Ёіля 1 разьдзел

Кніга прарока Ёіля
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Слова Гасподняе, якое было Ёілю, сыну Ватуілаваму.
 
Слова ГОСПАДА, якое было да Ёэля, сына Пэтуэля.

Слухайце гэта, старцы, і ўважайце, усе жыхары зямлі гэтай: ці бывала такое ў дні вашыя альбо ў дні бацькоў вашых?
 
Слухайце гэта, старыя, і прыхіліце вуха, усе жыхары зямлі. Ці было такое ў дні вашыя або ў дні бацькоў вашых?

Перадайце пра гэта дзецям вашым; а дзеці вашыя хай скажуць сваім дзецям, а іхнія дзеці — наступнаму роду;
 
Распавядзіце пра гэта сынам вашым, а сыны вашыя — сынам сваім, а сыны іхнія — пакаленьню наступнаму.

пазасталае ад вусеня ела саранча, пазасталае ад саранчы елі чэрві, а пазасталае ад чарвей даелі жукі.
 
Тое, што засталося ад вусеняў, зьела саранча, што засталося ад саранчы, зьелі хрушчы, што засталося ад хрушчоў, паелі чэрві.

Прачнецеся, п’яніцы, і плачце і галасеце, усе, хто п’е віно, на вінаградным соку, бо ён адабраны ад вуснаў вашых!
 
Прачніцеся, п’яніцы, і плачце, і бядуйце ўсе тыя, што п’юць віно, па маладым віне, бо яно забранае ад вуснаў вашых.

Бо прыйшоў на зямлю маю народ моцны і безьлічны; зубы ў яго — зубы ільвіныя, і сківіцы ў яго як у львіцы.
 
Бо прыйшоў на зямлю Маю народ дужы, якога безьліч. Зубы ягоныя — зубы ільвіныя, а сківіцы — як у ільвіцы.

Спустошыў ён вінаградную лазу маю, а смакоўніцу маю абламаў, абадраў яе нагола і кінуў; пабялелі галіны ў яе,
 
Ён зрабіў пустэчаю вінаграднік Мой, дрэва фігавае Маё паламаў, дашчэнту агаліў яго і адкінуў; зьбялелі галіны ягоныя.

Галасі, як маладая жонка, аперазаўшыся вярэтаю, па мужы маладосьці сваёй!
 
Галасі як маладзіца, падперазаная зрэбніцаю, над мужам маладосьці сваёй.

Спынілася хлебнае прынашэньне і паліваньне ў доме Гасподнім; плачуць сьвятары, служкі Гасподнія.
 
Забраныя ахвяры хлебныя і ахвяры вадкія ад Дому ГОСПАДА; у жалобе сьвятары, служыцелі ГОСПАДА.

Спустошана поле, наракае зямля; бо зьнішчаны хлеб, высах вінаградны сок, зьвяла масьліна.
 
Поле спустошана, у жалобе зямля, бо стаптанае збожжа, высахла маладое віно, зьвяла аліўка.

Чырванейце ад сораму, земляробы, галасеце, вінаградары, па пшаніцы і ячмені, бо загінула жніво ў полі,
 
Смуткуйце, земляробы, галасіце, вінаградары, дзеля пшаніцы і дзеля ячменю, бо загінула жніво ў полі.

засохла вінаградная лаза і смакоўніца зьвяла; гранатавае дрэва, пальма і яблыня — усе дрэвы ў полі пасохлі; таму і весялосьць у сыноў чалавечых зьнікла.
 
Вінаградная лаза засохла, і дрэва фігавае зьвяла, дрэва гранатовае і пальма, і яблына, і ўсе дрэвы палявыя пасохлі; бо высахла вясёласьць паміж сыноў чалавечых.

Аперажэцеся вярэтаю і плачце, сьвятары! галасеце, служкі алтара! увайдзеце, начуйце ў вярэтах, службіты Бога майго! бо ня стала ў доме Бога вашага хлебнага прынашэньня і паліваньня.
 
Падперажыцеся [зрэбніцай] і лямантуйце, сьвятары, галасіце, служыцелі ахвярніка, хадзіце, начуйце ў зрэбніцы, служыцелі Бога майго, бо затрыманыя ахвяры хлебныя і ахвяры вадкія ў Доме Бога вашага.

Назначце пост, абвясьцеце ўрачысты сход, склічце старцаў і ўсіх жыхароў краіны гэтай у дом Госпада Бога вашага і заклікайце да Госпада.
 
Прызначце сьвяты пост, склічце ўрачысты сход, зьбярыце старых і ўсіх жыхароў зямлі гэтай у Дом ГОСПАДА, Бога вашага, і клічце да ГОСПАДА.

О, які дзень! бо дзень Гасподні блізкі: як спусташэньне ад Усемагутнага прыйдзе ён.
 
Гора дню гэтаму, бо блізка дзень ГОСПАДА, ён прыйдзе як спусташэньне ад Усемагутнага.

Ці ня перад нашымі вачыма адбіраецца ежа, ад дома Бога нашага — весялосьць і радасьць?
 
Хіба не перад вачыма нашымі забіраецца ежа, з Дому Бога нашага [забіраецца] радасьць і пацяшэньне?

Стлелі зярнятамі пад камлыгамі сваімі, апусьцелі засекі, разбураны кладоўкі, бо ня стала хлеба.
 
Згніла зерне пад скібамі сваімі, спусьцелі каморы, разбураныя пуні, бо высахла збожжа.

Як стогне быдла, паныла ходзяць статкі валоў, бо няма ім пашы! томяцца і статкі авечак.
 
Як стогне скаціна, блукаюць чароды кароваў, бо няма для іх пашы, і чароды авечак спустошаны.

Да Цябе, Госпадзе, заклікаю; бо агонь зжэр кормныя пашы пустыні, і полымя папаліла ўсе дрэвы ў полі.
 
Да Цябе, ГОСПАДЗЕ, гукаю, бо агонь зжэр пашы пустыні, і полымя спаліла ўсе дрэвы палявыя.

Нават і жывёлы на полі заклікаюць да Цябе, бо высахлі патокі водаў, і агонь зьнішчыў пашы пустыні.
 
Таксама жывёла палявая прагне да Цябе, бо ручаі водаў высахлі, і агонь зжэр пашы пустыні.