ільля, ні прарок?
І яны спыталіся ў яго, і сказалі яму: «Дык чаму ты хрысьціш, калі ты не Хрыстос, ані Ільля, ані прарок?»
Ян сказаў ім у адказ: я хрышчу ў вадзе; але стаіць сярод вас Той, Каго вы ня ведаеце;
Адказаў ім Ян, кажучы: «Я хрышчу вадой, але паўстаў сярод вас Той, Якога вы ня ведаеце;
Вось Ён Той, Хто ідзе за мною, але Які апярэдзіў мяне: я ня варты разьвязаць рэмень на абутку Ягоным.
гэта Той, Які ідзе за мною, але наперадзе мяне быў, Якому я ня варты разьвязаць рамень сандала Ягонага».
Гэта адбывалася ў Віфавары пры Ярдане, дзе хрысьціў Ян.
Сталася гэта ў Бэтабары, за Ярданам, дзе хрысьціў Ян.
На другі дзень бачыць Ян Хрыста, Які ідзе да яго, і кажа: вось Ягня Божае, Якое бярэ на Сябе грэх сьвету;
На наступны дзень бачыць Ян Ісуса, Які ішоў да яго, і кажа: «Вось Ягня Божае, Які бярэ на Сябе грэх сьвету.
Гэта Той, пра Якога я сказаў; пасьля мяне прыйдзе Муж, Які існаваў да мяне, бо Ён быў раней зя мяне;
Гэта Той, пра Якога я сказаў: “Ідзе за мною Муж, Які наперадзе мяне стаў, бо раней за мяне быў”.
я ня ведаў Яго; але дзеля таго прыйшоў хрысьціць у вадзе, каб Ён зьяўлены быў Ізраілю.
І я ня ведаў Яго; але дзеля таго, каб Ён быў зьяўлены Ізраілю, прыйшоў я, хрысьцячы вадою».
І сьведчыў Ян, кажучы: я бачыў Духа, што сыходзіў зь неба, як голуб, і быў Ён на Ім;
І засьведчыў Ян, кажучы: «Я бачыў Духа, Які зыходзіў з неба як голуб і застаўся на Ім.
я ня ведаў Яго; але Той, Хто паслаў мяне хрысьціць у вадзе, сказаў мне: на каго, убачыш, сыходзіць Дух і застаецца на Ім, Той ёсьць — Хто хрысьціць Духам Сьвятым;
І я ня ведаў Яго, але Той, Які паслаў мяне хрысьціць вадою, сказаў мне: “На Кім угледзіш Духа, Які зыходзіць і застаецца на Ім, Ён і ёсьць Той, Які хрысьціць Духам Сьвятым”.
і я бачыў і засьведчыў, што Гэты ёсьць Сын Божы.
І я ўбачыў і засьведчыў, што Ён і ёсьць Сын Божы».
На другі дзень зноў стаяў Ян і двое вучняў ягоных;
На наступны дзень ізноў стаяў Ян і двое з вучняў ягоных.
і, угледзеўшы Ісуса, Які ішоў, сказаў: вось Ягня Божае.
І, угледзеўшы, што ідзе Ісус, ён гаворыць: «Вось, Ягня Божае!»
Пачуўшы ад яго гэтыя словы, абодва вучні пайшлі за Ісусам.
І пачулі двое вучняў ягоных, як казаў гэта, і пайшлі за Ісусам.
А Ісус, абярнуўшыся і ўбачыўшы, што яны ідуць, кажа ім: што вам трэба? Яны сказалі Яму: Равьві, — што азначае: настаўнік, — дзе жывеш?
Ісус жа, павярнуўшыся і ўбачыўшы, што яны ідуць за Ім, кажа ім: «Што шукаеце?» Яны ж сказалі Яму: «Раббі, — што перакладаецца Настаўнік, — дзе жывеш?»
Кажа ім: ідзеце, і ўбачыце. Яны пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве, і прабылі ў Яго дзень той. Было каля дзясятай гадзіны.
