Ераміі 26 разьдзел
Кніга прарока Ераміі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
На пачатку цараваньня Ёакіма, сына Ёсіі, цара Юдэйскага, было такое слова ад Госпада:
На пачатку дзяржавы Егоякіма Есянка, караля Юдэйскага, было слова ад СПАДАРА, кажучы:
так кажа Гасподзь: стань у двары дома Гасподняга і скажы ўсім гарадам Юдэі, якія прыходзяць на пакланеньне ў дом Гасподні, усе тыя словы, якія загадаю табе сказаць ім; не адымі ні слова.
«Гэтак кажа СПАДАР: "Стань на панадворку дому СПАДАРОВАГА і кажы ўсім местам Юдэі, каторыя прыходзяць кланяцца ў доме СПАДАРОВЫМ, усі словы, што Я расказаў табе казаць ім; не адбаў ані слова.
Магчыма, яны паслухаюцца і адвернуцца кожны ад благога шляху свайго, і тады Я адмяню тое бедства, якое думаю навесьці на іх за ліхія дзеі іхнія.
Можа яны паслухаюць а зьвернуцца зь ліхое дарогі свае, і Я пажалею ліха, што думаю зрабіць ім за ліхія ўчынкі іхныя".
І скажы ім: так кажа Гасподзь: калі вы не паслухаецеся Мяне ў тым, каб хадзіць паводле закона Майго, які Я даў вам,
І скажы ім: "Гэтак кажа СПАДАР: ’Калі вы не паслухаеце Мяне, каб хадзіць у праве Маім, каторае Я ўстанавіў перад вамі,
каб уважаць словам рабоў Маіх прарокаў, якіх Я пасылаю да вас, пасылаю з самай раніцы, і якіх вы ня слухаеце, —
Слухаць словаў слугаў Маіх прарокаў, каторых Я пасылаю да вас, рана ўстаючы а пасылаючы, але вы ня слухалі;
дык з домам гэтым Я зраблю тое самае, што — зь Сіломам, і горад гэты аддам на праклён усім народам зямлі.
Дык я зраблю гэтаму дому, як Шыле, і аддам места гэтае на праклён усім народам зямлі’"».
Сьвятары і прарокі і ўвесь народ слухалі Ерамію, калі ён гаварыў гэтыя словы ў доме Гасподнім.
І слухалі сьвятарове а прарокі а ўвесь люд, як Ярэма мовіў гэтыя словы ў доме СПАДАРОВЫМ.
І калі Ерамія сказаў усё, што Гасподзь загадаў яму сказаць усяму народу, тады схапілі яго сьвятары і прарокі і ўвесь народ — і сказалі: «ты павінен памерці;
І сталася, як Ярэма скончыў мовіць усе, што СПАДАР расказаў мовіць да ўсяго люду, то схапілі яго сьвятарове а прарокі а ўвесь люд, кажучы: «Ты сьмерцю памрэш.
навошта ты прарочыш імем Госпада і кажаш: і дом гэты будзе — як Сілом, і горад гэты апусьцее, застанецца без жыхароў?» І сабраўся ўвесь народ супроць Ераміі ў доме Гасподнім.
Чаму ты праракаў імям СПАДАРОВЫМ, кажучы: "Як Шыло, будзе дом гэты, і гэтае места будзе пустое, бяз жыхараў?"» І зьберся ўвесь люд да Ярэмы ў доме СПАДАРОВЫМ.
Калі пачулі пра гэта князі Юдэйскія, дык прыйшлі з дома цара да дома Гасподняга і селі каля ўваходу ў новую браму дома Гасподняга.
І пачулі князі юдэйскія гэтыя словы, і ўзышлі з дому каралеўскага да дому СПАДАРОВАГА, і селі ў варотах новае брамы СПАДАРОВАЕ.
Тады сьвятары і прарокі так сказалі князям і ўсяму народу: «сьмяротны вырак — гэтаму чалавеку, бо ён прарочыць супроць горада гэтага, як вы чулі на свае вушы!».
І казалі сьвятарове а прарокі князём а ўсяму люду, кажучы: «Рассудак сьмерці людзіне гэтай, бо ён праракаў супроці места гэтага, як вы чулі сваімі вушамі».
І сказаў Ерамія ўсім князям і ўсяму народу: «Гасподзь паслаў мяне прарочыць супроць дома гэтага і супроць горада гэтага ўсе тыя словы, якія вы чулі;
І гукаў Ярэма да ўсіх князёў а да ўсяго люду, кажучы: «СПАДАР паслаў мяне праракаць супроці дому гэтага а супроці места гэтага ўсі словы, што вы чулі.
дык вось, выправіце дарогі вашыя і паслухайцеся голасу Госпада Бога вашага, і Гасподзь адменіць бедства, якое вырак на вас;
Дык цяпер папраўце дарогі свае а ўчынкі свае і слухайце голасу СПАДАРА Бога свайго, і СПАДАР пажалее таго ліха, што Ён вымавіў супроці вас.
