Яна 15 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
Я — сапраўдная Вінаградная Лаза, а Айцец Мой — Вінаградар;
Я ёсьць сапраўдная вінаградная лаза, а Айцец Мой — вінаградар.
кожную зь Мяне галінку, якая ня родзіць плоду, Ён абцінае; і кожную, якая родзіць плод, ачышчае, каб больш урадзіла плоду.
Усякую галіну ў Мяне, якая не дае плоду, Ён адсякае; і ўсякую, што дае плод, абчышчае, каб больш пладоў давала.
Вы ўжо ачышчаныя праз слова, якое Я прапаведаваў вам.
Вы ўжо ачышчаныя праз слова, якое Я гаварыў вам.
Заставайцеся ўва Мне, і Я ў вас. Як галіна ня можа радзіць плоду сама сабою, калі ня будзе на лазе, так і вы, калі ня будзеце ўва Мне.
Заставайцеся ў-ва Мне, і Я ў вас. Як галіна ня можа даваць плоду сама сабою, калі ня будзе на лазе, так і вы, калі не застанецеся ў-ва Мне.
Я — Лаза, а вы галіны; хто застаецца ўва Мне, і Я ў ім, той родзіць многа плоду, бо безь Мяне ня можаце рабіць нічога.
Я — вінаградная лаза, вы — галіны; хто застаецца ў-ва Мне, і Я ў ім, той прыносіць мноства пладоў, бо без Мяне вы ня можаце рабіць нічога.
Хто не застаецца ўва Мне, той будзе выкінуты прэч, як галіна, і засохне; а такія галіны зьбіраюць і кідаюць у вагонь, і яны згараюць;
Хто ня будзе ў-ва Мне, будзе выкінуты вон, як галіна, і засохне; і іх зьбіраюць, і кідаюць у вагонь, і яны згараць.
калі застанецеся ўва Мне, і словы Мае ў вас застануцца, дык, чаго ні захочаце, прасеце, і будзе вам.
Калі застанецеся ў-ва Мне, і словы Мае ў вас застануцца, то што хочаце, прасіце, і станецца вам.
Тым праславіцца Айцец Мой, калі вы ўродзіце многа плоду, і будзеце Маімі вучнямі.
У гэтым будзе праслаўлены Айцец Мой, калі вы прынесяцё мноства пладоў і будзеце Маімі вучнямі.
Як палюбіў Мяне Айцец, і Я палюбіў вас; заставайцеся ў любові Маёй,
Як палюбіў Мяне Айцец, і Я палюбіў вас; заставайцеся ў любові Маёй.
калі наказы Мае выканаеце, застанецеся ў любові Маёй, як і Я выканаў наказы Айца Майго і застаюся ў Яго любові.
Калі захаваеце прыказаньні Мае, застанецеся ў любові Маёй, як і Я захаваў прыказаньні Айца Майго і застаюся ў Яго любові.
Гэта сказаў Я вам, каб радасьць Мая ў вас заставалася і радасьць вашая была поўная.
Гэтае сказаў Я вам, каб радасьць Мая ў вас была, і каб радасьць вашая была поўная.
Гэта ёсьць запаведзь Мая, палюбеце ж адзін аднаго, як Я палюбіў вас.
Гэта прыказаньне Маё, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас.
Няма большае за тую любоў, як калі хто пакладзе душу сваю за сяброў сваіх.
Ніхто ня мае любові большае за тую, калі хто аддасьць душу сваю за сяброў сваіх.
Вы сябры Мае, калі выконваеце тое, што Я наказваю вам;
Вы — сябры Мае, калі робіце тое, што Я загадваю вам.
Я ўжо не называю вас рабамі, бо раб ня ведае, што робіць гаспадар ягоны; а Я назваў вас сябрамі, бо сказаў вам усё, што чуў ад Айца Майго.
Я больш не называю вас слугамі, бо слуга ня ведае, што робіць гаспадар ягоны, а Я назваў вас сябрамі, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, паведаміў вам.
Ня вы Мяне выбралі, а Я вас выбраў і паставіў вас, каб вы ішлі і радзілі плод, і каб плод ваш заставаўся, каб, чаго ні папросіце ў Айца ў імя Маё, Ён даў вам.
Ня вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў і паставіў вас, каб вы ішлі і прыносілі плод, і каб плод ваш заставаўся; каб тое, што папросіце ў Айца ў імя Маё, Ён даў вам.
Гэта наказваю вам: любеце ж адзін аднаго.
Гэта загадваю вам, каб вы любілі адзін аднаго.
Калі сьвет вас ненавідзіць, ведайце, што Мяне раней за вас зьненавідзеў.
Калі сьвет вас ненавідзіць, зразумейце, што Мяне раней за вас зьненавідзіў.
Калі б вы былі ад сьвету, дык сьвет любіў бы сваё; а як вы не ад сьвету, а Я вас выбраў ад сьвету, таму ненавідзіць вас сьвет.
Калі б вы былі са сьвету, сьвет любіў бы сваё, а як вы не са сьвету, але Я выбраў вас са сьвету, дык за гэта ненавідзіць вас сьвет.
Памятайце слова, якое Я сказаў вам: раб ня большы за гаспадара свайго. Калі Мяне гналі, гнацьмуць і вас; калі Маё слова захоўвалі, будуць захоўваць і ваша;
Памятайце словы, якія Я сказаў вам: “Слуга ня большы за гаспадара свайго”. Калі Мяне перасьледавалі, і вас будуць перасьледаваць; калі Маё слова захавалі, і вашае захаваюць.
але ўсё тое зробяць вам за імя Маё, ня ведаюць бо Таго, Хто паслаў Мяне.
Але ўсё гэтае зробяць вам дзеля імя Майго, бо ня ведаюць Таго, Хто паслаў Мяне.
Калі б Я ня прыйшоў і не казаў ім, дык ня мелі б грэху; а цяпер ня маюць дараваньня ў грэху сваім.
Калі б Я не прыйшоў і не гаварыў ім, ня мелі б грэху, а цяпер ня маюць адгаворкі ў грэху сваім.
Хто ненавідзіць Мяне, ненавідзіць і Айца Майго;
Хто Мяне ненавідзіць, ненавідзіць і Айца Майго.
калі б Я ня ўчыніў паміж імі дзеяў, якіх ніхто іншы ня ўчыняў, дык ня мелі б грэху; а цяпер і бачылі, і ўзьненавідзелі і Мяне і Айца Майго.
Калі б Я не ўчыніў сярод іх справаў, якіх ніхто іншы не рабіў, ня мелі б грэху, а цяпер і бачылі, і зьненавідзелі і Мяне, і Айца Майго.
Але хай збудзецца слова, напісанае ў законе іхнім: «зьненавідзелі Мяне марна».
Але каб споўнілася слова, напісанае ў Законе іхнім: “Зьненавідзелі Мяне дарэмна”.
Калі ж прыйдзе Суцешнік, Якога Я пашлю вам ад Айца, Дух праўды, Які ад Айца зыходзіць, Ён будзе сьведчыць пра Мяне;
Калі ж прыйдзе Абаронца, Якога Я пашлю вам ад Айца, Дух Праўды, Які ад Айца зыходзіць, Ён будзе сьведчыць пра Мяне.
А таксама і вы будзеце сьведчыць, бо вы ад пачатку са Мною.
І вы таксама будзеце сьведчыць, бо вы ад пачатку са Мною.