1 Кніга роду Ісуса Хрыста, сына Давідавага, сына Абрагамавага.
2 Абрагам спарадзіў Ісака, Ісак спарадзіў Якава, Якаў спарадзіў Юду і братоў ягоных;
3 Юда спарадзіў Фарэса і Зару ад Тамары; Фарэс спарадзіў Эсрома; Эсром спарадзіў Арама;
4 Арам спарадзіў Амінадава; Амінадаў спарадзіў Наасона; Наасон спарадзіў Салмона;
5 Салмон спарадзіў Ваоза ад Рахавы; Ваоз спарадзіў Авіда ад Руты; Авід спарадзіў Ясея;
6 Ясей спарадзіў Давіда цара; Давід цар спарадзіў Саламона ад былой жонкі Урыевай;
7 Саламон спарадзіў Раваама; Раваам спарадзіў Авію; Авія спарадзіў Асу;
8 Аса спарадзіў Ёсафата; Ёсафат спарадзіў Ярама; Ярам спарадзіў Азію;
9 Азія спарадзіў Ёатама; Ёатам* спарадзіў Ёзэкію;
10 Ёзэкія спарадзіў Манасію; Манасія спарадзіў Амона; Амон спарадзіў Ёсію;
11 Ёсія спарадзіў Ёакіма; Ёакім спарадзіў Еханію і братоў яго, пад час высяленьня вавілонскага.
12 Пасьля ж высяленьня вавілонскага Еханія спарадзіў Салатыіля; Салатыіль спарадзіў Зарававеля;
13 Зарававель спарадзіў Авіуда; Авіуд спарадзіў Эліякіма; Эліякім спарадзіў Азора;
14 Азор спарадзіў Садока; Садок спарадзіў Ахіма; Ахім спарадзіў Эліуда;
15 Эліуд спарадзіў Элеазара; Элеазар спарадзіў Матана; Матан спарадзіў Якава;
16 Якаў спарадзіў Язэпа, мужа Марыі, ад Якой нарадзіўся Ісус, Якога называюць Хрыстос.
17 І вось усіх пакаленьняў ад Абрагама да Давіда чатырнаццаць пакаленьняў; і ад Давіда да высяленьня вавілонскага чатырнаццаць пакаленьняў; і ад высяленьня вавілонскага да Хрыста чатырнаццаць пакаленьняў.
18 Нараджэньне Ісуса Хрыста было так: па заручынах Маці Яго Марыі зь Язэпам, перш чым сышліся яны, выявілася, што Яна мае ва ўлоньні ад Духа Сьвятога.
19 А Язэп, муж Яе, будучы праведным, не жадаючы зьняславіць Яе, хацеў употай адпусьціць Яе.
20 Калі ж надумаў ён гэта, — вось, анёл Гасподні ў сьне явіўся яму і сказаў: Язэпе, сыне Давідаў! ня бойся прыняць Марыю, жонку тваю; бо зачатае ў Ёй ёсьць ад Духа Сьвятога;
21 і народзіць Сына, і дасі Яму імя: Ісус, бо Ён уратуе людзей Сваіх ад грахоў іхніх.
22 А ўсё гэта сталася, каб збылося сказанае Госпадам праз прарока, які кажа:
23 «Вось, Дзева ва ўлоньні зачне; народзіць Сына, і дадуць Яму імя: Эмануіл, што азначае: з намі Бог».
24 Устаўшы ад сну, Язэп зрабіў, як загадаў яму анёл Гасподні, і прыняў жонку сваю
25 і ня знаў Яе, пакуль нарадзіла Сына Свайго першароднага, і Ён даў Яму імя: Ісус.
Каментары ці зноскі:
9 У друкаванай версіі прапушчана выраженіе: «спарадзіў Ахаза, Ахаз». Павінна быць: «Азія спарадзіў Ёатама; Ёатам спарадзіў Ахаза, Ахаз спарадзіў Ёзэкію;»
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце, 1 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002