1 Як сядзіць самотна сталіца, [некалі] шматлюдная! Сталася як удава тая, якая [была] вялікай сярод народаў. Княгіня сярод краінаў сталася нявольніцай!
2 Яна плачма плача ўначы, і сьлёзы ейныя на шчоках у яе. Няма для яе пацяшальніка з усіх, што любілі яе; усе сябры ейныя здрадзілі ёй, сталі ворагамі для яе.
3 Юдэя ўзята ў палон, [яна] ў горы і няволі вялікай, яна жыве паміж паганамі, не знаходзіць супачынку; усе перасьледвальнікі ейныя дагналі яе ў [месцах] цесных.
4 Смутныя шляхі [дачкі] Сыёну, ніхто ня прыйдзе на сьвяты; усе брамы яе спустошаныя; сьвятары яе енчаць; дзяўчаты яе пакутуюць, і горка ёй.
5 Прыгнятальнікі яе сталіся галавою, ворагі яе маюць посьпех, бо ГОСПАД даў ёй пакуты за мноства правінаў яе; дзеці яе пайшлі ў палон перад абліччам прыгнятальніка.
6 І адыйшла ад дачкі Сыёну ўся велічнасьць яе; князі яе сталіся як алені, якія не знаходзяць пашы, і ідуць яны бяз сілы перад перасьледвальнікам.
7 Узгадвае Ерусалім у дні нядолі сваёй і гаротнасьці сваёй усе каштоўнасьці свае, якія былі ў дні даўнейшыя, [перад тым,] як патрапіў народ ягоны ў руку прыгнятальніка, і няма нікога, хто дапаможа яму, і бачаць гэта прыгнятальнікі, і сьмяюцца з руінаў ягоных.
8 Грэхам зграшыла [дачка] Ерусаліму, дзеля гэтага сталася нячыстаю; усе, хто шанавалі яе, пагарджаюць ёю, бо бачылі голасьць ейную; яна таксама енчыць і адварочваецца [ад усіх].
9 Нячыстасьць ейная — на прыполах ейных, яна ня ўзгадвала пра канец свой; і яна ўпала незвычайна, не было пацяшальніка ў яе. «Глянь, ГОСПАДЗЕ, на нядолю маю, бо ўзьвялічыўся вораг».
10 Прыгнятальнік выцягнуў руку сваю на ўсе каштоўныя рэчы ейныя, яна бачыла, што ўвайшлі ў сьвятыню ейную пагане, пра якіх Ты загадаў, што яны ня ўвойдуць у царкву Тваю.
11 Увесь народ ейны енчыць, шукаючы хлеба, яны аддалі каштоўныя рэчы свае за ежу, каб ажывіць душу сваю. «Глянь, ГОСПАДЗЕ, і прыгледзься, бо я сталася нікчэмнаю».
12 «Гэта нішто для вас! Усе вы, што ідзеце па дарозе, прыгледзьцеся і пабачце, ці ёсьць такі боль, як мой боль, які зроблены мне, якім ГОСПАД даў пакуты [мне] ў дзень палючага гневу Свайго.
13 З вышыні Ён паслаў агонь у косткі мае і запанаваў над імі; расьцягнуў сетку на ногі мае, павярнуў мяне назад, зрабіў мяне спустошанаю і мляваю ўвесь дзень.
14 Ярмо правінаў маіх зьвязана рукою Ягонай; яны сплеценыя, узыйшлі на шыю маю; Ён паваліў сілу маю; Госпад аддаў мяне ў рукі, з якіх я не магу вырвацца.
15 Госпад сапхнуў усіх дужых сярод мяне, склікаў грамаду супраць мяне, каб струшчыць юнакоў маіх; як у тоўчні, стаптаў Госпад дзяўчыну, дачку Юды.
16 З гэтае прычыны я плачу; вока маё, вока маё выцякае вадою, бо далёка ад мяне пацяшальнік, які ажывіў бы душу маю; сыны мае зьнішчаныя, бо ўзьвялічыўся вораг».
17 Выцягвае рукі свае [дачка] Сыёну, няма каму пацешыць яе. ГОСПАД загадаў пра Якуба, вакол яго прыгнятальнікі ягоныя; [дачка] Ерусаліму сталася нячыстаю сярод іх.
18 «Праведны ГОСПАД, бо я бунтавалася супраць [слова] вуснаў Ягоных. Слухайце, прашу, усе народы, і пабачце боль мой: дзяўчаты мае і юнакі мае пайшлі ў палон.
19 Я клікала каханкаў маіх, але яны падманулі мяне; сьвятары мае і старшыні мае гінуць у горадзе, шукаючы ежы сабе, каб ажывіць душы свае.
20 Глянь, ГОСПАДЗЕ, бо цесна мне, унутранасьць мая скорчылася, сэрца маё пераварочваецца ў-ва мне, бо бунтуючыся, я збунтавалася; звонку меч забірае дзяцей, а ў доме — сьмерць.
21 Яны пачулі, што я енчу, і няма каму пацешыць мяне; усе ворагі мае пачулі пра нядолю маю і цешацца, што Ты ўчыніў [гэта]. Прывядзі [на іх] дзень, які Ты прадказаў, і няхай будзе з імі, як са мною!
22 Няхай уся ліхота іхняя прыйдзе перад аблічча Тваё, і ўчыні ім так, як Ты ўчыніў мне за ўсе правіны мае, бо вялікі енк мой, і сэрца маё млоснае».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Плач Ярэміі, 1 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023