Эздры 1 разьдзел

Першая кніга Эздры
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

У першы год Кіра, цара Персідскага, дзеля выкананьня слова Гасподняга з вуснаў Ераміі, абудзіў Гасподзь дух Кіра, цара Персідскага; і ён загадаў абвясьціць па ўсім царстве сваім, словамі і пісьмова.
 
У першы год Кіра, валадара Пэрсаў, каб споўнілася слова ГОСПАДА з вуснаў Ярэміі, узрушыў ГОСПАД дух Кіра, валадара Пэрсаў, і ён абвясьціў у-ва ўсім валадарстве сваім, а таксама пісьмова, кажучы:

так кажа Кір, цар Персідскі: усе царствы зямлі даў мне Гасподзь Бог нябесны, і Ён загадаў мне пабудаваць Яму дом у Ерусаліме, што ў Юдэі.
 
«Гэтак кажа Кір, валадар Пэрсаў: “Усе валадарствы зямлі даў мне ГОСПАД, Бог нябесны. І Ён загадаў мне пабудаваць Дом Яму ў Ерусаліме, які ў Юдэі.

Хто ёсьць з вас, з усяго народу Яго, — хай будзе Бог яго зь ім, — і хай ён ідзе ў Ерусалім, што ў Юдэі, і будуе дом Госпада Бога Ізраілевага, таго Бога, Які ў Ерусаліме.
 
Калі ёсьць хто з вас з усяго народу Ягонага, няхай Бог ягоны будзе з ім, і няхай узыйдзе ён у Ерусалім, які ў Юдэі, і няхай будуе Дом ГОСПАДА, Бога Ізраіля. Гэта той Бог, Які ў Ерусаліме.

А ўсе, што засталіся ва ўсіх месцах, дзе б той ні жыў, хай дапамогуць яму жыхары месца таго срэбрам і золатам і іншай маёмасьцю, і быдлам, з дабраахвотным дараваньнем на дом Божы, што ў Ерусаліме.
 
І ўсе, якія засталіся ў-ва ўсіх месцах, дзе яны жывуць, няхай дапамогуць ім людзі месца таго срэбрам, золатам, маёмасьцю і быдлам, а таксама дабраахвотнымі дарамі для Дому Бога, Які ў Ерусаліме”».

І падняліся ўзначальнікі пакаленьняў Юдавых і Веньямінавых, і сьвятары і лявіты, кожны, у кім абудзіў Бог дух ягоны, каб пайсьці будаваць дом Гасподні, які ў Ерусаліме.
 
І паўсталі начальнікі родаў Юды і Бэн’яміна, і сьвятары, і лявіты, і кожны, у якога дух узрушыў Бог, каб ісьці будаваць Дом ГОСПАДА, які ў Ерусаліме.

І ўсе суседзі іхнія дапамагалі ім срэбным посудам, і золатам, іншай маёмасьцю і быдлам, і дарагімі рэчамі, звыш усякага дабрахотнага дараваньня на храм.
 
І ўсе тыя, што жылі навокал, умацоўвалі рукі іхнія начыньнямі са срэбра, золатам, маёмасьцю, быдлам і каштоўнасьцямі, апрача дароў дабраахвотных.

І цар Кір вынес посуд дома Гасподняга, які Навухаданосар узяў у Ерусаліме і паклаў у доме бога свайго,
 
І валадар Кір вынес начыньне Дому ГОСПАДА, якое Навухаданосар вынес з Ерусаліму і палажыў у доме бога свайго.

і вынес яго Кір, цар Персідскі, рукою Мітрэдата скарбоўца, а ён, палічыўшы, здаў Шэшбацару князю Юдаваму.
 
І вынес яго Кір, валадар Пэрсаў, рукамі Мітрэдата, скарбніка, і тым лікам аддаў іх Шэшбацару, князю Юды.

І вось лік яго: місак залатых трыццаць, місак срэбраных тысяча, нажоў дваццаць дзевяць,
 
І вось лік іхні: місаў залатых — трыццаць, місаў срэбных — тысяча, нажоў — дваццаць дзевяць,

чараў залатых трыццаць, чараў срэбраных двайных чатырыста дзесяць, іншага посуду тысяча:
 
келіхаў залатых — трыццаць, келіхаў срэбных другарадных — чатырыста дзесяць, іншага начыньня — тысяча.

усяго посуду, залатога і срэбнага, пяць тысяч чатырыста. Усё гэта ўзяў з сабою Шэшбацар пры адпраўленьні перасяленцаў з Вавілона ў Ерусалім.
 
Усяго начыньня залатога і срэбнага — пяць тысячаў чатырыста. Усё гэта прынёс Шэшбацар, калі прыйшлі з выгнаньня з Бабілону ў Ерусалім.