Мацьвея 8 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Л. Гарошка

 
 

Калі Ён сышоў з гары, за Ім сьледам пайшло мноства людзей.
 
Калі-ж зыйшоў з гары, за Ім ішлі вялікія грамады.

І вось, падышоў пракажоны і, кланяючыся Яму, сказаў: Госпадзе! калі хочаш, можаш мяне ачысьціць.
 
І вось падыйшоў пракажонны і, кланяючыся Яму, сказаў: "Госпадзе! калі хочаш, можаш мяне ачысьціць".

Ісус, працягнуўшы руку, дакрануўся да яго і сказаў: хачу, ачысьціся. І адразу ачысьціўся той ад праказы.
 
І прасьцягнуўшы руку, Ісус дакрануўся да яго і сказаў: “Хочу, ачысьціся".

І кажа яму Ісус: глядзі, не кажы нікому; але ідзі, пакажыся сьвятару, і прынясі дар, аб якім загадаў Майсей, на сьведчаньне ім.
 
І ён ураз-жа ачысьціўся ад праказы. І кажа яму Ісус: "Глядзі, нікому не кажы, але йдзі пакажыся сьвятару і прынясі дар, які загадаў Майсей на сьведчаньне ім.

Калі ж увайшоў Ісус у Капернаум, падышоў да Яго сотнік і папрасіў у Яго:
 
Калі-ж Ісус увайшоў Кепэрнаум, педыйшоў да Яго сотнік з просьбаю, кажучы:

Госпадзе! слуга мой ляжыць дома ў паралічы і моцна пакутуе,
 
"Госпадзе! мой хлопец ляжыць дома спараліжованы і страшэнна мучыцца".

Ісус кажа яму: Я прыйду і ацалю яго.
 
Ісус кажа яму: "Я прыйду і вылечу яго".

А сотнік сказаў Яму ў адказ: Госпадзе! я ня варты, каб Ты ўвайшоў пад мой дах; але скажы толькі слова, і выздаравее слуга мой;
 
Сотнік-жа ў адказ сказаў Яму: "Госпадзе, я ня варты, каб Ты ўвайшоў у мой дом, але скажы толькі адно слова і аздаравее мой хлопец.

бо і я чалавек падуладны; і, маючы ў сябе ў падначаленьні вояў, кажу аднаму: «ідзі», і прыходзіць; і слузе майму: «зрабі тое», і робіць.
 
Бо і сам я падуладны чалавек, дый маю пад сабою жаўнераў; і кажу аднаму: пайдзі, і йдзе; і другому: прыйдзі, і прыходзіць; і майму рабу: зрабі тое, і зробіць".

Пачуўшы гэта, Ісус зьдзівіўся і сказаў тым, што ішлі за Ім: праўду кажу вам: і ў Ізраілі не знайшоў Я такое веры.
 
Пачуўшы гэтае, Ісус зьдзівіўся і сказаў тым, што йшлі за Ім: "Сапраўды кажу вам; і ў Ізраілі Я не знайшоў гэткае веры.

Кажу ж вам, што многія з усходу і з захаду прыйдуць і ўзьлягуць з Абрагамам, Ісаакам і Якавам у Царстве Нябесным;
 
Кажу-ж вам, што многія прыйдуць з Усходу і Захаду і пасядуць за стол з Аўраамам і Ісаакам і Якавам у Нябесным Валадарстве,

а сыны царства будуць выкінуты ў цемру вонкавую, там будзе плач і скрыгат зубоў.
 
а сыны Валадарства будуць выгнаныя ў цемру вонкавую; там будзе плач і скрыгат зубоў".

І сказаў Ісус сотніку: ідзі, і, як ты вераваў, хай будзе табе. І выздаравеў слуга ягоны ў тую ж гадзіну.
 
І сказаў Ісус сотніку: "Ідзі, і як ты паверыў, няхай так станецца табе". І аздаравеў ягоны хлопец у тую-ж гадзіну.

Прыйшоўшы ў дом Пятра, Ісус убачыў цешчу ягоную, якая ляжала ў гарачцы,
 
І калі Ісус прыйшоў у дом Пятра, угледзеў ягоную цешчу, як яна ляжала ў гарачцы.

і дакрануўся да рукі яе, і пакінула яе гарачка; і ўстала яна і слугавала ім.
 
І дакрануўся да яе рукі і гарачка пакінула яе, і яна ўстала і служыла ім.

Калі ж зьвечарэла, прывялі да Яго многа людзей, апанаваных дэманамі: і Ён выгнаў духаў словам і ўсіх нядужых ацаліў;
 
Калі-ж настаў вечар, да Яго прывялі шмат людзей, апанаваных злым духам, і Ён выгнаў духаў словам і аздаравіў усіх хворых,

каб збылося сказанае праз прарока Ісаю, які кажа: «Ён узяў на Сябе нашы немачы, і хваробы панёс».
 
