4 царстваў 16 разьдзел
Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
На семнаццатым годзе Факея, сына Рэмаліінага, зацараваў Ахаз, сын Ёатама, цара Юдэйскага:
Сямнанцатага году Пекага Рэмалёнка, загаспадарстваваў Агаз, сын Ёфама, караля Юдэйскага.
дваццаць гадоў было Ахазу, калі зацараваў, і шаснаццаць гадоў валадарыў ён у Ерусаліме, і не рабіў спадобнага ў вачах Госпада Бога свайго, як Давід, бацька ягоны,
Дваццаць год было Агазу, як загаспадарстваваў, і шаснанцаць год гаспадарстваваў у Ерузаліме, і не рабіў пасьцівага ў ваччу СПАДАРА, Бога свайго, як Давід, ацец ягоны;
а хадзіў шляхам цароў Ізраільскіх, і нават сына свайго правёў праз агонь, пераймаючы мярзоты народаў, якіх прагнаў Гасподзь ад аблічча сыноў Ізраілевых,
Але хадзіў дарогаю каралёў Ізраельскіх, і нават сына свайго правёў перазь цяпло, подле агідаў паган, каторых прагнаў СПАДАР ад віду сыноў Ізраелявых.
і ўчыняў ахвяры і дымленьні на вышынях і на пагорках і пад кожным галінастым дрэвам.
І абракаў, і кадзіў на ўзвышшах а на ўзгорках і пад кажным зялёным дзервам.
Тады пайшоў Рэцын, цар Сірыйскі, і Факей, сын Рэмаліін, цар Ізраільскі, супроць Ерусаліма, каб заваяваць яго, і трымалі Ахаза ў аблозе, але адолець не маглі.
Тады ўзышоў Рэцын, кароль Сырскі, і Пекаг Рэмалёнак, кароль Ізраельскі, на Ерузалім, каб заваяваць яго, і дзяржалі Агаза ў ваблозе, але зваяваць не маглі.
Тым часам Рэцын, цар Сірыйскі, вярнуў Сірыі Элат і прагнаў Юдэяў з Элата; і Ідумэяне ўступілі ў Элат, і жывуць там да сёньня.
Таго часу Рэцын, кароль Сырскі, зьвярнуў Сыры Елаф і выкінуў Юдэяў зь Елафу; і Сыране ўвыйшлі да Елафу, і жывуць там аж дагэтуль.
І паслаў Ахаз паслоў да Тэглатфэласара, цара Асірыйскага, сказаць: раб твой і сын твой я; прыйдзі і абарані мяне ад рукі цара Сірыйскага і ад рукі цара Ізраільскага, што паўсталі на мяне.
І паслаў Агаз паслоў да Фіґлаф-Пілесэра, караля Асырскага, кажучы: «Слуга твой а сын твой я: узыйдзі, і ўратуй мяне ад рукі караля Сырскага і ад рукі караля Ізраельскага, паўсталых на мяне».
І ўзяў Ахаз срэбра і золата, якое знайшлося ў доме Гасподнім і ў скарбніцах дома царскага, і паслаў цару Асірыйскаму ў дарунак.
І ўзяў Агаз срэбра а золата, якое знайшлося ў доме СПАДАРОВЫМ а ў скарбніцах дому каралеўскага, і паслаў лапан каралю Асырскаму.
І паслухаўся яго цар Асірыйскі; і пайшоў цар Асірыйскі ў Дамаск і ўзяў яго, і перасяліў жыхароў яго ў Кір, а Рэцына аддаў сьмерці.
І паслухаў яго кароль Асырскі, і ўзышоў кароль Асырскі да Дамашку, і ўзяў яго ў палон, і перасяліў жыхараў яго да Кіру, а Рэцына забіў.
І пайшоў цар Ахаз насустрач Тэглатфэласару, цару Асірыйскаму, у Дамаск, і ўбачыў ахвярнік, які ў Дамаску, і паслаў цар Ахаз да Урыя сьвятара выяву ахвярніка і рысунак усёй будовы.
І пайшоў кароль Агаз наўпярэймы Фіґлаф-Пілесэру, каралю Асырскаму, да Дамашку, і абачыў аброчнік, што ў Дамашку, і паслаў кароль Агаз Уру сьвятару падобнасьць аброчніка і рысунак усяе работы яго.
