Ёіля 2 разьдзел

Кніга прарока Ёіля
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Трубеце трубою на Сіёне і беце трывогу на сьвятой гары Маёй; хай трымцяць усе жыхары зямлі, бо настае дзень Гасподні, бо ён блізка —
 
Трубіце ў рог на Сыёне, усклікайце на гары Маёй сьвятой! Дрыжыце, усе жыхары зямлі, бо ідзе дзень ГОСПАДА, бо ён блізка,

дзень цемры і мораку, дзень хмарны і туманны: як ранішняя зара пашыраецца па гарах народ шматлікі і моцны, якога ня бывала адвеку і пасьля таго ня будзе ў роды родаў.
 
дзень цемры і змроку, дзень хмары і імглы. Як зараніца рухаецца па гарах, [так] народ шматлікі і дужы. Падобнага да яго не было спрадвеку і пасьля яго ня будзе аж да гадоў пакаленьня і пакаленьня.

Перад ім жарэ агонь, а за ім паліць полымя; перад ім зямля як сад Эдэмскі, а за ім будзе спустошаны стэп, і нікому ня будзе ратунку ад яго.
 
Перад абліччам ягоным агонь жарэ, а за ім полымя спальвае; як сад Эдэм зямля перад ім, а за ім — спустошаная пустыня, і ніхто не ўцячэ ад яго.

Выгляд яго як выгляд у коней, і скачуць яны як коньнікі;
 
Выгляд іхні — нібы выгляд коней, і, як вершнікі, так яны бягуць.

скачуць па вяршынях гор як бы са стукам калясьніц, як бы з трэскам агнявога полымя, якое жарэ салому, як моцны народ, пастаўлены на бітву.
 
Як грукат калясьніцаў на вяршынях гор, яны імчаць, як трэскат полымя агню, які жарэ салому, як народ дужы шыхтуецца да бітвы.

Убачыўшы яго, затрымцяць народы, ва ўсіх твары зьбялеюць.
 
Ад аблічча ягонага дрыжаць народы, усе твары зьбялелі.

Як змагары бягуць яны і як адважныя воіны залазяць на сьцяну, і кожны ідзе сваёю дарогаю і ня зьбіваецца са шляхоў сваіх.
 
Як волаты яны бягуць, як ваяры ўзыходзяць на муры, і кожны ідзе па шляху сваім, і ня збочвае са сьцежкі сваёй.

Ня душаць адзін аднаго, кожны ідзе сваёю сьцежкаю, і падаюць на дзіды, але застаюцца бяз шкоды.
 
Адзін аднаго ня пхае, кожны ідзе дарогаю сваёй, яны падаюць на дзіды і ня гінуць.

Бегаюць па горадзе, падымаюцца на сьцены, залазяць на дамы, уваходзяць у вокны, як злодзей.
 
У горад урываюцца, на муры ўзыходзяць, у дамы ўваходзяць, праз вокны ўлазяць як злодзей.

Перад імі затрасецца зямля, пахісьнецца неба, сонца і месяц запамрочацца, і зоркі страцяць сваё сьвятло.
 
Перад абліччам Ягоным трасецца зямля, дрыжыць неба, сонца і месяц цямнеюць, і зоркі губляюць бляск свой.

І Гасподзь дасьць голас Свой перад войскам Сваім, бо досыць шматлікае полчышча Яго і магутны выканаўца слова Яго; бо вялікі дзень Гасподні і досыць страшны, і хто вытрымае яго?
 
І ГОСПАД дае голас Свой перад абліччам войска Свайго, бо вельмі вялікі табар Ягоны, бо магутны той, хто выконвае слова Ягонае, бо вялікі дзень ГОСПАДА і вельмі страшны, і хто можа вытрымаць яго?

Але і сёньня яшчэ гаворыць Гасподзь: зьвярнецеся да Мяне ўсім сэрцам Сваім у посьце, плачы і галашэньні.
 
