4 царстваў 2 разьдзел

Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

У той час, як Гасподзь захацеў узьнесьці Ільлю ў віхуры на неба, ішоў Ільля зь Елісеем з Галгала.
 
І сталася, як СПАДАР меў узьнесьці Ільлю ў віхру на неба, што йшоў Ільля зь Елісэям ізь Ґілґалу.

І сказаў Ільля Елісею: застанься тут, бо Гасподзь пасылае мяне ў Вэтыль. Але Елісей сказаў: жывы Гасподзь і жывая душа твая! не пакіну цябе. І пайшлі яны ў Вэтыль.
 
І сказаў Ільля Елісэю: «Застанься, калі ласка тут, бо СПАДАР пасылае мяне да Бэт-Элю». Але Елісэй сказаў: «Жыў СПАДАР і жыва душа твая! не пакіну цябе». І зышлі яны да Бэт-Элю.

І выйшлі сыны прарокаў, якія ў Вэтылі, да Елісея і сказалі яму: ці ведаеш, што сёньня Гасподзь узьнясе гаспадара твайго над галавою тваёю? Ён сказаў: я таксама ведаю, маўчэце.
 
І вышлі сынове прароцкія, каторыя ў Бэт-Элю, да Елісэя, і сказалі яму: «Ці ведаеш, што сядні СПАДАР бярэць спадара твайго з над галавы твае?» Ён сказаў: «Я так-сама ведаю, маўчыце».

І сказаў яму Ільля: Елісей, застанься тут, бо Гасподзь пасылае мяне ў Ерыхон. І сказаў ён: жывы Гасподзь і жывая душа твая! не пакіну цябе. І прыйшлі ў Ерыхон.
 
І сказаў яму Ільля: «Елісэю, застанься тут, калі ласка, бо СПАДАР пасылае мяне да Ерыхону». І сказаў ён: «Жыў СПАДАР і жыва душа твая! не пакіну цябе». І прышлі да Ерыхону.

І падышлі сыны прарокаў, якія ў Ерыхоне, да Елісея і сказалі яму: ці ведаеш, што сёньня Гасподзь бярэ гаспадара твайго і ўзьнясе над галавою тваёю? Ён сказаў: я таксама ведаю, маўчэце.
 
І дабліжыліся сыны прароцкія, каторыя ў Ерыхоне, да Елісэя, і сказалі яму: «Ці ведаеш, што сядні СПАДАР бярэць спадара твайго з над галавы твае?» Ён сказаў: «Я таксама ведаю, маўчыце».

І сказаў яму Ільля: застанься тут, бо Гасподзь пасылае мяне да Ярдана. І сказаў ён: жывы Гасподзь і жывая душа твая! не пакіну цябе. І пайшлі абодва.
 
І сказаў яму Ільля: «Застанься, калі ласка, тут, бо СПАДАР пасылае мяне да Ёрдану». І сказаў ён: «Жыў СПАДАР і жыва душа твая! Не пакіну цябе». І пайшлі абодва.

Пяцьдзясят чалавек з сыноў прарокавых пайшлі і сталі здалёк супроць іх, і яны абодва стаялі каля Ярдана.
 
Пяцьдзясят чалавекаў із сыноў прароцкіх пайшлі й сталі насупроці здалеку; а яны абодва стаялі ля Ердану.

І ўзяў Ільля аўчыну сваю, і згарнуў, і ўдарыў ёю па вадзе, і расступілася яна туды і сюды, і перайшлі абодва па сухім.
 
І ўзяў Ільля ахілім свой, і скруціў, і выцяў ім па вадзе, і расступілася яна туды й сюды, і перайшлі абодва па сушы.

Калі яны перайшлі, Ільля сказаў Елісею: прасі, што зрабіць табе, перш чым я буду ўзяты ад цябе. І сказаў Елісей: дух, які ў табе, хай будзе на мне ўдвая.
 
Як яны перайшлі, то Ільля сказаў Елісэю: «Прасі, што зрабіць табе ўперад, чымся я буду ўзяты ад цябе». І сказаў Елісэй: «Дух, каторы ў табе, хай будзе на імне ўдвая».

І сказаў ён: цяжкага ты просіш; калі ўбачыш, як я буду ўзяты ад цябе, дык будзе табе так, а калі ня ўбачыш, ня будзе.
 
І сказаў ён: «Цяжкога ты просіш. Калі абачыш, як буду я ўзяты ад цябе, то будзе табе так; а калі не абачыш, ня будзе».

Калі яны ішлі і па дарозе гутарылі, раптам зьявілася калясьніца вогненная і коні вогненныя, і разлучылі іх абодвух, і панёсься Ільля ў віхуры на неба.
 
І было, як яны йшлі, ідучы й гутарачы, вось, цялежкі агняныя й коні агняныя разлучылі іх абодвых, і ўзьнёсься Ільля ў віхру на неба.

А Елісей глядзеў і ўсклікнуў: бацька мой, бацька мой, калясьніца Ізраіля і коньніца ягоная! І ня бачыў яго болей. І схапіў ён вопратку сваю і падраў яе на дзьве часткі.
 
