3 Яна 1 разьдзел

Трэйцяе пасланьне Яна
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Старац — любаснаму Гаію, якога я ў ісьціне люблю.
 
Староста — улюбёнаму Гаю, якога я люблю ў праўдзе.

Любасны! малюся, каб табе здаровілася і шчасьціла ва ўсім, як шчасьціць душы тваёй.
 
Улюбёны! Малюся, каб ты быў здаровы і пасьпяховы ў-ва ўсім, як пасьпяховая душа твая.

Бо я вельмі ўсьцешыўся, калі прыйшлі браты і засьведчылі пра тваю вернасьць, як ты ходзіш у ісьціне.
 
Бо я вельмі ўзрадаваўся, калі прыйшлі браты і засьведчылі пра тваю праўду, як ты ходзіш у праўдзе.

Няма мне большае радасьці, як чуць, што дзеці мае ходзяць у ісьціне.
 
Для мяне няма большай радасьці, як чуць, што дзеці мае ходзяць у праўдзе.

Любасны! ты як верны дзееш у тым, што робіш братам і вандроўнікам;
 
Улюбёны! Ты робіш вернае ў тым, што робіш для братоў і для чужынцаў,

яны засьведчылі перад царквою пра любоў тваю; ты добра зробіш, калі адпусьціш іх, як яно трэба дзеля Бога,
 
якія засьведчылі перад царквою пра тваю любоў. Ты добра зробіш, правёўшы іх, як належыцца перад Богам,

бо яны дзеля імя Ягонага пайшлі, ня ўзяўшы нічога ад язычнікаў.
 
бо яны дзеля імя Ягонага пайшлі, нічога ня ўзяўшы ад паганаў.

Дык вось павінны мы прымаць іх такіх, каб зрабіцца спрыяльнікамі ісьціне.
 
А мы павінны прыймаць гэтакіх, каб стацца супрацоўнікамі праўдзе.

Я пісаў быў царкве; але Дыятрэф, які любіць быць першым у іх, ня прымае нас.
 
Я пісаў царкве, але Дыятрэф, які любіць у іх быць першым, не прызнае нас.

Таму, калі я прыйду, дык узгадаю ўчынкі, якія ён робіць, ганячы словамі ліхімі нас, і, не задавальняючыся гэтым, і сам ня прымае братоў, і забараняе тым, што жадаюць прымаць, і выганяе іх з царквы.
 
Дзеля гэтага, калі я прыйду, нагадаю пра ўчынкі ягоныя, якія ён робіць, абмаўляючы нас злымі словамі; і не задавольваючыся гэтым, і сам не прызнае братоў, і тым, якія хочуць, забараняе, і выганяе з царквы.

Любасны! не ўпадабняйся ліхому, а добраму. Хто робіць дабро, той Божы; а хто робіць ліха, ня бачыў Бога.
 
Улюбёны! Не пераймай ліхое, але добрае. Хто робіць дабро, той ад Бога; а хто робіць ліхое, ня бачыў Бога.

Пра Дзімітрыя засьведчылі ўсе і сама ісьціна; сьведчым таксама і мы, і вы ведаеце, што сьведчаньне нашае ў ісьціне.
 
Пра Дэмэтрыя засьведчана ўсімі і самой праўдаю, і мы сьведчым, і вы ведаеце, што сьведчаньне нашае праўдзівае.

Многае меўся я напісаць; ды не хачу пісаць табе чарнілам і трысьцінкаю,
 
Шмат меў я пісаць, але не хачу пісаць табе атрамантам і трысьцінай,

спадзяюся ж бо неўзабаве пабачыць цябе і пагутарыць вуснамі ў вусны.
 
а спадзяюся неўзабаве пабачыць цябе і гаварыць вуснамі ў вусны.

Мір табе! вітаюць цябе сябры; павітай сяброў паіменна. Амін.
 
Супакой табе! Вітаюць цябе сябры; прывітай сяброў паіменна.