Нээміі 1 разьдзел

Кніга Нээміі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Слова, сына Ахаліінага. У месяцы Кісьлеве, у дваццатым годзе, я быў у Сузах, сталічным горадзе.
 
Словы Негэмы Гахалёнка. І сталася месяца Кісьлева, дваццатага году, і быў я ў Сусе, у сталічным месьце.

І прыйшоў Ханані, адзін з братоў маіх, ён і некалькі чалавек зь Юдэі. І спытаўся я ў іх пра ацалелых Юдэяў, якія засталіся ад палону, і пра Ерусалім.
 
І прышоў Ганані, адзін із братоў маіх, ён і колькі чалавекаў зь Юдэі. І папытаўся я ў іх празь Юдэяў, што ўцяклі, каторыя былі застаўшыся ад палону, і празь Ерузалім.

І сказалі яны мне: пазасталыя, якія засталіся ад палону, там, у краіне сваёй, у вялікім бедстве і ў прыніжэньні; і сьцяна Ерусаліма разбурана і брамы яго спалены агнём.
 
І яны сказалі імне: «Засталыя, што засталіся ад палону там у краю, у вялікім ліху а паганьбеньню; сьцяна Ерузалімская разбурана, і брамы яго спалены цяплом».

Пачуўшы гэтыя словы, я сеў і заплакаў, і засмучаны быў некалькі дзён, і пасьціўся і маліўся прад Богам нябесным
 
І сталася, як я пачуў гэтыя словы, што я сеў, і плакаў, і быў у жалобе дні, і поставаў, і маліўся да Бога нябёснага,

і казаў: Госпадзе Божа нябёсаў, Божа вялікі і страшны, Які захоўвае запавет і міласьць да тых, што любяць Цябе і захоўваюць наказы Твае!
 
І казаў: «Я малю Цябе, СПАДАРУ, Божа нябёсны, вялікі а страшны Бог, што заховуе змову а міласэрдзе да тых, што любяць Яго й дзяржаць расказаньні Ягоныя!

Хай будуць вушы Твае ўважлівыя і вочы Твае адкрытыя, каб пачуць малітву раба Твайго, якою я цяпер дзень і ноч малюся прад Табою за сыноў Ізраілевых, рабоў Тваіх, і спавядаюся ў грахах сыноў Ізраілевых, якімі зграшылі мы прад Табою, зграшылі — і я і дом бацькі майго.
 
Хай вушы Твае будуць уважлівыя, і вочы Твае адчыненыя, каб Ты мог чуць малітву слугі Свайго, каторай я малюся перад Табою цяпер дзень і ноч за сыноў Ізраелявых, слугаў Тваіх, і спавядаюся з грахоў сыноў Ізраелявых, каторымі мы грашылі супроці Цябе, і я, і дом айца майго грашылі.

Мы сталі злачынныя прад Табою і не захавалі запаведзяў і пастановаў і вызначэньняў, якія Ты наказаў Майсею, рабу Твайму.
 
Мы вельма спракудзіліся ў Цябе й не дзяржалі расказаньняў ані ўставаў, ані судоў, каторыя Ты расказаў слузе Свайму Масею.

Але спамяні слова, якое Ты наказаў Майсею, рабу Твайму, кажучы: калі вы зробіцеся злачынцамі, дык Я расьсею вас па народах,
 
Успомні ж слова, каторае Ты казаў слузе Свайму Масею, кажучы: "Калі вы Ізгрэшыце, Я расьцярушу вас памеж народаў;

а калі зьвернецеся да Мяне і будзеце захоўваць запаведзі Мае і выконваць іх, дык хоць бы вы былі выгнаныя на край зямлі, і адтуль зьбяру вас і прывяду вас на месца, якое выбраў Я, каб уцьвердзіць там імя Маё.
 
Калі ж навернецеся да Мяне і будзеце дзяржаць расказаньні Мае й паўніць іх, то хоць бы вы выгнаны былі на край неба, і стуль зьбяру вас, і прывяду вас на месца, каторае Я абраў, каб вітала там імя Мае!"

А яны — рабы Твае і народ Твой, які Ты акупіў сілаю Тваёю вялікаю і рукою Тваёю магутнаю.
 
Яны ж слугі Твае а люд Твой, каторы Ты выкупіў сілаю Сваёю вялікаю і рукою Сваёю магутнаю.

Малю Цябе, Госпадзе! хай будзе вуха Тваё ўважлівае да малітвы раба Твайго і да малітвы рабоў Тваіх, якія любяць схіляцца перад імем Тваім. І пасьпяшайся з дабром да раба Твайго цяпер, і ўвядзі яго ў міласьць у чалавека гэтага. Я быў чашнікам у цара.
 
О, Спадару! я малю Цябе, хай будзе вуха Твае ўважлівае да малітвы слугі Твайго і да малітваў слугаў Тваіх, каторыя зычаць баяцца імені Твайго. І дай дасьпех, я малю Цябе, слузе Свайму цяпер, і даруй яго ласкаю ў ваччу гэтага чалавека». Я ж быў чашнікам каралеўскім.