І нават цяпер, кажа ГОСПАД, навярніцеся да Мяне ўсім сэрцам сваім у посьце, з плачам і галашэньнем.

Разьдзірайце сэрцы вашыя, а ня вопратку сваю, і зьвярнецеся да Госпада Бога вашага; бо Ён добры і міласэрны, шматцярплівы і шматмілажальны і шкадуе пра бедства.
 
І разьдзірайце сэрца вашае, а не адзеньні вашыя, і навярніцеся да ГОСПАДА, Бога вашага, бо Ён ласкавы і спагадлівы, павольны да гневу і вельмі міласэрны, і шкадуе ў нядолі.

Хто ведае, ці не ўмілажаліцца Ён і ці не пакіне дабраславеньня, хлебнага прынашэньня і паліваньня Госпаду Богу вашаму?
 
Хто ведае, ці Ён не павернецца [да вас], і не пашкадуе, і не пакіне дабраславенства ахвяры хлебнай і ахвяры вадкай для ГОСПАДА, Бога вашага?

Затрубеце трубою на Сіёне, назначце пост і абвясьцеце ўрачысты сход.
 
Трубіце ў рог на Сыёне, прызначце пост, склічце ўрачысты сход,

Зьбярэце народ, склічце сход, запрасеце старцаў, зьбярэце падлеткаў і грудных немаўлят; хай выйдзе малады з хароміны сваёй і маладая са сваёй сьвяцёлкі.
 
зьбярыце народ, прызначце [збор] царквы, склічце старых, зьбярыце дзяцей і немаўлят; няхай выйдзе жаніх з пакою свайго і нявеста з-пад намёту свайго.

Паміж бабінцам і ахвярнікам хай плачуць сьвятары, службіты Гасподнія, і кажуць: «зьлітуйся, Госпадзе, з народу Твайго, не аддай спадчыны Тваёй на паганьбеньне, каб ня зьдзекаваліся зь яе народы! Дзеля чаго будуць гаварыць паміж народамі: дзе Бог іхні?»
 
Паміж прысенкамі і ахвярнікам няхай плачуць сьвятары, служыцелі Божыя, і няхай кажуць: «Пашкадуй, ГОСПАДЗЕ, народ Твой, і ня дай спадчыны Тваёй на ганьбаваньне, каб народы ня мелі ўлады над ёю. Навошта маюць казаць між народамі: “Дзе Бог іхні?”»

І тады паклапоціцца Гасподзь пра зямлю Сваю і зьлітуецца з народу Свайго.
 
І запалае ГОСПАД рэўнасьцю пра зямлю Сваю, і зьлітуецца над народам Сваім.

І адкажа Гасподзь і скажа народу Свайму: вось, я пашлю вам хлеб і віно і алей, і будзеце насычацца імі, і болей не аддам вас на паганьбеньне народам.
 
І адказаў ГОСПАД, і сказаў народу Свайму: «Вось, Я пашлю вам збожжа і маладое віно, і алей, і вы насыціцеся імі, і не аддам вас больш на ганьбаваньне між народамі.

І таго, што прыйшоў з поўначы, выдалю ад вас і выганю ў зямлю бязводную і пустую, папярэдняе полчышча яго — у мора ўсходняе, а задняе — у мора заходняе, і пойдзе ад яго смурод і патыхне ад яго смуродам, бо ён шмат нарабіў ліха.
 
І [ворага] з поўначы аддалю ад вас, і выганю яго ў зямлю сухую і спустошаную, пярэднюю [дружыну] ягоную — у мора ўсходняе, а заднюю [дружыну] — у мора заходняе; і ўзьнімецца ад яго смурод, і пойдзе ад яго пах гнілізны, бо ён учыніў [ліха] вялікае.

Ня бойся, зямля: радуйся і весяліся, бо Гасподзь вялікі, каб учыніць гэта.
 
Ня бойся, зямля, весяліся і радуйся, бо ГОСПАД зробіць вялікае.

