4 царстваў 1 разьдзел

Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І адасобіўся Мааў ад Ізраіля пасьля сьмерці Ахава.
 
І збунтаваўся Моаў супроці Ізраеля па сьмерці Агава.

А Ахозія ўпаў праз краты са сьвяцёлкі сваёй, што ў Самарыі, і занямог. І паслаў паслоў і сказаў ім: ідзеце, спытайцеся ў Вэльзэвула, божышча Акаронскага: ці выздаравею я ад гэтай хваробы?
 
Агазя ж зваліўся пераз крату із свае верхняе залі, каторая ў Самары, і быў хворы. І паслаў пасланцоў, і сказаў ім: «Пайдзіце, папытайцеся ў Ваал-Зэвува, бога Экронскага: ці ачуняю я ад гэтае хваробы?»

Тады анёл Гасподні сказаў Ільлю Фэсьвіцяніну: устань, ідзі насустрач пасланым ад цара Самарыйскага і скажы ім: хіба няма Бога ў Ізраілі, што вы ідзяце пытацца ў Вэльзэвула, божышча Акаронскага?
 
І ангіл СПАДАРОЎ казаў Ільлі Фішвяніну: «Устань, узыйдзі наўпярэймы пасланцом ад караля Самарскага й кажы ім: "Ціж то няма Бога ў Ізраелю, што вы йдзіце пытацца ў Ваал-Зэвува, бога Экронскага?"

За гэта так кажа Гасподзь: з пасьцелі, на якую ты лёг, ня сыдзеш зь яе, а памрэш. І пайшоў Ільля і сказаў ім.
 
Затым цяпер гэтак кажа СПАДАР: "З пасьцелі, на каторую ты ўзышоў, ня зыйдзеш ізь яе, але сьмерцю памрэш"». І адышоў Ільля.

І вярнуліся да Ахозіі пасланцы. І ён сказаў ім: што гэта вы вярнуліся?
 
І зьвярнуліся пасланцы. І ён сказаў ім: «Чаму вы зьвярнуліся?»

І сказалі яму: насустрач нам выйшаў чалавек і сказаў нам: ідзеце, вярнецеся да цара, які паслаў вас, і скажэце яму: так кажа Гасподзь: хіба няма Бога ў Ізраілі, што ты пасылаеш пытацца ў Вэльзэвула, божышча Акаронскага? За тое з пасьцелі, на якую ты лёг, ня сыдзеш зь яе, а памрэш.
 
І сказалі яму: «Наўпярэймы нам зайшоў чалавек і сказаў нам: "Пайдзіце, зьвярніцеся да караля, каторы паслаў вас, і кажыце яму: "Гэтак кажа СПАДАР: ’Ці ж то няма Бога ў Ізраелю, што ты пасылаеш пытацца ў Ваал-Зэвува, бога Экронскага? За тое з пасьцелі, на каторую ты ўзышоў, ты ня зыйдзеш ізь яе, але сьмерцю памрэш"’"».

І сказаў ім: які з выгляду той чалавек, які выйшаў напярэймы вам і казаў вам словы гэтыя?
 
І сказаў ім: «Які выгляд чалавека, каторы ўзышоў наўпярэймы вам і гукаў вам словы гэтыя?»

Яны сказалі яму: чалавек той увесь у валасах і скураным поясам аперазаны па сьцёгнах сваіх. І сказаў ён: гэта Ільля Фэсьвіцянін.
 
Яны сказалі яму: «Чалавек тый касматы і дзягаю паперазаўшыся па сьцёгнах сваіх». І сказаў ён: «Гэта Ільля Фішвянін».

І паслаў да яго пяцідзясятніка зь ягоным пяцідзясяткам. І ён узышоў да яго, калі Ільля сядзеў наверсе гары, і сказаў яму: чалавек Божы? цар кажа: сыдзі.
 
І паслаў да яго галоўнага пяцідзясятніка зь пяцідзясяткам ягоным. І ўзышоў да яго, і вось, ён сядзіць на версе гары, і гукаў да яго: «Чалавеча Божы! кароль казаў: "Зыйдзі!"».

І адказваў Ільля і сказаў пяцідзясятніку: калі я чалавек Божы, дык хай сыдзе агонь зь неба і папаліць цябе і твой пяцідзясятак. І сышоў агонь зь неба і папаліў яго і пяцідзясятак ягоны.
 
