1 Павал апостал выбраны ня людзьмі і не праз чалавека, а Ісусам Хрыстом і Богам Айцом, Які ўваскрэсіў Яго зь мёртвых,
2 і ўсе браты, якія са мною, — цэрквам Галятыйскім:
3 мілата вам і мір ад Бога Айца і Госпада нашага Ісуса Хрыста,
4 Які аддаў Сябе Самога за грахі нашыя, каб выбавіць нас ад цяперашняга падступнага веку, па волі Бога і Айца нашага;
5 Яму слава на векі вечныя. Амін.
6 Зьдзіўляюся, што вы так хутка пераходзіце ад таго, хто заклікаў вас мілатою Хрыстоваю, да іншага зьвеставаньня,
7 якое, аднак, ня іншае, а толькі ёсьць людзі, якія зводзяць вас і хочуць перавярнуць зьвеставаньне Хрыстовае.
8 Але калі б нават мы, альбо анёл зь неба пачаў зьвеставаць вам ня тое, што мы зьвеставалі вам, хай будзе анатэма.
9 Як раней мы сказалі, так і цяпер яшчэ кажу: хто зьвястуе вам ня тое, што вы прынялі, хай будзе анатэма.
10 Ці ў людзей я цяпер шукаю ўпадабаньня, ці ў Бога? ці людзям дагаджаць стараюся? Калі б я і дагэтуль дагаджаў людзям, дык ня быў бы рабом Хрыстовым.
11 Абвяшчаю вам, браты, што Дабравесьце, якое я абвяшчаў, ня ёсьць чалавечае;
12 бо і я прыняў яго і навучыўся не ад чалавека, а праз адкрыцьцё Ісуса Хрыста.
13 Вы чулі пра мой ранейшы лад жыцьця ў Юдэйстве, як я жорстка прасьледаваў Царкву Божую і спусташаў яе,
14 і вызначыўся ў Юдэйстве сярод многіх равесьнікаў з роду майго, бо быў я зацяты прыхільнік бацькоўскіх маіх паданьняў.
15 Калі ж Бог, выбраўшы мяне ад улоньня маці маёй і заклікаўшы мілатою Сваёю,
16 зажадаў адкрыць ува мне Сына Свайго, каб я зьвеставаў Яго язычнікам, я не пачаў адразу ж раіцца з плоцьцю і крывёю,
17 і не пайшоў у Ерусалім да тых апосталаў, якія ішлі перада мною, а пайшоў у Аравію, і зноў вярнуўся ў Дамаск.
18 Пасьля, праз тры гады, хадзіў я ў Ерусалім пабачыцца зь Пятром і пабыў у яго дзён пятнаццаць.
19 А другога з апосталаў я ня бачыў нікога, акрамя Якава, брата Гасподняга.
20 А ў тым, што пішу вам, прад Богам, ня ілгу.
21 Пасьля гэтага адышоў я ў землі Сірыі і Кілікіі.
22 Цэрквам Хрыстовым у Юдэі асабіста я ня быў вядомы,
23 а толькі чулі яны, што колішні іхні ганіцель цяпер зьвястуе веру, якую раней вынішчаў,
24 і праслаўлялі за мяне Бога.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Пасланьне да Галятаў, 1 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002