1 Павал, вязень Ісуса Хрыста, і Цімафей брат, Філімону любаснаму і супрацоўніку нашаму,
2 і Апфіі, (сястры) любаснай, і Архіпу, спадзьвіжніку нашаму, і дамовай тваёй царкве:
3 мілата вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
4 Дзякую Богу майму, заўсёды спамінаючы цябе ў малітвах маіх,
5 чуючы пра тваю любоў і веру, якую маеш да Госпада Ісуса і да ўсіх сьвятых,
6 каб дзеяньне веры тваёй было чыннае ў спазнаньні ўсякага ў вас дабра ў Хрысьце Ісусе.
7 Бо мы маем вялікую радасьць і ўцеху ў любові тваёй, бо табою, браце, супакоены сэрцы сьвятых.
8 Таму, маючы вялікую ў Хрысьце адвагу загадваць табе, што трэба,
9 зь любові лепей прашу, ня хто які там, а я, Павал — старац, а цяпер вязень Ісуса Хрыста;
10 прашу цябе за сына майго Анісіма, якога нарадзіў я ў кайданах маіх:
11 ён быў калісьці нягодны табе, а цяпер годны табе і мне: я вяртаю яго;
12 а ты прымі яго, як маё сэрца.
13 Я хацеў пры сабе яго ўтрымаць, каб ён замест цябе паслужыў мне ў кайданах за зьвеставаньне;
14 але без тваёй згоды нічога не хацеў зрабіць, каб добрая справа твая была ня мусовая, а з добрае волі.
15 Бо, можа быць, ён на тое часова адлучыўся, каб ты прыняў яго назаўсёды,
16 ужо ня як раба, а вышэйшага за раба, брата любаснага, асабліва мне, а тым болей табе, і па плоці і ў Госпадзе.
17 І вось, калі маеш за супольніка мяне, дык прымі яго, як мяне.
18 Калі ж ён чым пакрыўдзіў цябе, альбо вінаваты табе, лічы гэта на мне.
19 Я, Павал, напісаў маёю рукою: «я заплачу»; не кажу табе пра тое, што ты і самім сабою мне вінаваты.
20 Так, браце, дай мне скарыстацца табою ў Госпадзе; супакой маё сэрца ў Госпадзе.
21 Спадзяючыся на слухмянасьць тваю, а напісаў табе, ведаючы, што ты зробіш і болей, чым прашу.
22 А разам падрыхтуй мне і памяшканьне; бо, спадзяюся, што па малітвах вашых я буду дараваны вам.
23 Вітае цябе Эпафрас, вязень разам са мною дзеля Ісуса Хрыста,
24 Марк, Арыстарх, Дымас, Лукаш, супрацоўнікі мае.
25 Мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста з духам вашым. Амін.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Пасланьне да Філімона, 1 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002