Ераміі 33 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І было слова Гасподняе Ерамію другі раз, калі яго яшчэ трымалі ў двары варты:
 
І было слова СПАДАРОВА ўдругава да Ярэмы, кажучы (а ён яшчэ быў замкнёны на панадворку старожы):

так кажа Гасподзь, які стварыў зямлю, Гасподзь, Які ўладзіў і ўцьвердзіў яе, — Гасподзь імя Яму:
 
«Гэтак кажа СПАДАР, Каторы ўчыніў зямлю, СПАДАР, Каторы ўхармаваў яе, каб устанавіць яе, — СПАДАР імя Ягонае:

пакліч Мяне — і Я адкажу табе, пакажу табе вялікае і недаступнае, чаго ты ня ведаеш.
 
"Гукай да Мяне, і Я адкажу табе й пакажу табе вялікае а ўмацаванае, каторых ты ня знаў";

Бо так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў пра дамы горада гэтага і пра дамы цароў Юдэйскіх, якія разбураюцца дзеля завалаў і дзеля бітваў
 
Бо гэтак кажа СПАДАР, Бог Ізраеляў, праз дамы места гэтага а праз дамы каралёў Юдэйскіх, разьверненыя дзеля валаў а мяча

тымі, якія прыйшлі ваяваць з Халдэямі, каб напоўніць дамы трупамі людзей, якіх Я паб’ю ў гневе Маім і ў лютасьці Маёй, і за ўсе беззаконьні якіх Я схаваў аблічча Маё ад горада гэтага.
 
Тымі, што прышлі біцца з Хальдэямі і напоўніць іх трупамі людзкімі, каторых Я зразіў у гневе Сваім а ў вабурэньню Сваім, і за каторых усі нягоднасьці Я схаваў від Свой ад гэтага места:

Вось, я прыкладу яму пластыр і гойныя сродкі і вылечу іх і адкрыю ім багацьце міру і ісьціны,
 
"Вось, Я дам яму здароўе а лек, і вылячу іх, і аб’яўлю ім багацьце супакою а праўды,

і вярну палон Юды і палон Ізраіля і ўладжу іх, як на пачатку,
 
І зьвярну палон Юдэйскі а палон Ізраельскі, і ўладжу іх, як на пачатку.

і ачышчу іх ад усёй бязбожнасьці іхняй, якой яны грашылі перад Мною, і дарую ўсе беззаконьні іхнія, якімі яны грашылі перад Мною і адпаліся ад Мяне.
 
І ачышчу іх із усёга бяспраўя іхнага, каторым яны ізграшылі перад Імною, і дарую ім бяспраўі іхныя, каторымі яны ізграшылі мяне й каторымі выступілі супроці Мяне.

І будзе Мне Ерусалім радасным імем, пахвалою і гонарам перад усімі народамі зямлі, якія пачуюць пра ўсе даброты, якія Я зраблю яму, і зьдзівяцца і затрымцяць ад усіх дабрадзействаў і ўсяго дабрадзенства, якое Я дам яму.
 
І гэта будзе Імне радасным імям, на пахвалу а пазор перад усімі народамі зямлі, каторыя пачуюць праз усе дабро, што я ўчыніў ім, і будуць баяцца а дрыжэць з усяго дабра і з усяго супакою, што Я ўчыню яму".

Так кажа Гасподзь: на гэтым месцы, пра якое вы кажаце: «яно пустое, бязь людзей і бяз быдла», — у гарадах Юдэйскіх і на вуліцах Ерусаліма, якія пустыя бязь людзей, без жыхароў, бяз быдла,
 
Гэтак кажа СПАДАР: "Ізноў тут, на гэтым месцу, праз каторае вы кажаце: ’Яно спусьцела, безь людзіны й бяз жывёлы’, у местах юдэйскіх і на вуліцах ерузалімскіх, спусьцелых, безь людзіны а бяз жыхара й бяз жывёлы, будзе чуваць

зноў будзе чуцен голас радасьці і голас весялосьці, голас маладога і голас маладое, голас тых, якія кажуць: «слаўце Госпада Саваофа, бо добры Гасподзь, бо навекі міласэрнасьць Яго», і голас тых, якія прыносяць ахвяру падзякаваньня ў доме Гасподнім; бо я вярну палонных гэтай зямлі ў ранейшы стан, кажа Гасподзь.
 
Голас радасьці а голас весялосьці, голас князя маладога а голас княгіяі маладое, голас тых, што скажуць: ’Дзякуйце СПАДАРУ войскаў, бо СПАДАР добры, бо на векі міласэрдзе Ягонае’, тых, што абракуць аброкі падзякі ў доме СПАДАРОВЫМ; бо Я зьвярну палон зямлі, як на пачатку", — кажа СПАДАР.

Так кажа Гасподзь Саваоф: на гэтым месцы, якое пустое — бязь людзей, бяз быдла — і ва ўсіх гарадах яго зноў будуць жытлішчы пастухоў, якія будуць пасьвіць статкі.
 
