3 Яна 1 разьдзел
Трэйцяе пасланьне Яна
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Анатоля Клышкi
Старац — любаснаму Гаію, якога я ў ісьціне люблю.
Старэйшына — улюбёнаму Гаію, якога я люблю ў праўдзе.
Любасны! малюся, каб табе здаровілася і шчасьціла ва ўсім, як шчасьціць душы тваёй.
Улюбёны, малюся, каб ты ва ўсім меў вялікі поспех і быў здаровы, як мае вялікі поспех твая душа.
Бо я вельмі ўсьцешыўся, калі прыйшлі браты і засьведчылі пра тваю вернасьць, як ты ходзіш у ісьціне.
Бо я вельмі ўзрадаваўся, калі прыходзілі браты і сведчылі аб тваёй праўдзе, як ты і жывеш у праўдзе.
Няма мне большае радасьці, як чуць, што дзеці мае ходзяць у ісьціне.
Для мяне няма большай радасці, як чуць, што мае дзеці жывуць у праўдзе.
Любасны! ты як верны дзееш у тым, што робіш братам і вандроўнікам;
Улюбёны, ты верна дзейнічаеш у тым, што ты робіш для братоў і да таго чужаземных,
яны засьведчылі перад царквою пра любоў тваю; ты добра зробіш, калі адпусьціш іх, як яно трэба дзеля Бога,
якія засведчылі пра тваю любоў перад царквою; і ты добра зробіш, калі правядзеш іх, як належыць, дзеля Бога;
бо яны дзеля імя Ягонага пайшлі, ня ўзяўшы нічога ад язычнікаў.
бо яны дзеля [Яго] Імя выйшлі, нічога не ўзяўшы ад язычнікаў.
Дык вось павінны мы прымаць іх такіх, каб зрабіцца спрыяльнікамі ісьціне.
Так што мы павінны падтрымліваць такіх, каб нам зрабіцца супрацоўнікамі праўды.
Я пісаў быў царкве; але Дыятрэф, які любіць быць першым у іх, ня прымае нас.
Я сёе-тое напісаў царкве; але Дыятрэф, які любіць першынстваваць у іх, не прымае нас.
Таму, калі я прыйду, дык узгадаю ўчынкі, якія ён робіць, ганячы словамі ліхімі нас, і, не задавальняючыся гэтым, і сам ня прымае братоў, і забараняе тым, што жадаюць прымаць, і выганяе іх з царквы.
Таму, калі я прыйду, то нагадаю пра яго ўчынкі, якія ён вытварае, плявузгаючы на нас ліхімі словамі; і, не задавальняючыся гэтым, ён і сам не прымае братоў, і забараняе тым, хто хоча прыняць, і выганяе з царквы.
Любасны! не ўпадабняйся ліхому, а добраму. Хто робіць дабро, той Божы; а хто робіць ліха, ня бачыў Бога.
Улюбёны, пераймай не ліхое, а добрае. Хто творыць дабро, той — ад Бога; хто творыць ліха, той не бачыў Бога.
Пра Дзімітрыя засьведчылі ўсе і сама ісьціна; сьведчым таксама і мы, і вы ведаеце, што сьведчаньне нашае ў ісьціне.
Пра Дзімітрыя засведчана ўсімі, і самою праўдай; і мы таксама сведчым, і ты ведаеш1, што наша сведчанне праўдзівае.
Многае меўся я напісаць; ды не хачу пісаць табе чарнілам і трысьцінкаю,
Шмат я меў напісаць табе, але не хачу пісаць табе чарнілам і пяром;
спадзяюся ж бо неўзабаве пабачыць цябе і пагутарыць вуснамі ў вусны.
а спадзяюся хутка ўбачыць цябе, і мы пагаворым з вуснаў у вусны.
Мір табе! вітаюць цябе сябры; павітай сяброў паіменна. Амін.
Мір табе. Вітаюць цябе сябры. Прывітай сяброў пайменна. [Амін].