а што да мяне, вось, я — у вашых руках; рабеце са мною, што вачам вашым здасца добрым і справядлівым:
Што да мяне, вось, я ў руццэ вашай, рабіце імне, што добра й што пасьціва ў вачох вашых.
толькі цьвёрда ведайце, што калі вы ўсьмерціце мяне дык нявінную кроў ускладзяце на сябе і на горад гэты і на жыхароў яго; бо сапраўды Гасподзь паслаў мяне да вас сказаць усе тыя словы ў вашыя вушы».
Адно ведайце напэўна, што калі вы зробіце імне сьмерць, вы напэўна возьмеце нявінную кроў на сябе а на гэтае места а на жыхараў яго, бо запраўды СПАДАР паслаў мяне да вас мовіць усі гэтыя словы ў вушы вашы».
Тады князі і ўвесь народ сказалі сьвятарам і прарокам: гэты чалавек ня мае быць вырачаны на сьмерць, бо ён гаварыў нам імем Госпада Бога нашага.
Тады сказалі князі а ўвесь люд сьвятаром а прарокам: «Ня мае быць гэтай людзіне рассудку сьмерці, бо ён мовіў нам імям СПАДАРА, Бога нашага».
І некаторыя са старэйшын зямлі ўсталі і сказалі ўсяму народнаму сходу:
Тады ўсталі некаторыя із старцоў зямлі і сказалі ўсёй грамадзе люду, кажучы:
«Міхей Марастыцянін прарочыў у дні Эзэкіі, цара Юдэйскага, і сказаў усяму народу Юдэйскаму: так кажа Гасподзь Саваоф: Сіён будзе ўзараны, як поле, і Ерусалім зробіцца грудаю развалінаў, і гара дома гэтага — лясістым пагоркам.
«Міхей Морэшэцянін праракаў за дзён Гэзэкі, караля Юдэйскага, і сказаў усяму люду юдэйскаму, кажучы: "Гэтак кажа СПАДАР войскаў: "Сыён будзе ўзараны, як поле, і Ерузалім станецца кучамі, і гара дому — як вышыні лесавыя’.
Ці ўсьмерцілі яго за гэта Эзэкія, цар Юдэйскі, і ўвесь Юда? Ці не збаяўся ён Госпада і ці ня ўмольваў Госпада? і Гасподзь адмяніў бедства, якое вырак на іх; а мы хочам зрабіць вялікае ліха душам нашым?
Ці пасьмелі забіць яго Гэзэка, кароль Юдэйскі, і ўся Юдэя? ці ён не пабаяўся СПАДАРА? і маліў від СПАДАРОЎ, і СПАДАР пажалеў таго ліха, каторае вымавіў на іх. А мы дзеем вялікае ліха душам нашым"».
Прарочыў таксама імем Госпада нехта Урыя, сын Шэмаіін, з Карыятыярыма, — і прарочыў супроць горада гэтага і супроць зямлі гэтай якраз такімі словамі, як Ерамія.
І быў там таксама чалавек, што праракаў імям СПАДАРОВЫМ — Ура Шэмаёнак із Кіраф-Еарыму; ён праракаў супроці места гэтага й супроці зямлі гэтае подле ўсіх словаў Ярэміных.
Калі пачуў ягоныя словы цар Ёакім, і ўсе вяльможы ягоныя і ўсе князі, дык цар спрабаваў забіць яго. Пачуўшы пра гэта, Урыя збаяўся і ўцёк, і сышоў у Егіпет.
І пачуў кароль Егоякім, і ўсі дужасілы ягоныя, і ўсі князі словы ягоныя, і шукаў кароль, каб зрабіць яму сьмерць; і пачуў Ура, і зьлякаўся, і ўцёк, і прышоў да Ягіпту.
Але цар Ёакім і ў Егіпет паслаў людзей: Элнатана, сына Ахборавага, і іншых зь ім.
І Ягоякім кароль паслаў людзёў да Ягіпту — Елнафана Ахборонка і людзёў ізь ім да Ягіпту.
І вывелі Урыю зь Егіпта і прывялі яго да цара Ёакіма, і ён забіў яго мечам і кінуў труп ягоны, дзе былі могілкі простага люду».
І вывялі Уру зь Ягіпту, і прывялі яго да караля Егоякіма, і ён паразіў яго мячом, і кінуў мертвае цела ягонае ў грабы сыноў люду.
Але рука Ахікіма, сына Саванавага, была за Ерамію, каб не аддаваць яго ў рукі народа на забойства.
Але рука Агікама Шафанёнка была за Ярэму, так што яны не аддалі яго ў руку люду зрабіць яму сьмерць.