Гэтак кажа СПАДАР: "Ізноў на гэтым месцу спустошаным, што безь людзіны й жывёлы, і ў вусіх местах яго будуць сялібы пастухоў, што будуць пасьціць чароды.

У гарадах нагорных, у гарадах нізінных і ў гарадах паўднёвых, і ў зямлі Веньямінавай і ў навакольлях Ерусаліма і ў гарадах Юды зноў будуць праходзіць статкі пад рукою таго, хто іх лічыць, кажа Гасподзь.
 
І ў местах гаравых, і ў местах нізінных, і ў местах паўднявых, і ў зямлі Веняміновай, і ў ваколіцах Ерузаліму, і ў местах юдэйскіх ізноў будуць праходзіць народы пад рукамі таго, хто ліча", — кажа СПАДАР.

Вось, настануць дні, кажа Гасподзь, калі Я спраўджу тое добрае слова, якое сказаў пра дом Ізраілеў і пра дом Юдаў.
 
"Вось, настануць дні, — агалашае СПАДАР, — калі Я спраўджу слова добрае, каторае Я казаў дому Ізраеляваму а праз дом Юдзін.

У тыя дні і ў той час узгадую Давіду Галіну праведную, — і будзе чыніць суд і праўду на зямлі.
 
Тых дзён, у гэным часе Я вырашчу Давіду Пагон справядлівасьці, і будзе чыніць суд а справядлівасьць на зямлі.

У тыя дні Юда будзе выратаваны і Ерусалім будзе жыць у бясьпецы, і дадуць імя Яму: «Гасподзь — апраўданьне наша!»
 
Тых дзён спасецца Юда, і Ерузалім будзе жыць бясьпечна. І гэтак назавуць Яго: ’СПАДАР — справядлівасьць наша’".

Бо так кажа Гасподзь: не зьвядзецца ў Давіда муж, які сядзіць на троне дома Ізраілевага,
 
Бо гэтак кажа СПАДАР: "Ня будзе адцяты ад Давіда муж, што сядзіць на пасадзе дому Ізраелявага.

і ў сьвятароў-лявітаў ня будзе неставаць мужа перад абліччам Маім, які будзе ўзносіць цэласпаленьне і паліць прынашэньні і ўчыняць ахвяраваньні.
 
У сьвятароў Левавых ня будзе адцята людзіна ад віду Майго, што абракала б усепаленьні, і паліла хлебныя аброкі, і давала б аброкі ўсі дні"».

І было слова Гасподняе Ерамію:
 
І было слова СПАДАРОВА да Ярэмы, кажучы:

так кажа Гасподзь: калі можаце разбурыць запавет Мой пра дзень і запавет Мой пра ноч, каб дзень і ноч ня прыходзілі ў свой час,
 
«Гэтак кажа СПАДАР: "Калі ільга ўзрушыць уставу Маю празь дзень і ўставу Маю праз ноч, каб ня былі дзень і ноч упару;

дык можа быць разбураны і запавет Мой з рабом Маім Давідам, так што ня будзе ў яго сына, каб цараваў на троне ягоным, і гэтак сама зь лявітамі — сьвятарамі, службітамі Маімі.
 
То можа быць таксама ўзрушана змова Мая з Давідам, слугою Маім, што ён ня будзе мець сына караляваць на пасадзе сваім, і зь Левітамі — сьвятарамі, паслугачымі Маімі.

Як нязьлічонае нябеснае войска і нявымерны пясок марскі, так памножу племя Давіда раба Майго, і лявітаў, якія служаць Мне.
 
Як нельга палічыць войска нябёснае ані памераць пясок морскі, так Я размножу насеньне Давіда, слугі Свайго, і Левітаў, паслугачых Імне"».

І было слова Гасподняе Ераміі:
 
І было слова СПАДАРОВА да Ярэмы, кажучы:

ці ня бачыш, што народ гэты кажа: «тыя два племені, якія выбраў Гасподзь, Ён адкінуў», і праз гэта яны пагарджаюць народам Маім, як бы ён ужо ня быў народам у вачах іхніх?
 
«Ці не зацеміў ты, што гэты люд гукаў, кажучы: "Дзьве радзімы, каторыя СПАДАР абраў, Ён адхінуў іх"? значыцца, яны пагрэбавалі людам Маім, каб наперад яны ня былі народам перад імі.

Так кажа Гасподзь: калі запавету Майго пра дзень і пра ноч і статутаў неба і зямлі Я не зацьвердзіў,
 
Гэтак кажа СПАДАР: "Калі б ня было змовы ў Мяне празь дзень і ноч, і ўставаў небу й зямлі Я ня прызначыў,

дык і племя Якава і Давіда, раба Майго, адкіну, каб ня браць болей валадароў зь яго племя племю Абрагама, Ісака і Якава; бо вярну палон іхні і памілую іх.
 
То Я адхінуў бы насеньне Якава а Давіда, слугі Свайго, што ня ўзяў бы з насеньня ягонага дзяржаўцаў насеньня Абрагамовага, Ісаковага а Якававага, бо Я зьвярну палон іхны і паспагадаю ім"».