каб збылося сказанае прарокам Ісаіяю, які кажа: "Ён узяў на Сябе нашыя немачы і панёс нашыя хваробы".

Калі ж Ісус убачыў вакол Сябе мноства люду, загадаў вучням адплысьці на той бок.
 
Калі Ісус убачыў навокал Сябе мноства народу, загадаў адплысьці на той бок.

І адзін кніжнік, падышоўшы, сказаў Яму: Настаўнік! я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў.
 
І падыйшоўшы адзін кніжнік, сказаў Яму: "Настаўнік, я пайду за Табою, куды-б Ты ні пайшоў".

І кажа яму Ісус: лісы маюць норы, і птушкі нябесныя гнёзды; а Сын Чалавечы ня мае, дзе прыхіліць галаву.
 
І сказаў яму Ісус: “Лісы маюць норы і нябесныя птушкі гнёзды, а Сын Чалавечы, ня мае дзе галавы прысланіць".

А другі, з вучняў, сказаў Яму: Госпадзе, дазволь мне сьпярша пайсьці і пахаваць майго бацьку.
 
Іншы з вучняў сказаў Яму: "Госпадзе! дазволь мне перш пайсьці пахаваць майго бацьку".

Але Ісус сказаў яму: ідзі за Мною, і пакінь мёртвым хаваць сваіх памерлых.
 
Ісус-жа сказаў яму: "Ідзі за Мною і пакінь мёртвым хаваць сваіх нябожчыкаў".

І калі ўвайшоў Ён у лодку, увайшлі за Ім вучні Ягоныя.
 
І калі Ён увайшоў у човен, за Ім увайшлі Ягоныя вучні.

І вось, бура вялікая сталася на моры, ажно лодку захліствалі хвалі; а Ён спаў.
 
І вось узьнялася вялікая бура на моры, ажно хвалі пачалі заліваць човен, а Ён спаў.

І вучні Ягоныя, падышоўшы да Яго, разбудзілі Яго і сказалі: Госпадзе! ратуй нас, гінем.
 
Тады прыступіліся да Яго вучні, разбудзілі Яго і сказалі: "Госпадзе! ратуй нас, гінем!"

І кажа ім: чаго вы спалохаліся, малаверы? Тады, устаўшы, забараніў вятрам і мору, і сталася ціша вялікая.
 
І кажа ім: "Чаго вы баіцеся, малаверы?" Потым устаўшы загадаў ветрам і мору, і зрабілася вялікая ціша.

А людзі, дзівуючыся, казалі: хто Гэты, што і вятры, і мора слухаюцца Яго?
 
А людзі дзівіліся і гаварылі: "Хто гэта, што і вятры і мора слухаюцца Яго?"

І калі прыплыў Ён на другі бераг у краіну Гергесінскую, сустрэлі Яго, выйшаўшы з магіл, двое апанаваных дэманамі, вельмі лютыя, так што ніхто ня мог праходзіць тою дарогаю.
 
І калі Ён прыйшоў у Гадарынскую краіну, дык насупраць Яму выйшлі з магілы двое апанаваных нячыстымі, страшэнна злыя, так што ніхто не праходзіў тою дарогаю.

І вось, яны закрычалі: што Табе да нас, Ісусе, Сыне Божы? прыйшоў Ты сюды дачасна мучыць нас.
 
І вось яны закрычалі, кажучы: "Што нам і Табе, Ісусе Сыне Божы? Ты прыйшоў сюды перад часам мучыць нас".

А зводдаль ад іх пасьвіўся вялікі гурт сьвіней.
 
Непадалёк-жа ад іх пасьвілася вялікая чарада сьвіней.

І дэманы прасіліся ў Яго: калі выганіш нас, дык пашлі нас у гурт сьвіней.
 
І нячыстыя прасілі Яго, кажучы: "Калі нас выганіш, дык загадай нам ісьці ў чараду сьвіней".

І Ён сказаў ім: ідзеце. І выйшлі яны, і пайшлі ў гурт сьвіней. І вось, кінуўся ўвесь гурт сьвіны з урвішча ў мора і загінуў у вадзе.
 
Ён-жа сказаў ім: "Ідзеце!" Яны-ж выйшаўшы, пайшлі ў чараду сьвіней, і вось уся чарада сьвіней кінулася з кручы ў мора і ўтапілася ў вадзе.

А пастухі паўцякалі і, прыйшоўшы ў горад, расказалі пра ўсё, і пра апанаваных дэманамі.
 
Пастухі-ж уцяклі і прыйшоўшы ў места, расказалі аб усім і аб апанаваных нячыстымі.

І вось, увесь горад выйшаў на сустрэчу Ісусу; і, убачыўшы Яго, прасілі, каб Ён адышоў ад іх межаў.
 
І вось усё тое места выйшла насустрач Ісусу і ўбачыўшы Яго, прасілі, каб адыйшоў ад іх.