1 Трубіце ў рог на Сыёне, усклікайце на гары Маёй сьвятой! Дрыжыце, усе жыхары зямлі, бо ідзе дзень ГОСПАДА, бо ён блізка,
2 дзень цемры і змроку, дзень хмары і імглы. Як зараніца рухаецца па гарах, [так] народ шматлікі і дужы. Падобнага да яго не было спрадвеку і пасьля яго ня будзе аж да гадоў пакаленьня і пакаленьня.
3 Перад абліччам ягоным агонь жарэ, а за ім полымя спальвае; як сад Эдэм зямля перад ім, а за ім — спустошаная пустыня, і ніхто не ўцячэ ад яго.
4 Выгляд іхні — нібы выгляд коней, і, як вершнікі, так яны бягуць.
5 Як грукат калясьніцаў на вяршынях гор, яны імчаць, як трэскат полымя агню, які жарэ салому, як народ дужы шыхтуецца да бітвы.
6 Ад аблічча ягонага дрыжаць народы, усе твары зьбялелі.
7 Як волаты яны бягуць, як ваяры ўзыходзяць на муры, і кожны ідзе па шляху сваім, і ня збочвае са сьцежкі сваёй.
8 Адзін аднаго ня пхае, кожны ідзе дарогаю сваёй, яны падаюць на дзіды і ня гінуць.
9 У горад урываюцца, на муры ўзыходзяць, у дамы ўваходзяць, праз вокны ўлазяць як злодзей.
10 Перад абліччам Ягоным трасецца зямля, дрыжыць неба, сонца і месяц цямнеюць, і зоркі губляюць бляск свой.
11 І ГОСПАД дае голас Свой перад абліччам войска Свайго, бо вельмі вялікі табар Ягоны, бо магутны той, хто выконвае слова Ягонае, бо вялікі дзень ГОСПАДА і вельмі страшны, і хто можа вытрымаць яго?
12 І нават цяпер, кажа ГОСПАД, навярніцеся да Мяне ўсім сэрцам сваім у посьце, з плачам і галашэньнем.
13 І разьдзірайце сэрца вашае, а не адзеньні вашыя, і навярніцеся да ГОСПАДА, Бога вашага, бо Ён ласкавы і спагадлівы, павольны да гневу і вельмі міласэрны, і шкадуе ў нядолі.
14 Хто ведае, ці Ён не павернецца [да вас], і не пашкадуе, і не пакіне дабраславенства ахвяры хлебнай і ахвяры вадкай для ГОСПАДА, Бога вашага?
15 Трубіце ў рог на Сыёне, прызначце пост, склічце ўрачысты сход,
16 зьбярыце народ, прызначце [збор] царквы, склічце старых, зьбярыце дзяцей і немаўлят; няхай выйдзе жаніх з пакою свайго і нявеста з-пад намёту свайго.
17 Паміж прысенкамі і ахвярнікам няхай плачуць сьвятары, служыцелі Божыя, і няхай кажуць: «Пашкадуй, ГОСПАДЗЕ, народ Твой, і ня дай спадчыны Тваёй на ганьбаваньне, каб народы ня мелі ўлады над ёю. Навошта маюць казаць між народамі: “Дзе Бог іхні?”»
18 І запалае ГОСПАД рэўнасьцю пра зямлю Сваю, і зьлітуецца над народам Сваім.
19 І адказаў ГОСПАД, і сказаў народу Свайму: «Вось, Я пашлю вам збожжа і маладое віно, і алей, і вы насыціцеся імі, і не аддам вас больш на ганьбаваньне між народамі.
20 І [ворага] з поўначы аддалю ад вас, і выганю яго ў зямлю сухую і спустошаную, пярэднюю [дружыну] ягоную — у мора ўсходняе, а заднюю [дружыну] — у мора заходняе; і ўзьнімецца ад яго смурод, і пойдзе ад яго пах гнілізны, бо ён учыніў [ліха] вялікае.
21 Ня бойся, зямля, весяліся і радуйся, бо ГОСПАД зробіць вялікае.
22 Ня бойцеся, жывёлы палявыя, бо зазелянеюць пашы ў пустыні, бо дрэвы дадуць плады свае, дрэва фігавае і вінаград дадуць сілу сваю.
23 А вы, сыны Сыёну, весяліцеся і радуйцеся ў ГОСПАДЗЕ, Богу вашым, бо Ён дасьць вам дождж раньні паводле праведнасьці [Сваёй], і выльле на вас дождж, дождж раньні і дождж позьні, як [было] раней.
24 І напоўняцца такі збожжам, і перапоўняцца тоўчні маладым віном і алеем.
25 І Я аднагароджу вам за тыя гады, у якія [ўсё] паелі саранча, хрушчы, чэрві і вусені — войска Маё вялікае, якое Я паслаў супраць вас.
26 І будзеце есьці, ядучы, і насыціцеся, і будзеце хваліць імя ГОСПАДА, Бога вашага, Які робіць для вас цудоўныя рэчы, і [больш] ня будзе асаромлены народ Мой на вякі.
27 І даведаецеся, што Я ёсьць сярод Ізраіля, і Я — ГОСПАД, Бог ваш, і няма іншага, і [больш] ня будзе асаромлены народ Мой на вякі.
28 І станецца пасьля гэтага, Я выльлю Духа Майго на кожнае цела, і будуць прарочыць сыны вашыя і дочкі вашыя, старыя вашыя будуць сьніць сны, юнакі вашыя будуць бачыць відзежы.
29 І таксама на слугаў і на служак выльлю ў тыя дні Духа Майго,
30 і дам цуды ў небе і на зямлі, кроў і агонь, і слупы дыму.
31 Сонца пераменіцца ў цемру, а месяц — у кроў, перад тым, калі прыйдзе дзень ГОСПАДА, вялікі і страшны.
32 І станецца, кожны, хто будзе клікаць імя ГОСПАДА, будзе выбаўлены, бо на гары Сыён і ў Ерусаліме будзе выбаўленьне, як сказаў ГОСПАД, і сярод тых, якія засталіся, якіх ГОСПАД пакліча.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга прарока Ёэля, 2 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023