Нээміі 1 разьдзел

Кніга Нээміі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Слова, сына Ахаліінага. У месяцы Кісьлеве, у дваццатым годзе, я быў у Сузах, сталічным горадзе.
 
Словы Нээміі, сына Хакаліі. І сталася ў месяцы Кісьлеў у дваццатым годзе, і быў я ў Шушане, сталіцы.

І прыйшоў Ханані, адзін з братоў маіх, ён і некалькі чалавек зь Юдэі. І спытаўся я ў іх пра ацалелых Юдэяў, якія засталіся ад палону, і пра Ерусалім.
 
І прыйшоў Ханані, адзін з братоў маіх, ён і мужы з Юдэі. І я спытаўся ў іх пра Юдэяў, што [там] засталіся, якія ўцяклі ад палону, і пра Ерусалім.

І сказалі яны мне: пазасталыя, якія засталіся ад палону, там, у краіне сваёй, у вялікім бедстве і ў прыніжэньні; і сьцяна Ерусаліма разбурана і брамы яго спалены агнём.
 
І яны сказалі мне: «Тыя, што засталіся, якія ўцяклі ад палону там, у краіне, у вялікім горы і ганьбе; мур Ерусаліму разбураны, і брамы ягоныя спаленыя агнём».

Пачуўшы гэтыя словы, я сеў і заплакаў, і засмучаны быў некалькі дзён, і пасьціўся і маліўся прад Богам нябесным
 
І сталася, калі я пачуў словы гэтыя, я сеў, і плакаў, і быў у жалобе [некалькі дзён], і посьціў, і маліўся перад абліччам Бога нябеснага.

і казаў: Госпадзе Божа нябёсаў, Божа вялікі і страшны, Які захоўвае запавет і міласьць да тых, што любяць Цябе і захоўваюць наказы Твае!
 
І я сказаў: «Прашу Цябе, ГОСПАДЗЕ, Божа нябесны, Бог вялікі і страшны, Які захоўвае запавет і міласэрнасьць для тых, якія любяць Цябе і захоўваюць прыказаньні Твае!

Хай будуць вушы Твае ўважлівыя і вочы Твае адкрытыя, каб пачуць малітву раба Твайго, якою я цяпер дзень і ноч малюся прад Табою за сыноў Ізраілевых, рабоў Тваіх, і спавядаюся ў грахах сыноў Ізраілевых, якімі зграшылі мы прад Табою, зграшылі — і я і дом бацькі майго.
 
Няхай будзе вуха Тваё ўважлівае і вочы Твае адкрытыя, каб пачуць малітву слугі Твайго, якой я малюся перад абліччам Тваім сёньня дзень і ноч за сыноў Ізраіля, слугаў Тваіх, і прызнаюся ў грахах сыноў Ізраіля, якімі мы грашылі супраць Цябе, і я, і дом бацькі майго грашылі.

Мы сталі злачынныя прад Табою і не захавалі запаведзяў і пастановаў і вызначэньняў, якія Ты наказаў Майсею, рабу Твайму.
 
Робячы злачынства, мы сталіся злачынцамі супраць Цябе і не захоўвалі прыказаньні, і пастановы, і прысуды, якія Ты загадаў Майсею, слузе Твайму.

Але спамяні слова, якое Ты наказаў Майсею, рабу Твайму, кажучы: калі вы зробіцеся злачынцамі, дык Я расьсею вас па народах,
 
Узгадай, калі ласка, слова, якое Ты загадаў Майсею, слузе Твайму, кажучы: “Калі будзеце нявернымі, Я расьцярушу вас паміж народамі.

а калі зьвернецеся да Мяне і будзеце захоўваць запаведзі Мае і выконваць іх, дык хоць бы вы былі выгнаныя на край зямлі, і адтуль зьбяру вас і прывяду вас на месца, якое выбраў Я, каб уцьвердзіць там імя Маё.
 
Але калі вернецеся да Мяне і будзеце захоўваць прыказаньні Мае і выконваць іх, хоць бы вы былі выгнаныя на канцы неба, і адтуль Я зьбяру вас, і, прыводзячы, прывяду вас на месца, якое Я выбраў, каб жыло там імя Маё!”

А яны — рабы Твае і народ Твой, які Ты акупіў сілаю Тваёю вялікаю і рукою Тваёю магутнаю.
 
Яны ж — слугі Твае і народ Твой, які Ты адкупіў моцаю Тваёю вялікай і рукою Тваёю магутнай.

Малю Цябе, Госпадзе! хай будзе вуха Тваё ўважлівае да малітвы раба Твайго і да малітвы рабоў Тваіх, якія любяць схіляцца перад імем Тваім. І пасьпяшайся з дабром да раба Твайго цяпер, і ўвядзі яго ў міласьць у чалавека гэтага. Я быў чашнікам у цара.
 
Прашу Цябе, Госпадзе, няхай будзе вуха Тваё ўважлівае да малітвы слугі Твайго і да малітваў слугаў Тваіх, якія баяцца імя Твайго. І дай посьпех, прашу, слузе Твайму сёньня, і даруй яму мець ласку перад абліччам чалавека гэтага». А я быў падчашым валадара.