Елісэй жа глядзеў і крыкнуў: «Войча мой, войча мой, цялежкі Ізраелявы й коньнікі яго!» І ня бачыў яго болей. І схапіў ён адзецьці свае, і разьдзер іх на дзьве часьці.

І падняў аўчыну Ільлі, якая ўпала зь яго, і пайшоў назад, і стаў на беразе Ярдана;
 
І падняў ахілім, упалы зь яго, і пайшоў назад, і стаў на беразе Ёрдану.

і ўзяў аўчыну Ільлі, якая ўпала зь яго, і ўдарыў ёю па вадзе і сказаў: дзе Гасподзь, Бог Ільлі, — Ён Самы? І ўдарыў па вадзе, і яна расступілася туды і сюды, і перайшоў Елісей.
 
І ўзяў ахілім Ільлін, упалы зь яго, і выцяў ім па вадзе, і сказаў: «Ідзе СПАДАР, Бог Ільлі, дыкжэ Ён?» і выцяў ваду, і яна расступілася туды й сюды, і перайшоў Елісэй.

І ўбачылі яго сыны прарокаў, якія ў Ерыхоне, здалёк і сказалі: спачыў дух Ільлі на Елісеі. І пайшлі напярэймы яму, і пакланіліся яму да зямлі,
 
І абачылі яго сыны прароцкія, каторыя ў Ерыхоне, з насупроці, і сказалі: «Супачыў дух Ільлін на Елісэю». І пайшлі наўпярэймы яму, і пакланіліся яму аж да зямлі.

і сказалі яму: вось, ёсьць у нас, рабоў тваіх, чалавек пяцьдзясят — людзі дужыя; хай бы яны пайшлі і пашукалі гаспадара твайго; можа, панёс яго Дух Гасподні і скінуў яго на адной з гор, альбо на адной з далін. А ён сказаў: не пасылайце.
 
І сказалі яму: «Вось, цяпер ё слугаў тваіх пяцьдзясят чалавекаў, малайцоў; хай бы яны пайшлі й пашукалі спадара твайго; можа панёс яго Дух СПАДАРОЎ і кінуў яго на аднэй з гораў альбо на аднэй з далінаў». Ён жа сказаў: «Не пасылайце».

Але яны падступаліся да яго доўга, так што абрыдлі яму, і ён сказаў: пашлеце. І паслалі пяцьдзясят чалавек, і шукалі тры дні, і не знайшлі яго,
 
Але яны дужа прасілі яго, ажно ён засароміўся, і ён сказаў: «Пашліце». І паслалі пяцьдзясят чалавекаў, і шукалі тры дні, і не знайшлі яго.

і вярнуліся да яго, тым часам як ён заставаўся ў Ерыхоне, і сказаў ім: ці ж не казаў я вам: не хадзеце?
 
І зьвярнуліся да яго, памеж тога як ён заставаўся ў Ерыхоне, і сказаў ім: «Ці не казаў я вам: "Не хадзіце?"»

І сказалі жыхары таго горада Елісею: вось, стан гэтага горада добры, як бачыць гаспадар мой; але вада нядобрая і зямля неўрадлівая.
 
І сказалі жыхары таго места Елісэю: «Вось жа, палажэньне гэтага места прыемнае, як бача спадар мой; але вада благая й зямля няўродлівая».

І сказаў ён: дайце мне новую чару і пакладзеце туды солі. І далі яму.
 
І сказаў ён: «Дайце імне новую чару, і палажыце туды солі». І далі яму.

І выйшаў ён да вытоку вады, і кінуў туды солі, і сказаў: так кажа Гасподзь: Я зрабіў ваду гэтую здароваю, ня будзе ад яе наперад ні сьмерці, ні неўрадлівасьці.
 
І вышаў ён да вытаку вады, і кінуў туды солі, і сказаў: «Гэтак кажа СПАДАР: "Я зраблю ваду гэтую здароваю, і ня будзе болей ад яе сьмерці ані няўроду"».

І вада зрабілася здароваю да сёньня, паводле слова Елісея, якое ён сказаў.
 
І вада ўздароўлена дагэтуль, подле слова Елісэя, каторае ён сказаў.

І пайшоў ён адтуль у Вэтыль. Калі ён ішоў дарогаю, малыя дзеці выйшлі з горада і сьмяяліся зь яго і казалі яму: ідзі, пляшывы, ідзі, пляшывы.
 
І ўзышоў ён стуль да Бэт-Элю. Як ён ішоў дарогаю, хлапчукі вышлі зь места, і насьміхаліся зь яго, і казалі яму: «Узыйдзі, лысы! узыйдзі, лысы!»

Ён азірнуўся і ўбачыў іх і пракляў іх імем Гасподнім. І выйшлі дзьве мядзьведзіхі зь лесу і разадралі зь іх сорак два дзіцяці.
 
Ён азірнуўся, і абачыў іх, і пракляў іх імям СПАДАРОВЫМ. І вышлі дзьве мядзьведзіцы зь лесу, і разарвалі зь іх сорак двое дзяцей.

Адсюль пайшоў ён на гару Карміл, а адтуль вярнуўся ў Самарыю.
 
Адгэтуль пайшоў ён на гару Карміл, а адгэнуль зьвярнуўся да Самары.