1 Калі-ж зыйшоў з гары, за Ім ішлі вялікія грамады.
2 І вось падыйшоў пракажонны і, кланяючыся Яму, сказаў: "Госпадзе! калі хочаш, можаш мяне ачысьціць".
3 І прасьцягнуўшы руку, Ісус дакрануўся да яго і сказаў: “Хочу, ачысьціся".
4 І ён ураз-жа ачысьціўся ад праказы. І кажа яму Ісус: "Глядзі, нікому не кажы, але йдзі пакажыся сьвятару і прынясі дар, які загадаў Майсей на сьведчаньне ім.
5 Калі-ж Ісус увайшоў Кепэрнаум, педыйшоў да Яго сотнік з просьбаю, кажучы:
6 "Госпадзе! мой хлопец ляжыць дома спараліжованы і страшэнна мучыцца".
7 Ісус кажа яму: "Я прыйду і вылечу яго".
8 Сотнік-жа ў адказ сказаў Яму: "Госпадзе, я ня варты, каб Ты ўвайшоў у мой дом, але скажы толькі адно слова і аздаравее мой хлопец.
9 Бо і сам я падуладны чалавек, дый маю пад сабою жаўнераў; і кажу аднаму: пайдзі, і йдзе; і другому: прыйдзі, і прыходзіць; і майму рабу: зрабі тое, і зробіць".
10 Пачуўшы гэтае, Ісус зьдзівіўся і сказаў тым, што йшлі за Ім: "Сапраўды кажу вам; і ў Ізраілі Я не знайшоў гэткае веры.
11 Кажу-ж вам, што многія прыйдуць з Усходу і Захаду і пасядуць за стол з Аўраамам і Ісаакам і Якавам у Нябесным Валадарстве,
12 а сыны Валадарства будуць выгнаныя ў цемру вонкавую; там будзе плач і скрыгат зубоў".
13 І сказаў Ісус сотніку: "Ідзі, і як ты паверыў, няхай так станецца табе". І аздаравеў ягоны хлопец у тую-ж гадзіну.
14 І калі Ісус прыйшоў у дом Пятра, угледзеў ягоную цешчу, як яна ляжала ў гарачцы.
15 І дакрануўся да яе рукі і гарачка пакінула яе, і яна ўстала і служыла ім.
16 Калі-ж настаў вечар, да Яго прывялі шмат людзей, апанаваных злым духам, і Ён выгнаў духаў словам і аздаравіў усіх хворых,
17 каб збылося сказанае прарокам Ісаіяю, які кажа: "Ён узяў на Сябе нашыя немачы і панёс нашыя хваробы".
18 Калі Ісус убачыў навокал Сябе мноства народу, загадаў адплысьці на той бок.
19 І падыйшоўшы адзін кніжнік, сказаў Яму: "Настаўнік, я пайду за Табою, куды-б Ты ні пайшоў".
20 І сказаў яму Ісус: “Лісы маюць норы і нябесныя птушкі гнёзды, а Сын Чалавечы, ня мае дзе галавы прысланіць".
21 Іншы з вучняў сказаў Яму: "Госпадзе! дазволь мне перш пайсьці пахаваць майго бацьку".
22 Ісус-жа сказаў яму: "Ідзі за Мною і пакінь мёртвым хаваць сваіх нябожчыкаў".
23 І калі Ён увайшоў у човен, за Ім увайшлі Ягоныя вучні.
24 І вось узьнялася вялікая бура на моры, ажно хвалі пачалі заліваць човен, а Ён спаў.
25 Тады прыступіліся да Яго вучні, разбудзілі Яго і сказалі: "Госпадзе! ратуй нас, гінем!"
26 І кажа ім: "Чаго вы баіцеся, малаверы?" Потым устаўшы загадаў ветрам і мору, і зрабілася вялікая ціша.
27 А людзі дзівіліся і гаварылі: "Хто гэта, што і вятры і мора слухаюцца Яго?"
28 І калі Ён прыйшоў у Гадарынскую краіну, дык насупраць Яму выйшлі з магілы двое апанаваных нячыстымі, страшэнна злыя, так што ніхто не праходзіў тою дарогаю.
29 І вось яны закрычалі, кажучы: "Што нам і Табе, Ісусе Сыне Божы? Ты прыйшоў сюды перад часам мучыць нас".
30 Непадалёк-жа ад іх пасьвілася вялікая чарада сьвіней.
31 І нячыстыя прасілі Яго, кажучы: "Калі нас выганіш, дык загадай нам ісьці ў чараду сьвіней".
32 Ён-жа сказаў ім: "Ідзеце!" Яны-ж выйшаўшы, пайшлі ў чараду сьвіней, і вось уся чарада сьвіней кінулася з кручы ў мора і ўтапілася ў вадзе.
33 Пастухі-ж уцяклі і прыйшоўшы ў места, расказалі аб усім і аб апанаваных нячыстымі.
34 І вось усё тое места выйшла насустрач Ісусу і ўбачыўшы Яго, прасілі, каб адыйшоў ад іх.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Святое Эвангельле паводле Матэя, 8 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.