пераклады // сімфонія // слоўнікі

Біблія » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Да Філімона 1 разьдзел

1 Паўла, вязень Ісуса Хрыста, і Цімахвей, брат, Філімону, нашаму ўмілаванаму і супрацоўніку,
2 і Анфіі, умілаванай, і Архіпу, таварышу нашаму ў барацьбе, і дамовай царкве тваей:
3 Ласка вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
4 Дзякую Богу майму, заўсёды ўспамінаючы аб табе ў малітвах маіх,
5 чуючы аб любві тваей і веры, якую маеш да Госпада Ісуса і да ўсіх сьвятых,
6 каб супольнасьць веры тваей аказалася чыннай у пазнаньні ўсякага дабра, якое ў вас у Хрысьце Ісусе.
7 Бо вялікую маем радасьць і пацеху ў любві тваей, бо табою, браце, супакоены сэрцы сьвятых.
8 Дзеля гэтага, маючы вялікую ў Хрысьце адвагу прыказваць табе, што трэба,
9 праз любоў лепей прашу я, як гэты Паўла стары, цяпер-жа вязень Ісуса Хрыста.
10 Прашу цябе за сына майго Анісіма, якога я спарадзіў у путах маіх,
11 што быў калісь бескарысны для цябе, а цяпер карысны табе і мне, якога я адаслаў,
12 ты-ж яго, як маё сэрца, прымі.
13 Хацеў я яго пры сабе трымаць, каб ён замест цябе паслужыў мне ў путах за Эвангельле,
14 але без твае згоды нічога не хацеў зрабіць, каб дабро твае ня з прынукі было, а з добрае волі.
15 Бо можа ён дзеля таго на час адлучыўся, каб табе прыняць яго назаўсёды,
16 ужо не як слугу, але вышэй за слугу, як брата ўмілаванага, асабліва для мяне, а тым балей для цябе — і па целу, і ў Госпадзе.
17 Дык, калі маеш мяне за супольніка, прымі яго, як мяне.
18 Калі-ж ён чым скрыўдзіў цябе, або вінен, лічы гэтае на мне.
19 Я, Паўла, напісаў маею рукою: я аддам; каб не казаць табе, што ты і самым сабою мне вінны.
20 Гэтак, браце, дай мне скарыстацца ад цябе ў Госпадзе; супакой мне сэрца ў Госпадзе.
21 Спадзяючыся на паслухмянасьць тваю, я напісаў да цябе, ведаючы, што ты зробіш і балей, чым кажу.
22 А разам прыгатуй для мяне і гасподу; бо спадзяюся, што малітвамі вашымі буду вам падараваны.
23 Вітае цябе Эпафрас, вязень разам са мною дзеля Хрыста Ісуса,
24 Марка, Арыстарх, Дымас, Лука, супрацоўнікі маі.
25 Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з духам вашым. Амін.

Зноскі:

23−24 У папяровай версіі 23 і 24 вершы аб’яднаны і складаюць адзін 23 верш.

Да Філімона пісана з Рыму праз Анісіма слугу.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Пасланьне Паўлы да Філімона, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу . Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1926−1931, 1948, 1985, 1991


2023. Створана з любоўю для тых, хто разважае пра Бога і шукае Яго.