Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

Філімону 1 Філімону 1 разьдзел

1 Павал, вязень Ісуса Хрыста, і Цімафей, брат, — Філімону, улюбёнаму і супрацоўніку нашаму,
2 і ўлюбёнай Апфіі, і Архіпу, таварышу нашаму ў барацьбе, і хатняй царкве тваёй:
3 ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
4 Дзякую Богу майму, заўсёды ўзгадваючы пра цябе ў малітвах маіх,
5 чуючы пра любоў тваю і веру, якую маеш да Госпада Ісуса і да ўсіх сьвятых,
6 каб супольнасьць веры тваёй была дзейснай у пазнаньні ўсякага дабра, якое ў вас у Хрысьце Ісусе.
7 Бо вялікую маем ласку і пацяшэньне ў любові тваёй, бо праз цябе, браце, супачылі ўнутранасьці сьвятых.
8 Дзеля гэтага, маючы вялікую ў Хрысьце адвагу загадваць табе, што прыстойна [рабіць],
9 лепш праз любоў прашу я, ня хто іншы, як Павал, староста, а цяпер і вязень Ісуса Хрыста.
10 Прашу цябе адносна дзіцяці майго Анісіма, якога я нарадзіў у путах маіх,
11 што быў некалі некарысны для цябе, а цяпер патрэбны табе і мне.
12 Яго я паслаў, а ты яго, як мае ўнутранасьці, прыймі.
13 Хацеў я яго пры сабе трымаць, каб ён замест цябе паслужыў мне ў путах за Эвангельле,
14 але без твае згоды нічога не хацеў зрабіць, каб дабро тваё не з прынукі было, а з добрае волі.
15 Бо можа ён дзеля таго на гадзіну адыйшоў, каб ты атрымаў яго назаўсёды,
16 ужо не як слугу, але вышэй за слугу, як брата ўлюбёнага, асабліва для мяне, а тым больш для цябе — і паводле цела, і ў Госпадзе.
17 Дык калі маеш мяне за супольніка, прыймі яго, як мяне.
18 А калі ён чым скрыўдзіў цябе або вінен, лічы гэтае на мне.
19 Я, Павал, напісаў маёю рукою: «Я аддам»; каб не казаць табе, што ты і самім сабою мне вінны.
20 Гэтак, браце, дай мне скарыстацца ад цябе ў Госпадзе; супакой унутранасьці мае ў Госпадзе.
21 Перакананы ў паслухмянасьці тваёй, я напісаў да цябе, ведаючы, што ты зробіш і больш, чым кажу.
22 А таксама падрыхтуй для мяне гасподу, бо спадзяюся, што праз малітвы вашыя буду вам падараваны.
23 Вітае цябе Эпафрас, вязень разам са мною ў Хрысьце Ісусе,
24 Марк, Арыстарх, Дэмас, Лука, супрацоўнікі мае.
25 Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з духам вашым. Амэн.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Пасланьне да Філімона Апостала Паўла, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023