1 да Цімафея 1 разьдзел

Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Павал, апостал Ісуса Хрыста, наказам Бога, Збаўцы нашага, і Госпада Ісуса Хрыста, надзеі нашае,
 
Паўла, апостал Ісуса Хрыста, з расказаньня Бога, Спаса нашага, а Спадара Ісуса Хрыста, надзеі нашае,

Цімафею, шчыраму сыну ў веры: мілата, міласэрнасьць, мір ад Бога, Айца нашага, і Хрыста Ісуса, Госпада нашага.
 
Цімоху, праўдзіваму сыну ў веры: ласка, міласэрдзе, супакой ад Бога, Айца нашага, а Хрыста Ісуса, Спадара нашага.

Адыходзячы ў Македонію, я прасіў цябе застацца ў Эфэсе, і ўмаўляць некаторых, каб яны ня вучылі іншаму
 
Як я прасіў цябе застацца ў Ефэсе, як я адходзіў да Македоні, каб ты расказаў некатрым ня вучыць накш

і не займаліся байкамі і радаводамі бясконцымі, якія спараджаюць болей спрэчкі, чым Божае настаўленьне ў веры.
 
Ані зварачаць увагі да байкаў а бясконцых радаводаў, каторыя больш прыводзяць да сьпярэчак, чымся да Божага збудаваньня, каторае ў веры.

А мэта ўмаўленьня ёсьць любоў ад чыстага сэрца і добрага сумленьня і некрывадушнай веры,
 
Мэтаю ж загады ё міласьць із чыстага сэрца а з добрага сумленьня а зь нядвудушнае веры,

адступіўшыся ад чаго, некаторыя ўхіліліся ў пустаслоўе,
 
Ад чаго некатрыя, ня лучыўшы, адхінуліся да пустое гаворкі,

хочучы быць настаўнікамі закона, але не разумеючы ні таго, пра што гавораць, ні таго, што сьцьвярджаюць.
 
Зычачы быць вучыцелямі Закону, не разумеючы ані тога, што гукаюць, ані тога, што моцна цьвердзяць.

А мы ведаем, што закон добры, калі хто законна карыстаецца ім,
 
Мы ж ведаем, што Закон добры, калі хто праўна ўжывае яго,

ведаючы, што закон пакладзены ня праведніку, а беззаконным і непакорлівым, бязбожным і грэшным, распусным і апаганеным, паглумнікам бацькі і маці, душагубам,
 
Ведаючы тое, што Закон не тарнуюць да справядлівага, але да бяспраўнікаў а нясуворных, да бязбожных а грэшных, да несьвятых а будзенячых, да ўбіўцаў айцоў а маткаў а людаўбіўцаў,

блудадзеям, мужаложцам (чалавеказьдзірцам, паклёпнікам, скаталожцам), хлусам, крывапрысяжцам, і ўсяму, што супроць здаровага вучэньня,
 
Да бязуляў, садомнікаў, людакрадаў, манюкаў, хвальшыва прысягаючых і да ўсяго, праціўнага здаровай навуццы,

згодна са слаўным Дабравесьцем дабрашчаснага Бога, якое мне даверана.
 
Подле Дабравесьці славы дабраславёнага Бога, каторая імне даверана.

Дзякую Таму, Хто даў мне сілу, Хрысту Ісусу Госпаду нашаму, што Ён прызнаў мяне верным, прызначыўшы на служэньне,
 
Дзякую Хрысту Ісусу, Спадару нашаму, Каторы даў імне сілу, што прызнаў мяне за вернага, прызначыўшы на службу,

мяне, які раней быў кляцьбіт і ганіцель і крыўдзіцель, але памілаваны, бо рабіў так ад няведаньня, у няверстве;
 
Мяне, каторы быў уперад блявузґаньнікам а перасьледаваньнікам а шкоднікам, але адзяржаў міласэрдзе, бо дзеяў зь неведзі, у няверы;

а мілата Госпада нашага (Ісуса Хрыста) выявілася ўва мне багата зь вераю і любоўю ў Хрысьце Ісусе.
 
Але ласка Спадара нашага надзвычайна збыткавала зь вераю а міласьцяй, каторыя ў Хрысту Ісусу.

Слушнае і ўсякага прыняцьця вартае слова, што Хрыстос Ісус прыйшоў у сьвет уратаваць грэшнікаў, сярод якіх я першы.
 
Вернае слова і годнае ўсялякага прыйма, што Хрыстос Ісус прышоў на сьвет спасьці грэшнікаў, з каторых я першы.

Але на тое я і памілаваны, каб Ісус Хрыстос ува мне першым паказаў усю доўгую цярплівасьць, у прыклад тым, якія будуць верыць у Яго дзеля жыцьця вечнага.
 
Але дзеля тога я прыдбаў міласэрдзе, каб у імне першым паказаў Ісус Хрыстос усю цярплівосьць да прыкладу тым, што ўвераць у Яго да жыцьця вечнага.

А Цару жыцьця нятленнаму, нябачнаму, адзінаму мудраму Богу гонар і слава на векі вякоў. Амін.
 
Каралю ж вякоў, нераскладальнаму, нявідомаму, адзінаму Богу чэсьць а хвала на векі вякоў. Амін.

Давяраю табе, сыне мой Цімафею, згодна з ранейшымі пра цябе прароцтвамі, такі наказ, каб ты змагаўся згодна зь імі як добры воін,
 
Гэтую загаду даю табе, дзяцё Цімоша, згодна з былымі празь цябе прароцтвамі, каб ты ваяваў згодна зь імі добрую вайну,

маючы веру і добрае сумленьне, адкінуўшы якое, некаторыя адпалі ад веры;
 
Маючы веру й добрае сумленьне, каторае некатрыя адхінуўшы, мелі разьбіцьцё карабля веры свае;

такія Іменей і Аляксандр, якіх я аддаў сатане, каб яны навучыліся ня блюзьнерыць.
 
Меж іх Гімен а Аляксандра, каторых я выдаў шайтану, каб навучыліся не блявузґаць.