1 Першую аповесьць учыніў я, Тэафіле, пра ўсё, што пачаў Ісус рабіць і навучаць
2 да таго дня, у які быў узьнесены, даўшы праз Духа Сьвятога загады апосталам, якіх выбраў,
3 і перад якімі зьявіў Сябе жывым пасьля цярпеньняў Сваіх са шматлікімі доказамі, на працягу сарака дзён паказываючыся ім і кажучы пра Валадарства Божае.
4 І, сабраўшы іх, загадаў ім: «Не адыходзьце з Ерусаліму, але чакайце на абяцаньне Айца, пра якое вы чулі ад Мяне,
5 што Ян хрысьціў вадою, а вы праз некалькі дзён будзеце ахрышчаны Духам Сьвятым».
6 А яны, зыйшоўшыся, пыталіся ў Яго, кажучы: «Госпадзе, ці ня ў гэты час Ты адновіш валадарства Ізраіля?»
7 Ён жа сказаў ім: «Ня вам ведаць час ці пару, якія Айцец паклаў ва ўладзе Сваёй,
8 але вы возьмеце сілу, як зыйдзе на вас Дух Сьвяты, і будзеце Мне сьведкамі ў Ерусаліме, і ў-ва ўсёй Юдэі і Самарыі, і нават да краю зямлі».
9 І, сказаўшы гэтае, Ён быў падняты, калі яны глядзелі [на Яго], і воблака ўзяло Яго ад вачэй іхніх.
10 І калі яны ўглядаліся ў неба, як Ён адыходзіў, вось, два мужы сталі перад імі ў белым адзеньні
11 і сказалі: «Мужы Галілейскія! Чаго вы стаіцё, гледзячы ў неба? Гэты Ісус, узяты ад вас у неба, прыйдзе гэтак сама, як вы бачылі Яго, што ідзе ў неба».
12 Тады яны вярнуліся ў Ерусалім з гары, называнай Аліўнай, што блізка ад Ерусаліму, за дзень суботні ходу.
13 І, калі прыйшлі, узыйшлі ў залю, дзе былі Пётар, і Якуб, і Ян, і Андрэй, Філіп і Тамаш, Барталамей і Мацьвей, Якуб Алфеяў і Сымон Зілот, і Юда Якубаў.
14 Усе яны трывалі аднадушна ў малітвах і просьбах разам з жанчынамі, і Марыяй, маці Ісуса, і братамі Ягонымі.
15 І ў тыя дні Пётар, устаўшы сярод вучняў, сказаў, — а была грамада імёнаў разам каля ста дваццаці:
16 «Мужы браты! Мусіла споўніцца тое Пісаньне, якое казаў раней Дух Сьвяты праз вусны Давіда пра Юду, што стаўся павадыром тых, якія схапілі Ісуса,
17 што быў ён палічаны з намі, і выпала яму жэрабя служэньня гэтага.
18 Ён, што праўда, прыдбаў поле за нагароду няправеднасьці і, рынуўшыся, разьдзёрся папалове, і вываліліся ўсе ўнутранасьці ягоныя,
19 і сталася гэта вядома ўсім, хто жыве ў Ерусаліме, так што поле тое названае на іхняй мове Акельдама, гэта ёсьць Поле крыві.
20 Бо напісана ў кнізе Псальмаў: “Няхай станецца двор ягоны пустым, і няхай ніхто не жыве ў ім”, і: “Урад ягоны няхай возьме іншы”.
21 Дык з тых мужоў, якія зыходзіліся з намі праз увесь час, калі прыходзіў і выходзіў да нас Госпад Ісус,
22 пачынаючы ад хрышчэньня Янавага ажно да дня, калі Ён быў узяты ад нас, адзін з іх мусіць стацца разам з намі сьведкам уваскрасеньня Яго».
23 І паставілі двух: Язэпа, называнага Барсабам, якога звалі Юстам, і Мацея,
24 і, молячыся, сказалі: «Ты, Госпадзе, Які ведаеш сэрцы ўсіх, пакажы з гэтых двух аднаго, якога Ты выбраў
25 узяць жэрабя служэньня гэтага і апостальства, ад якога адступіўся Юда, каб ісьці на месца сваё».
26 І кінулі жэрабя пра іх, і ўпала жэрабя на Мацея, і ён быў далучаны да адзінаццаці апосталаў.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Дзеі Апосталаў, 1 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023