Ераміі 1 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Слова Ераміі, сына Хэлкіінага, са сьвятароў у Анатоце, у зямлі Веньямінавай,
 
Словы Ярэмы Гілчанка ізь сьвятароў, што ўв Анафофе, у зямлі Веняміновай,

якому было слова Гасподняе ў дні Ісаі, сына Амонавага, цара Юдэйскага, у трынаццаты год цараваньня яго,
 
Да каторага было слова СПАДАРОВА за дзён Ёсі Амосёнка, караля Юдэйскага, трынанцатага году дзяржавы ягонае.

і таксама ў дні Ёакіма, сына Ёсіінага, цара Юдэйскага, да канца адзінаццатага года Сэдэкіі, сына Ёсіінага, цара Юдэйскага, да перасяленьня Ерусаліма ў пятым месяцы.
 
І яно было за дзён Егоякіма Ёсянка, караля Юдэйскага, аж да канца адзінанцатага году Сэдэкі Ёсянка, караля Юдэйскага, аж да перасяленьня Ерузаліму ў пятым месяцу.

І было мне слова Гасподняе:
 
І было слова СПАДАРОВА да мяне, кажучы:

раней чым Я ўтварыў цябе ў чэраве, Я ўведаў цябе, і раней чым ты выйшаў з нутробы, Я асьвяціў цябе: прарокам народам паставіў цябе.
 
«Уперад, чымся Я ўхармаваў цябе ў жываце, Я знаў цябе, і ўперад, чымся ты вышаў з улоньня, Я пасьвяціў цябе; за прароку народам Я даў цябе».

А я сказаў: о Госпадзе Божа! я ня ўмею гаварыць, бо я яшчэ малады.
 
І сказаў: «Ах, Спадару СПАДАРУ, вось, я ня ўмею гукаць, бо дзяцюк я».

Але Гасподзь сказаў мне: не кажы «я малады»; бо да ўсіх, да каго Я пашлю цябе, пойдзеш, і ўсё, што загадаю табе, скажаш.
 
І сказаў СПАДАР імне: «Не кажы: "Я дзяцюк", бо да ўсіх, куды Я пашлю цябе, ты пойдзеш, і, што Я раскажу табе, будзеш гукаць.

Ня бойся іх; бо Я з табою, каб выбаўляць цябе, сказаў Гасподзь.
 
Ня бойся відаў іхных, бо з табою Я, каб вывальніць цябе», — агалашае СПАДАР.

І працягнуў Гасподзь руку Сваю і дакрануўся да вуснаў маіх; і сказаў мне Гасподзь: вось, Я ўклаў словы Мае ў вусны твае.
 
І выцягнуў СПАДАР руку Сваю, і даткнуўся да вуснаў маіх, і сказаў імне СПАДАР: «Я ўлажыў словы Свае ў вусны твае.

Глядзі, Я паставіў цябе ў гэты дзень над народамі і царствамі, каб выкараняць і спусташаць, губіць і разбураць, ствараць і садзіць.
 
Гля, сядні Я прызначыў цябе над народамі а над каралеўствамі, выкараняць а разбураць, губіць а ськідаць, будаваць а садзіць».

І было слова Гасподняе мне: што бачыш ты, Ерамія? Я сказаў: бачу посах зь міндальнага дрэва.
 
І было слова СПАДАРОВА да мяне, кажучы: «Ярэма, што бачыш ты?» І я сказаў: «Пруток ізь міндальнага дзерва я бачу».

Гасподзь сказаў мне: ты правільна бачыш; бо Я чуваю над словам Маім, каб яно хутка спраўдзілася.
 
Тады сказаў СПАДАР імне: «Ты добра бачыў, бо Я чукавы да слова Свайго, каб выпаўніць гэта».

І было слова Гасподняе мне другі раз: «што бачыш ты? Я сказаў: бачу паддзіманы ветрам кацёл кіпеню, і аблічча яго з боку поўначы.
 
І было слова СПАДАРОВА да мяне ўдругава, кажучы: «Што ты бачыш?» І я сказаў: «Бачу кіпячы гаршчок, зьвернены на поўнач».

І сказаў мне Гасподзь: з поўначы адкрыецца бедства на ўсіх насельнікаў гэтай зямлі.
 
І сказаў СПАДАР імне: «З поўначы закіпіць бяда на ўсіх жыхараў гэтае зямлі;

Бо вось, Я паклічу ўсе плямёны царстваў паўночных, кажа Гасподзь, і прыйдуць яны, і паставяць — кожны — трон свой каля ўваходу ў браму Ерусаліма, і вакол усіх сьцен яго, і ва ўсіх гарадах Юдэйскіх.
 
Бо гля, Я гукаю ўсі радзімы паўночных каралеўстваў, — агаласіў СПАДАР, — і прыйдуць яны, і пастановяць кажны пасад свой ля ўходу брамаў Ерузалімскіх, і на ўсіх сьценах яго навокал, і ля ўсіх местаў юдэйскіх.

І выкажу над імі прысуды Мае за ўсе беззаконнасьці іхнія, за тое, што яны пакінулі Мяне, і курылі фіміям чужаземным багам і пакланяліся дзеям рук сваіх.
 
І я выдам суд Свой на іх за ўсі нягоднасьці іхныя, што пакінулі Мяне, і кадзілі багом іншым, і кланяліся вырабам рук сваіх.

І ты аперажы сьцёгны свае, і ўстань і скажы ім усё, што Я накажу табе; не маладушнічай перад імі, каб Я не забіў цябе на вачах у іх.
 
А ты паперажы сьцёгны свае, устань і скажы ім усе, што Я табе расказую; не лякайся відаў іхных, каб Я не зьлякаў цябе перад імі.

І вось, Я паставіў цябе сёньня ўмацаваным горадам і жалезным слупам і меднаю сьцяною на ўсёй гэтай зямлі, супроць цароў і Юды, супроць князёў яго, супроць сьвятароў яго і супроць народа зямлі гэтай.
 
А Я вось, Я пастанавіў цябе сядні местам умацаваным, зялезным стаўпом а мядзянымі сьценамі супроці ўсяе зямлі, супроці каралёў юдэйскіх, супроці князёў яе, супроці сьвятароў яе й супроці люду зямлі.

Яны будуць ваяваць супроць цябе, але не перамогуць цябе; бо Я з табою, кажа Гасподзь, каб выбаўляць цябе.
 
Яны будуць ваяваць із табою, але не перамогуць цябе, бо з табою Я, каб выбаўляць цябе», — агалашае СПАДАР.