Эздры 6 разьдзел

Першая кніга Эздры
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Тады цар Дарый даў загад, і шукалі ў Вавілоне ў кнігасховішчы, куды складвалі скарбы.
 
Тады валадар Дарый даў загад, і шукалі ў Бабілоне, у доме кнігаў, дзе складаюць скарбы.

І знойдзены ў Экбатане ў палацы, які ў вобласьці Мідыі, адзін сьвітак, і ў ім напісана так: Для памяці:
 
І знойдзены ў замку Ахмэце, у палацы, які ў краіне Мідзянаў, адзін сувой, і ў ім напісана так: «Каб памятаць.

у першы год цара Кіра, цар Кір даў загад пра дом Божы ў Ерусаліме: хай будуецца дом на тым месцы, дзе прыносяць ахвяры, і хай будзе пакладзены моцны падмурак пад яго; вышыня яго ў шэсьцьдзясят локцяў, шырыня яго ў шэсьцьдзясят локцяў;
 
У першы год валадара Кіра, валадар Кір даў загад пра Дом Божы ў Ерусаліме: “Няхай будзе адбудаваны Дом на тым месцы, дзе ахвяроўваюць ахвяры, і няхай падмуркі ягоныя будуць захаваныя. Вышыня ягоная — шэсьцьдзясят локцяў, шырыня ягоная — шэсьцьдзясят локцяў.

радоў з камянёў вялікіх тры, і рад з драўніны адзін; а выдаткі хай выдаюцца з царскага дома.
 
Шэрагаў з камянёў вялікіх — тры, і шэраг з дрэва — адзін. На выдаткі няхай даюць з дому валадара.

Ды і посуд дома Божага, залаты і срэбны, які Навухаданосар вынес з храма Ерусалімскага і занёс у Вавілон, хай вернецца і пойдзе ў храм Ерусалімскі, кожны на месца сваё: і зьмешчаны будзе ў доме Божым.
 
І начыньне Дому Божага, залатое і срэбнае, якое Навухаданосар вынес са сьвятыні ў Ерусаліме і перанёс у Бабілон, няхай будзе вернута і пойдзе ў сьвятыню ў Ерусаліме, на месца сваё, і паложыш [яго] ў Доме Божым”.

Дык вось, Татнай, зарэцкі начальнік вобласьці, і Шэтар-Бознай, з таварышамі вашымі Афарсахэямі, якія за ракою, — сыдзеце адтуль.
 
І цяпер, Татэнай, ваявода Зарэчча, і Шэтар-Базэнай, і таварышы вашыя Афарсатхейцы, якія ў Зарэччы, — аддаліцеся адтуль.

Ня спыняйце працы пры гэтым доме Божым; хай Юдэйскі начальнік вобласьці і Юдэйскія старэйшыны будуюць гэты дом Божы на месцы яго.
 
Пакіньце [ў супакоі] працу пры гэтым Доме Божым. Няхай ваявода Юдэйскі і старшыні Юдэйскія будуюць гэты Дом Божы на месцы ягоным.

І ад мяне даецца загад пра тое, чым вы павінны садзейнічаць старэйшынам тым Юдэйскім у пабудове таго дома Божага, і: з маёмасьці царскай — з зарэцкіх падаткаў — без адкладу бярэце і давайце тым людзям, каб праца ня спынялася;
 
І я даю загад пра тое, што вы маеце рабіць для гэтых старшыняў Юдэйскіх у будаўніцтве гэтага Дому Божага: з маёмасьці валадара, з падаткаў Зарэчча, старанна вяртайце выдаткі тых людзей, каб работа не спынялася.

і колькі трэба — хай тое цялят, альбо авечак і ягнят, на цэласпаленьні Богу нябеснаму, таксама пшаніцы, солі, віна і алею, як скажуць сьвятары Ерусалімскія, хай выдаецца ім дзень у дзень без затрымкі,
 
І што будзе патрэбна, і бычкоў, і бараноў, і ягнятаў, на цэласпаленьне для Бога нябеснага, пшаніцы, солі, віна і алею, як скажуць сьвятары ў Ерусаліме, няхай выдаюць ім дзень у дзень, без занядбаньня,

каб яны прыносілі ахвяру прыемную Богу нябеснаму і маліліся за жыцьцё цара і сыноў ягоных.
 
каб яны ахвяроўвалі ахвяры, прыемныя Богу нябеснаму, і маліліся за жыцьцё валадара і сыноў ягоных.

А мною даецца загад, што калі які-небудзь чалавек зьменіць гэта вызначэньне, дык будзе вынята бервяно з дома ягонага і будзе падняты ён і прыбіты да яго, а дом яго за тое будзе ператвораны ў руіны.
 
І я даю загад, што кожнаму чалавеку, які зьменіць гэтае слова, будзе вынята бервяно з дому ягонага, і ён будзе падняты і прыбіты да яго, а дом ягоны за гэта будзе ператвораны ў руіну.

