Мацьвея 8 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Анатоля Клышкi
Калі Ён сышоў з гары, за Ім сьледам пайшло мноства людзей.
Калі ж Ён зышоў з гары, услед за Ім пайшлі вялікія натоўпы.
І вось, падышоў пракажоны і, кланяючыся Яму, сказаў: Госпадзе! калі хочаш, можаш мяне ачысьціць.
І вось, пракажоны, падышоўшы, упаў перад Ім, кажучы: Госпадзе, калі хочаш, Ты можаш ачысціць мяне.
Ісус, працягнуўшы руку, дакрануўся да яго і сказаў: хачу, ачысьціся. І адразу ачысьціўся той ад праказы.
І [Ісус], працягнуўшы руку, дакрануўся да яго, кажучы: Хачу, ачысціся. — І ён адразу ачысціўся ад праказы.
І кажа яму Ісус: глядзі, не кажы нікому; але ідзі, пакажыся сьвятару, і прынясі дар, аб якім загадаў Майсей, на сьведчаньне ім.
І кажа яму Ісус: Глядзі, не расказвай нікому; а ідзі, пакажы сябе святару, і прынясі дар, які запаведаў Маісей, на сведчанне ім.
Калі ж увайшоў Ісус у Капернаум, падышоў да Яго сотнік і папрасіў у Яго:
І калі Ён18 увайшоў у Капернаум, да Яго падышоў сотнік, просячы Яго:
Госпадзе! слуга мой ляжыць дома ў паралічы і моцна пакутуе,
і кажучы: Госпадзе, мой слуга ляжыць дома спаралізаваны і страшэнна мучыцца.
Ісус кажа яму: Я прыйду і ацалю яго.
І кажа яму [Ісус]: Я прыйду і вылечу яго.
А сотнік сказаў Яму ў адказ: Госпадзе! я ня варты, каб Ты ўвайшоў пад мой дах; але скажы толькі слова, і выздаравее слуга мой;
А ў адказ сотнік сказаў: Госпадзе! Я не варты, каб Ты ўвайшоў пад мой дах, але толькі скажы слова і мой слуга паправіцца.
бо і я чалавек падуладны; і, маючы ў сябе ў падначаленьні вояў, кажу аднаму: «ідзі», і прыходзіць; і слузе майму: «зрабі тое», і робіць.
Бо і я чалавек падуладны і, маючы пад сабою воінаў, кажу гэтаму: «Пайдзі», і ён ідзе; а другому: «Прыйдзі», і ён прыходзіць; і свайму слугу: «Зрабі гэта», і ён робіць.
Пачуўшы гэта, Ісус зьдзівіўся і сказаў тым, што ішлі за Ім: праўду кажу вам: і ў Ізраілі не знайшоў Я такое веры.
Пачуўшы ж, Ісус здзівіўся і сказаў тым, што ішлі ўслед: Сапраўды кажу вам: ні ў кога ў Ізраілі Я не знайшоў такой вялікай веры.
Кажу ж вам, што многія з усходу і з захаду прыйдуць і ўзьлягуць з Абрагамам, Ісаакам і Якавам у Царстве Нябесным;
Кажу ж вам, што шмат хто прыйдзе з усходу і захаду і ўзляжа з Аўраамам, Ісаакам і Іякавам у Царстве Нябёсаў,
а сыны царства будуць выкінуты ў цемру вонкавую, там будзе плач і скрыгат зубоў.
а сыны царства будуць выкінуты ў знадворную цемру; там будзе плач і скрыгат зубоў.
І сказаў Ісус сотніку: ідзі, і, як ты вераваў, хай будзе табе. І выздаравеў слуга ягоны ў тую ж гадзіну.
І Ісус сказаў сотніку: Ідзі, як паверыў ты, няхай так і будзе табе. — І паправіўся яго слуга ў тую ж гадзіну.
Прыйшоўшы ў дом Пятра, Ісус убачыў цешчу ягоную, якая ляжала ў гарачцы,
І Ісус, прыйшоўшы ў дом Пятра, убачыў, што яго цешча ляжыць і ў яе гарачка.
і дакрануўся да рукі яе, і пакінула яе гарачка; і ўстала яна і слугавала ім.
І Ён дакрануўся да яе рукі, і гарачка пакінула яе, і ўстала яна і прыслугоўвала Яму19.
Калі ж зьвечарэла, прывялі да Яго многа людзей, апанаваных дэманамі: і Ён выгнаў духаў словам і ўсіх нядужых ацаліў;
А калі звечарэла, да Яго прывялі шмат апантаных; і Ён выгнаў духаў словам і вылечыў усіх хворых;
каб збылося сказанае праз прарока Ісаю, які кажа: «Ён узяў на Сябе нашы немачы, і хваробы панёс».