Ня бойцеся, жывёлы, бо пашы пустыні дадуць росту траве, дрэва ўродзіць плод свой, смакоўніца і вінаградная лаза выявяць сваю сілу.
 
Ня бойцеся, жывёлы палявыя, бо зазелянеюць пашы ў пустыні, бо дрэвы дадуць плады свае, дрэва фігавае і вінаград дадуць сілу сваю.

І вы, дзеці Сіёна, радуйцеся і весялецеся ў Госпадзе Богу вашым; бо Ён дасьць вам дождж у меру і будзе пасылаць вам дождж, дождж раньні і позьні, як раней.
 
А вы, сыны Сыёну, весяліцеся і радуйцеся ў ГОСПАДЗЕ, Богу вашым, бо Ён дасьць вам дождж раньні паводле праведнасьці [Сваёй], і выльле на вас дождж, дождж раньні і дождж позьні, як [было] раней.

І напоўняцца гумны хлебам і перапоўняцца чавільні вінаградным сокам і алеем.
 
І напоўняцца такі збожжам, і перапоўняцца тоўчні маладым віном і алеем.

І заплачу вам за тыя гады, калі жэрлі саранча, чэрві, жукі і вусень — вялікае войска Маё, якое пасылаў Я на вас.
 
І Я аднагароджу вам за тыя гады, у якія [ўсё] паелі саранча, хрушчы, чэрві і вусені — войска Маё вялікае, якое Я паслаў супраць вас.

І ўдосыць будзеце есьці і насычацца і славіць імя Госпада Бога вашага, Які дзівосна ўчыніў з вамі, і не пасарамаціцца народ Мой вавек.
 
І будзеце есьці, ядучы, і насыціцеся, і будзеце хваліць імя ГОСПАДА, Бога вашага, Які робіць для вас цудоўныя рэчы, і [больш] ня будзе асаромлены народ Мой на вякі.

І ўведаеце, што Я — пасярод Ізраіля і Я — Гасподзь Бог ваш, і няма іншага, і Мой народ не пасарамаціцца вавек.
 
І даведаецеся, што Я ёсьць сярод Ізраіля, і Я — ГОСПАД, Бог ваш, і няма іншага, і [больш] ня будзе асаромлены народ Мой на вякі.

І будзе пасьля таго, вылью ад Духа Майго на ўсякую плоць, і будуць прарочыць сыны вашыя і дочкі вашыя; старцам вашым будуць сьніцца сны, і хлопцы вашыя будуць бачыць уявы.
 
І станецца пасьля гэтага, Я выльлю Духа Майго на кожнае цела, і будуць прарочыць сыны вашыя і дочкі вашыя, старыя вашыя будуць сьніць сны, юнакі вашыя будуць бачыць відзежы.

І таксама на рабоў і на рабыняў у тыя дні вылью ад Духа Майго.
 
І таксама на слугаў і на служак выльлю ў тыя дні Духа Майго,

І дам цуды на небе і на зямлі: кроў і агонь і слупы куродыму.
 
і дам цуды ў небе і на зямлі, кроў і агонь, і слупы дыму.

Сонца ператворыцца ў цемру, і месяц — у кроў, перш чым настане дзень Гасподні, вялікі і страшны.
 
Сонца пераменіцца ў цемру, а месяц — у кроў, перад тым, калі прыйдзе дзень ГОСПАДА, вялікі і страшны.

І будзе: кожны, хто пакліча імя Гасподняе, уратуецца; бо на гары Сіёне і ў Ерусаліме будзе ратунак, як сказаў Гасподзь, і ў астатніх, якіх пакліча Гасподзь.
 
І станецца, кожны, хто будзе клікаць імя ГОСПАДА, будзе выбаўлены, бо на гары Сыён і ў Ерусаліме будзе выбаўленьне, як сказаў ГОСПАД, і сярод тых, якія засталіся, якіх ГОСПАД пакліча.