І Бог, імя Якога там жыве, хай скіне любога цара, які працягнуў бы руку сваю, каб зьмяніць гэта на шкоду гэтаму дому Божаму ў Ерусаліме. Я, Дарый, даў гэты загад: хай выконваецца ён дакладна.
 
І Бог, Які зьмясьціў там імя Сваё, няхай зьнішчыць кожнага валадара і народ, які выцягнуў бы руку сваю, каб зьмяніць гэта на шкоду гэтаму Дому Божаму ў Ерусаліме. Я, Дарый, даў гэты загад. Няхай ён будзе дакладна выкананы».

Тады Татнай, зарэцкі начальнік вобласьці, Шэтар-Бознай і таварышы іхнія, — як загадаў цар Дарый, так дакладна і рабілі.
 
Тады Татэнай, ваявода Зарэчча, Шэтар-Базэнай і таварышы іхнія, як загадаў Дарый валадар, так дакладна і зрабілі.

І старэйшыны Юдэйскія будавалі з посьпехам, паводле прароцтва Агея прарока і Захара, сына Ады. І пабудавалі і закончылі, па волі Бога Ізраілевага і па волі Кіра і Дарыя і Артаксэркса, цароў Персідскіх.
 
І старшыні Юдэйскія будавалі, і мелі посьпех паводле прароцтва Агея прарока і Захарыі, сына Іддо. І пабудавалі, і скончылі паводле загаду Бога Ізраіля і паводле загаду Кіра, і Дарыя, і Артаксэркса, валадароў Пэрсаў.

І закончаны дом гэты да трэцяга дня месяца Адара, на шостым годзе валадараньня цара Дарыя.
 
І быў скончаны Дом гэты ў трэці дзень месяца Адар у шостым годзе валадараньня Дарыя валадара.

І ўчынілі сыны Ізраілевыя, сьвятары і лявіты і іншыя, што вярнуліся з палону, асьвячэньне гэтага дома Божага з радасьцю.
 
І справілі сыны Ізраіля, сьвятары і лявіты, і рэшта сыноў выгнаньня [сьвята] асьвячэньня гэтага Дому Божага з радасьцю.

І прынесьлі пры асьвячэньні гэтага дома Божага: сто валоў, дзьвесьце бараноў, чатырыста ягнят і дванаццаць казлоў у ахвяру за грэх за ўсяго Ізраіля, па колькасьці плямёнаў Ізраілевых.
 
І ахвяравалі на асьвячэньне гэтага Дому Божага сто бычкоў, дзьвесьце бараноў, чатырыста ягнятаў і дванаццаць казлоў у ахвяру за грэх за ўсяго Ізраіля, паводле ліку каленаў Ізраіля.

І паставілі сьвятароў па аддзяленьнях іхніх, і лявітаў па чэргах іхніх на службу Божую ў Ерусаліме, як прадпісана ў кнізе Майсея.
 
І паставілі сьвятароў паводле служэньняў іхніх, і лявітаў паводле чэргаў іхніх на служэньне [Дому] Божага, які ў Ерусаліме, паводле напісанага ў кнізе Майсея.

І ўчынілі вяртанцы з палону пасху на чатырнаццаты дзень першага месяца,
 
І сыны выгнаньня сьвяткавалі Пасху ў чатырнаццаты [дзень] першага месяца,

бо ачысьціліся сьвятары і лявіты, — усе яны, як адзін, чыстыя; і закалолі ягнят пасхальных дзеля ўсіх, што вярнуліся з палону, дзеля братоў сваіх сьвятароў і дзеля сябе.
 
бо ачысьціліся сьвятары і лявіты; усе яны, як адзін, былі чыстыя; і зарэзалі [ягня] пасхальнае для ўсіх сыноў выгнаньня, братоў сваіх, і для сьвятароў, і для сябе.

І елі сыны Ізраілевыя, якія вярнуліся зь перасяленьня, і ўсе, што аддзяліліся да іх ад нечысьціні народаў зямлі, каб прыйсьці да Госпада Бога Ізраілевага.
 
І елі сыны Ізраіля, якія вярнуліся з выгнаньня, і ўсе, што аддзяліліся да іх ад нячыстасьці народаў зямлі, каб шукаць ГОСПАДА, Бога Ізраіля.

І сьвяткавалі сьвята праснакоў сем дзён у радасьці, бо парадаваў іх Гасподзь і павярнуў да іх сэрца цара Асірыйскага, каб мацаваць рукі іхнія пры будаўніцтве дома Госпада Бога Ізраілевага.
 
І сьвяткавалі Сьвята Праснакоў сем дзён з радасьцю, бо ГОСПАД узрадаваў іх і зьвярнуў да іх сэрца валадара Асірыі, каб умацаваць рукі іхнія пры будаўніцтве Дому ГОСПАДА, Бога Ізраіля.