Гаворыць ім: «Прыйдзіце і ўбачыце». Яны пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве, і засталіся ў Яго той дзень. Было ж каля дзясятае гадзіны.
Адзін з двух, што чулі пра Ісуса ад Яна і што пайшлі сьледам за Ім, быў Андрэй, брат Сымона Пятра.
Адзін з двух, якія пачулі ад Яна і пайшлі за Ім, быў Андрэй, брат Сымона Пятра.
Ён першы знаходзіць брата свайго Сымона і кажа яму: мы знайшлі Месію, што азначае: Хрыстос.
Ён першы знаходзіць брата свайго Сымона і кажа яму: «Мы знайшлі Мэсію, — што перакладаецца Хрыстос».
І прывёў яго да Ісуса. Ісус зірнуўшы на яго, сказаў: ты Сымон, сын Ёнін; ты назавешся Кіфа, што азначае: камень (Пётр).
І ён прывёў яго да Ісуса. Ісус жа, глянуўшы на яго, сказаў: «Ты — Сымон, сын Ёны, ты будзеш называцца Кіфа, — што перакладаецца Скала».
На другі дзень Ісус захацеў ісьці ў Галілею, і знаходзіць Піліпа і кажа яму: ідзі за Мною.
На наступны дзень Ісус хацеў ісьці ў Галілею, і знаходзіць Філіпа, і кажа яму: «Ідзі за Мною».
А Піліп быў зь Віфсаіды, з аднаго горада з Андрэем і Пятром.
Філіп жа быў з Бэтсаіды, з гораду Андрэя і Пятра.
Піліп знаходзіць Натанаіла і кажа яму: мы знайшлі Таго, пра Якога пісаў Майсей у законе і прарокі, Ісуса, сына Язэпавага, з Назарэта.
Філіп знаходзіць Натанаэля і кажа яму: «Мы знайшлі Таго, пра Каго пісаў Майсей у Законе і Прарокі, — Ісуса, сына Язэпа, што з Назарэту».
Але Натанаіл сказаў яму: з Назарэта ці ж можа быць што добрае? Піліп кажа яму: ідзі і паглядзі.
І сказаў яму Натанаэль: «Ці ж можа быць што добрае з Назарэту?» Гаворыць яму Філіп: «Прыйдзі і паглядзі».
Ісус, убачыўшы Натанаіла, які ішоў да Яго, кажа пра яго: вось, сапраўдны Ізраільцянін, у якім няма зламыснасьці.
Ісус убачыў Натанаэля, які ішоў да Яго, і кажа пра яго: «Вось, сапраўды, Ізраільцянін, у якім няма подступу».
Натанаіл кажа Яму: чаму Ты ведаеш мяне? Ісус сказаў яму ў адказ: перш чым паклікаў цябе Піліп, калі ты быў пад смакоўніцаю, Я бачыў цябе.
Натанаэль кажа Яму: «Адкуль Ты даведаўся пра мяне?» Адказаў Ісус і сказаў яму: «Раней, чым Філіп паклікаў цябе, калі ты быў пад дрэвам фігавым, Я бачыў цябе».
Натанаіл адказваў Яму: Равьві! Ты — Сын Божы. Ты — Цар Ізраілеў.
Адказаў Яму Натанаэль: «Раббі! Ты — Сын Божы! Ты — Валадар Ізраіля!»
Ісус сказаў яму ў адказ: ты верыш, бо Я табе сказаў: Я бачыў цябе пад смакоўніцаю; убачыш болей за гэта.
Адказаў Ісус і сказаў яму: «Ты верыш, бо Я сказаў табе: “Я бачыў цябе пад дрэвам фігавым”? Угледзіш больш за гэтае».
І кажа яму: праўду, праўду кажу вам: ад сёньня будзеце бачыць неба адчыненае і анёлаў Божых, якія ўзыходзяць і сыходзяць да Сына Чалавечага.
І кажа яму: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: ад цяпер угледзіце неба адчыненае і анёлаў Божых, якія ўзыходзяць і зыходзяць да Сына Чалавечага».