І пабудаваў сьвятар Урыя ахвярнік паводле ўзору, які прыслаў цар Ахаз з Дамаска; і зрабіў так сьвятар Урыя да прыбыцьця цара Ахаза з Дамаска.
І збудаваў сьвятар Ура аброчнік подле ўсёга, што паслаў яму кароль Агаз із Дамашку; і гэтак зрабіў сьвятар Ура да прыбыцьця караля Агаза з Дамашку.
І прыйшоў цар з Дамаска, і ўбачыў цар ахвярнік, і падышоў цар да ахвярніка, і прынёс на ім ахвяру;
І прышоў кароль із Дамашку, і абачыў кароль аброчнік, і падышоў кароль да аброчніка, і абракаў на ім;
і ўчыніў цэласпаленьне сваё і хлебнае прынашэньне, і ўчыніў выліваньне сваё, і акрапіў крывёю мірнай ахвяры сваёй ахвярнік.
І запаліў усепаленьне свае а хлебны аброк, і ўзьліў узьліваньне свае, і пакрапіў на аброчнік крывёю супакойных аброкаў сваіх.
А медны ахвярнік, які прад абліччам Гасподнім, ён перасунуў ад пярэдняга боку храма, зь месца паміж ахвярнікам новым і домам Гасподнім, і паставіў яго збоку гэтага ахвярніка на поўнач.
А мядзяны аброчнік, каторы перад відам СПАДАРОВЫМ, ён перасунуў зь пярэдняе стараны дому, з памеж аброчніка новага й дому СПАДАРОВАГА, і пастанавіў яго з боку гэтага аброчніка на поўнач.
І даў загад цар Ахаз сьвятару Урыю, сказаўшы: на вялікім ахвярніку ўчыняй ранішняе цэласпаленьне і вячэрняе хлебнае прынашэньне, і цэласпаленьне ад цара і хлебнае прынашэньне ад яго, і цэласпаленьне ад усіх людзей зямлі і хлебнае прынашэньне ад іх, і выліваньне ад іх і ўсякай крывёю цэласпаленьняў і ўсякаю крывёю ахвяр акрапляй яго, а ахвярнік медны застанецца да маёй распарады.
І расказаў кароль Агаз сьвятару Уру, пажучы: «На вялікім аброчніку палі ранічнае ўсепаленьне, і вячэрны хлебны аброк, і ўсепаленьне ад караля, і хлебны аброк ад яго, і ўсепаленьне ад усіх людзёў зямлі, і хлебны аброк ад іх, узьліваньне ад іх, і кажнаю крывёю ўсепаленьняў, кажнаю крывёю аброкаў крапі яго; а што да аброчніка мядзянага, ён будзе імне спакменям разважаньня».
І зрабіў сьвятар Урыя ўсё так, як загадаў цар Ахаз.
І зрабіў сьвятар Ура ўсе так, як расказаў кароль Агаз.
І абламаў цар Ахаз абадкі на падстаўках, і зьняў зь іх умывальніцы, і мора зьняў з медных валоў, якія былі пад ім, і паставіў яго на каменную падлогу.
І абламіў кароль Агаз аблямаваньне падстаноўкаў, і зьняў зь іх мыцельнік, і мора зьняў зь мядзяных валоў, каторыя пад ім, і пастанавіў яго на каменны мост.
І адмяніў крыты суботні ход, які збудавалі пры храме, і зьнешні царскі ўваход да дома Гасподняга, дзеля цара Асірыйскага.
І крыты сыботні ход, каторы збудавалі ля дому, і навонны ўход каралеўскі абярнуў унутр дому СПАДАРОВАГА, дзеля караля Асырскага.
Астатняе пра Ахаза, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Юдэйскіх.
А засталыя справы Агазавы, што ён зрабіў, ціж не запісаны ў кнізе летапісу каралёў Юдэйскіх?
І спачыў Ахаз з бацькамі сваімі, і пахаваны з бацькамі сваімі ў доме Давідавым. І зацараваў Эзэкія, сын ягоны, замест яго.
І супачыў Агаз із айцамі сваімі, і пахаваны з айцамі сваімі ў месьце Давідавым. І загаспадарстваваў Гэзэка, сын ягоны, замест яго.