І адказаў Ільля, і казаў галоўнаму пяцідзясятніку: «І калі я чалавек Божы, то хай зыйдзе цяпло зь неба й зжарэць цябе а твой пяцідзясятак». І зышло цяпло зь неба, і зжэрла яго й пяцідзясятак ягоны.

І паслаў да яго цар другога пяцідзясятніка зь ягоным пяцідзясяткам. І ён пачаў гаварыць яму: чалавек Божы! так сказаў цар: сыдзі хутчэй.
 
І паслаў да яго кароль другога галоўнага пяцідзясятніка зь пяцідзясяткам ягоным. І ён адказаў, і гукаў яму: «Чалавеча Божы! гэтак казаў кароль: "Зыйдзі барзьдзей!"»

І адказваў Ільля і сказаў яму: калі я чалавек Божы, дык хай сыдзе агонь зь неба і папаліць цябе і твой пяцідзясятак. І сышоў агонь Божы зь неба і папаліў яго і пяцідзясятак ягоны.
 
І адказаў Ільля, і сказаў яму: «Калі я чалавек Божы, то хай зыйдзе цяпло зь неба й зжарэць цябе а твой пяцідзясятак». І зышло цяпло Божае зь неба, і зжэрла яго й пяцідзясятак ягоны.

І яшчэ паслаў трэцім разам пяцідзясятніка зь ягоным пяцідзясяткам. І падняўся, і прыйшоў пяцідзясятнік трэці, і ўпаў на калені свае перад Ільлём, і ўмольваў яго і казаў яму: чалавек Божы! хай ня будзе пагарджана душа мая і душа рабоў тваіх — гэтых пяцідзесяці — перад вачыма тваімі;
 
І яшчэ паслаў трэйці раз галоўнага пяцідзясятніка зь пяцідзясяткам ягоным. І ўзышоў трэйці галоўны пяцідзясятнік, і прышоў, і ўкляк перад Ільлёю, і маліў яго, і казаў яму: «Чалавеча Божы! калі ласка, няхай будзе дарагая душа мая й душы слугаў тваіх гэтых пяцьдзясят у ваччу тваім.

вось, сышоў агонь зь неба і папаліў двух пяцідзясятнікаў ранейшых зь іхнімі пяцідзясяткамі; але цяпер хай ня будзе пагарджана душа мая перад вачыма тваімі!
 
Вось, зышло цяпло зь неба й зжэрла два першыя галоўныя пяцідзясятнікі зь пяцідзясяткамі іхнымі; але цяпер хай будзе дарагая душа мая ў ваччу тваім!»

І сказаў анёл Гасподні Ільлю; ідзі зь ім, ня бойся яго. І ён устаў і пайшоў зь ім да цара.
 
І сказаў Ангіл СПАДАРОЎ Ільлі: «Зыйдзі зь ім, ня бойся віду ягонага». І ён устаў, і зышоў зь ім да караля.

І сказаў яму: так кажа Гасподзь: за тое, што ты пасылаў пасланцаў пытацца ў Вэльзэвула, божышча Акаронскага, быццам у Ізраілі няма Бога, каб папытацца пра слова Ягонае, — з пасьцелі, на якую ты лёг, ня сыдзеш зь яе, а памрэш.
 
І казаў яму: «Гэтак кажа СПАДАР: "За тое, што ты пасылаў пасланцоў пытацца ў Ваал-Зэвува, бога Экронскага, быццам няма Бога ў Ізраелю, каб пытацца слова Ягонага, — з пасьцелі, на каторую ты ўзышоў, ня зыйдзеш ізь яе, але сьмерцю памрэш"».

І памёр ён па слове Гасподнім, якое сказаў Ільля. І зацараваў Ёрам, брат Ахозіі, замест яго, у другі год Ёрама, сына Ёсафатавага, цара Юдэйскага, бо сына ў таго ня было.
 
І памер ён подле слова СПАДАРОВАГА, каторае праказаў Ільля. І загаспадарстваваў Егорам замест яго, другога году Егорама Ясапацёнка, караля Юдэйскага, бо сына ў яго ня было.

Астатняе пра Ахозію, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.
 
Засталыя справы Агазіны, што ён рабіў, ціж не запісаны яны ў кнізе летапісу каралёў Ізраельскіх?