каб спраўдзілася сказанае праз Ісаію, прарока, які кажа: «Ён узяў на Сябе нашы немачы і панёс нашы хваробы».
Калі ж Ісус убачыў вакол Сябе мноства люду, загадаў вучням адплысьці на той бок.
А Ісус, убачыўшы натоўп вакол Сябе, загадаў вучням адплыць на другі бок.
І адзін кніжнік, падышоўшы, сказаў Яму: Настаўнік! я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў.
І адзін кніжнік, падышоўшы, сказаў Яму: Настаўніку, я пайду ўслед за Табою, куды б Ты ні пайшоў.
І кажа яму Ісус: лісы маюць норы, і птушкі нябесныя гнёзды; а Сын Чалавечы ня мае, дзе прыхіліць галаву.
А Ісус кажа яму: У лісіц ёсць норы, і ў нябесных птушак — гнёзды, а Сыну Чалавечаму няма дзе галаву прыхіліць.
А другі, з вучняў, сказаў Яму: Госпадзе, дазволь мне сьпярша пайсьці і пахаваць майго бацьку.
Другі ж з [Яго] вучняў сказаў Яму: Госпадзе, дазволь мне спярша пайсці і пахаваць свайго бацьку.
Але Ісус сказаў яму: ідзі за Мною, і пакінь мёртвым хаваць сваіх памерлых.
Але Ісус кажа20 яму: Ідзі ўслед за Мною і пакінь мёртвым хаваць сваіх мёртвых.
І калі ўвайшоў Ён у лодку, увайшлі за Ім вучні Ягоныя.
І калі Ён ўвайшоў у лодку, пайшлі ўслед за Ім вучні.
І вось, бура вялікая сталася на моры, ажно лодку захліствалі хвалі; а Ён спаў.
І вось, вялікая бура ўзнялася на моры, так што лодку накрывала хвалямі; а Ён спаў.
І вучні Ягоныя, падышоўшы да Яго, разбудзілі Яго і сказалі: Госпадзе! ратуй нас, гінем.
І [Яго вучні], падышоўшы, пабудзілі Яго, кажучы: Госпадзе, ратуй [нас], гінем.
І кажа ім: чаго вы спалохаліся, малаверы? Тады, устаўшы, забараніў вятрам і мору, і сталася ціша вялікая.
А Ён кажа ім: Чаму вы такія баязлівыя, малаверы? — Тады Ён устаў і забараніў вятрам і мору, і настала вялікая ціша.
А людзі, дзівуючыся, казалі: хто Гэты, што і вятры, і мора слухаюцца Яго?
І людзі дзівіліся, кажучы: Хто Гэты такі, што і вятры, і мора слухаюцца Яго?
І калі прыплыў Ён на другі бераг у краіну Гергесінскую, сустрэлі Яго, выйшаўшы з магіл, двое апанаваных дэманамі, вельмі лютыя, так што ніхто ня мог праходзіць тою дарогаю.
І калі Ён прыплыў на другі бок, у зямлю Гадарынскую21, сустрэлі Яго, выходзячы з магільняў, два апантаныя, вельмі лютыя, так што ніхто не мог прайсці тою дарогаю.
І вось, яны закрычалі: што Табе да нас, Ісусе, Сыне Божы? прыйшоў Ты сюды дачасна мучыць нас.
І вось, яны закрычалі, кажучы: Што Табе да нас, [Ісусе], Сыне Божы? Ты прыйшоў сюды, каб заўчасна мучыць нас.
А зводдаль ад іх пасьвіўся вялікі гурт сьвіней.
А ўдалечыні ад іх пасвіўся вялікі гурт свіней.
І дэманы прасіліся ў Яго: калі выганіш нас, дык пашлі нас у гурт сьвіней.
І дэманы прасіліся ў Яго, кажучы: Калі Ты выганяеш нас, пашлі нас у гурт свіней.
І Ён сказаў ім: ідзеце. І выйшлі яны, і пайшлі ў гурт сьвіней. І вось, кінуўся ўвесь гурт сьвіны з урвішча ў мора і загінуў у вадзе.
І Ён сказаў ім: Ідзіце! — І яны, выйшаўшы, пайшлі ў [гурт] свіней; і вось, кінуўся ўвесь гурт [свіней] са стромы ў мора і загінуў у водах.
А пастухі паўцякалі і, прыйшоўшы ў горад, расказалі пра ўсё, і пра апанаваных дэманамі.
А пастухі паўцякалі і, прыйшоўшы ў горад, расказалі пра ўсё і пра тое, што было з апантанымі.
І вось, увесь горад выйшаў на сустрэчу Ісусу; і, убачыўшы Яго, прасілі, каб Ён адышоў ад іх межаў.
І вось, увесь горад выйшаў насустрач Ісусу, і, убачыўшы Яго, яны прасілі, каб Ён адышоў з іх межаў.