Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Гарошка

Матэя 1 Эвангельле Матэя 1 разьдзел

1 Кніга радаводу Ісуса Хрыста сына Давідавага, сына Аўраамавага.
2 Аўраам радзіў Ісаака, Ісаак радзіў Якава, Якаў радзіў Юду і ягоных братоў.
3 Юда радзіў Фарэса і Зару ад Тамары, Фарэс радзіў Эзрома, Эзром радзіў Арама,
4 Арама радзіў Амінадава, Амінадаў радзіў Наасона, Наасон-жа радзіў Сальмона,
5 Сальмон радзіў Боаза ад Рахавы, Боаз радзіў Обэда ад Руты,
6 Обэд радзіў Ессея, Ессей радзіў Давіда цара, Давід радзіў Салямона ад тае, што была Урыявай,
7 Салямон радзіў Рабоама, Рабоам радзіў Абіаю, Абія радзіў Асу,
8 Аса радзіў Ёзафата, Ёзафат радзіў Ёрама, Ёрам радзіў Озію,
9 Озія радзіў Ёатама, Ёатам радзіў Ахаза, Ахаз радзіў Эзэхію,
10 Эзэхія радзіў Манасію, Манасія радзіў Амона, Амон радзіў Ёсію,
11 Ёсія радзіў Ехонію і ягоных братоў перад перасяленьнем у Бабілён.
12 А пасьля перасяленьня ў Бабілён Ехонія радзіў Салятіэля, Салятіэль радзіў Зоробабэля,
13 Зоробабэль радзіў Абіуда, Абіюд радзіў Эліякіма, Эліякім радзіў Азора,
14 Азор радзіў Садока, Садок рэдзіў Ахіма, Ахім радзіў Эліуды,
15 Эліуд радзіў Маттана, Маттан радзіў Якава,
16 Якаў радзіў Язэпа, мужа Марыі, ад каторае нарадзіўся Ісус, што называецца Хрыстос.
17 Гэтак усіх родаў ад Аўрааме да Давіда чатырнаццаць родаў; і ад Давіда да перасяленьня ў Бабілён чатырнаццаць родаў; і ад перасяленьня ў Бабілён да Хрыста чатырнаццаць родаў.
18 А нараджэньнем Ісуса Хрыста было вось як: Па заручынах Ягонае маці Марыі з Язепам, перад тым, як яны сышліся, выявілася, што яна цяжарная ад Сьвятога Духа.
19 Язэп-же муж яе, будучы праведным і ня хочучы зьнеслаўляць яе, хацеў тайком адпусьціць яе.
20 Але калі ён гэтае падумаў, вось ангел Гасподні зьявіўся яму ўва сьне і сказаў: Язэп, сын Давідаў! ня бойся прыняць Марыю, тваю жонку, бо зароджанае ў ёй ёсьць ад Сьвятога Духа.
21 Вось-жа народзіць сына і дасі Яму імя Ісус, бо Ён збавіць людзей сваіх ад іхных грахоў.
22 А ўсе гэта здарылася, каб збылося сказанае Госпадам праз прарока, які кажа:
23 Вось дзева прыйме ў нутро і народзіць сына і дадуць яму імя Эмануэль, гэта значыць: з намі Бог.
24 Устаўшы ад сну, Язэп зрабіў, як загадаў яму Гасподні ангел, і прыняў сваю жонку
25 і не пазнаваў яе ажно нарадзіла свайго Сына першароднага, і даў Яму імя Ісус.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Святое Эвангельле паводле Матэя, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.