Якава 1 разьдзел
Пасланьне Якава
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
Якаў, раб Бога і Госпада Ісуса Хрыста, дванаццаці родам, якія ў расьсеяньні, — радавацца!
Якуб, слуга Бога і Госпада Ісуса Хрыста, — дванаццаці каленам, што ў расьцярушаньні: радавацца!
Зь вялікай радасьцю прымайце, браты мае, калі ўпадаеце ў розныя выпрабаваньні,
Вялікай радасьцю лічыце, браты мае, калі трапляеце ў розныя спакусы,
ведаючы, што выпрабаваньне вашай веры робіцца цярплівасьцю,
ведаючы, што выпрабаваньне вашае веры робіць цярплівасьць.
а цярплівасьць павінна мець дасканалае дзеяньне, каб вы былі дасканалыя ва ўсёй паўнаце, бязь ніякай пахібы.
А цярплівасьць няхай мае дасканалае дзеяньне, каб вы былі дасканалымі і суцэльнымі, без аніякага недахопу.
Калі ж каму-небудзь з вас не хапае мудрасьці, хай просіць у Бога, Які дае ўсім проста і без дакораў, — і дасца яму.
Калі ж у каго з вас не хапае мудрасьці, няхай просіць у Бога, Які дае ўсім шчыра і не дакараючы, і будзе яму дадзена.
Але няхай просіць зь вераю, і зусім не сумняваецца, бо хто сумняваецца, падобны да марское хвалі, якую гоніць і распырсквае вецер;
Але няхай просіць з вераю, ані не сумняваючыся, бо той, хто сумняецца, падобны да хваляваньня марскога, якое вецер уздымае і ганяе.
Хай не спадзяецца такі чалавек атрымаць што-небудзь ад Госпада.
Дык няхай не мяркуе гэтакі чалавек, што нешта атрымае ад Госпада.
Чалавек двудушны — ня цьвёрды на ўсіх шляхах сваіх.
Двудушны чалавек няцьвёрды на ўсіх шляхах сваіх.
Хай славіцца пакорлівы брат у высокасьці сваёй,
Няхай жа хваліцца паніжаны брат сваёй высокасьцю,
а багаты ў пакоры сваёй, бо ён мінецца, бы краска ў траве:
а багаты — сваім паніжэньнем, бо праміне, як кветка на траве.
узыходзіць сонца, настае сьпёка, і высушвае траву, краска яе ападае, прападае хараство яе; так вяне і багаты ў шляхах сваіх.
Бо ўзыходзіць сонца са сьпёкаю і сушыць траву, і кветка яе падае, і хараство аблічча яе зьнікае; гэтак і багаты на шляхах сваіх счэзьне.
Дабрашчасны чалавек, які вытрывае выпрабаваньне, бо пасьля выпрабаваньня ён атрымае вянок жыцьця, які паабяцаў Гасподзь тым, хто любіць Яго.
Шчасьлівы чалавек, які вытрымлівае спакусу, бо, стаўшыся выпрабаваным, ён атрымае вянок жыцьця, які абяцаў Госпад тым, хто любіць Яго.
У выпрабаваньні ніхто хай ня кажа: «Бог мяне спакушае»; Бог бо не спакушаецца злом і сам не спакушае нікога,
Спакушаны, ніхто няхай ня кажа: «Бог мяне спакушае», бо Бог не спакушаецца злом, і Сам нікога не спакушае.
а кожны спакушаецца, калі ваблены і наджаны сваім пажаданьнем;
А кожны спакушаецца, захоплены і прываблены ўласным пажаданьнем;
а пажаданьне, зачаўшы, родзіць грэх, а ўчынены грэх родзіць сьмерць.
пасьля пажаданьне, зачаўшы, нараджае грэх, а грэх, як яго давесьці да канца, спараджае сьмерць.
Не ашуквайце сябе, браты мае любасныя:
Не падманвайцеся, браты мае ўлюбёныя:
Усякае даньне добрае і ўсякі дар дасканалы зыходзіць згары, ад Айца сьвятла, у Якога няма перамены, ані ценю пераменнасьці.
усякі дар добры і ўсякі дарунак дасканалы зыходзяць з вышыні, ад Айца сьвятла, у Якога няма рознасьці, ані ценю зьменлівасьці.
Захацеўшы, спарадзіў Ён нас словам ісьціны, каб сталіся мы нейкім пачаткам Ягоных твораў.
Захацеўшы, Ён спарадзіў нас словам праўды, каб быць нам нейкім пачаткам стварэньняў Ягоных.
Дык вось, браты мае любасныя, кожны чалавек няхай будзе борзды ў слуханьні, марудлівы ў словах, марудлівы ў гневе;
Так што, браты мае ўлюбёныя, усякі чалавек няхай будзе хуткі, каб слухаць, павольны, каб гаварыць, павольны на гнеў,
бо гнеў чалавечы ня творыць праўды Божай.
бо гнеў чалавека ня чыніць праведнасьці Божае.
Таму, адклаўшы ўсялякую нячыстасьць і лішнюю злосьць, у пакоры прымеце пасеянае ў вас слова, якое можа ўратаваць вашы душы.
Дзеля гэтага, адкінуўшы ўсякі бруд і празьмернасьць ліхоты, у ціхасьці прыйміце насаджанае слова, якое можа збавіць душы вашыя.
Будзьце ж выканаўцы слова, а не слухачы толькі, што ашукваюць самі сябе.
Будзьце ж выканаўцамі слова, а не слухачамі толькі, якія ўводзяць у зман саміх сябе.
Бо хто слухае слова і ня выконвае, той падобны да чалавека, які разглядвае прыродныя рысы аблічча свайго ў люстры:
Бо хто слухае слова і не выконвае, той падобны да чалавека, які разглядае аблічча сваё, [якое мае ад] нараджэньня, у люстэрку;
ён паглядзеў на сябе, адышоўся — і адразу забыўся, які ён ёсьць.
бо ён паглядзеў на сябе, і адыйшоў, і адразу забыўся, які ён.
А хто пранікне ў закон дасканалы, закон свабоды, і застанецца ў ім, той, ня будучы слухачом забыўлівым, а выканаўцам дзеі, дабрашчасны будзе ў сваім дзеяньні.
А хто прыхіляецца да дасканалага закону свабоды і трывае [ў ім], той, стаўшыся не слухачом, які забываецца, але выканаўцам справы, шчасьлівы будзе ў дзейнасьці сваёй.
Калі ж хто з вас думае, што ён пабожны, і не таймуе свайго языка, а ашуквае сваё сэрца, у таго пустая пабожнасьць.
Калі хто сярод вас думае, што ён пабожны, і не цугляе язык свой, але падманвае сэрца сваё, у таго пабожнасьць марная.
Чыстая і беспахібная пабожнасьць перад Богам і Айцом ёсьць тое, каб дагледзець сірот і ўдоваў у іхніх скрухах і захоўваць сябе неапаганенага сьветам.
Чыстая і беззаганная пабожнасьць перад Богам і Айцом ёсьць у тым, каб адведваць сіротаў і ўдоваў у горы іхнім і захоўваць сябе неапаганеным ад сьвету.