Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

Ярэмы 26 Ярэмы 26 разьдзел

1 На пачатку дзяржавы Егоякіма Есянка, караля Юдэйскага, было слова ад СПАДАРА, кажучы:
2 «Гэтак кажа СПАДАР: "Стань на панадворку дому СПАДАРОВАГА і кажы ўсім местам Юдэі, каторыя прыходзяць кланяцца ў доме СПАДАРОВЫМ, усі словы, што Я расказаў табе казаць ім; не адбаў ані слова.
3 Можа яны паслухаюць а зьвернуцца зь ліхое дарогі свае, і Я пажалею ліха, што думаю зрабіць ім за ліхія ўчынкі іхныя".
4 І скажы ім: "Гэтак кажа СПАДАР: ’Калі вы не паслухаеце Мяне, каб хадзіць у праве Маім, каторае Я ўстанавіў перад вамі,
5 Слухаць словаў слугаў Маіх прарокаў, каторых Я пасылаю да вас, рана ўстаючы а пасылаючы, але вы ня слухалі;
6 Дык я зраблю гэтаму дому, як Шыле, і аддам места гэтае на праклён усім народам зямлі’"».
7 І слухалі сьвятарове а прарокі а ўвесь люд, як Ярэма мовіў гэтыя словы ў доме СПАДАРОВЫМ.
8 І сталася, як Ярэма скончыў мовіць усе, што СПАДАР расказаў мовіць да ўсяго люду, то схапілі яго сьвятарове а прарокі а ўвесь люд, кажучы: «Ты сьмерцю памрэш.
9 Чаму ты праракаў імям СПАДАРОВЫМ, кажучы: "Як Шыло, будзе дом гэты, і гэтае места будзе пустое, бяз жыхараў?"» І зьберся ўвесь люд да Ярэмы ў доме СПАДАРОВЫМ.
10 І пачулі князі юдэйскія гэтыя словы, і ўзышлі з дому каралеўскага да дому СПАДАРОВАГА, і селі ў варотах новае брамы СПАДАРОВАЕ.
11 І казалі сьвятарове а прарокі князём а ўсяму люду, кажучы: «Рассудак сьмерці людзіне гэтай, бо ён праракаў супроці места гэтага, як вы чулі сваімі вушамі».
12 І гукаў Ярэма да ўсіх князёў а да ўсяго люду, кажучы: «СПАДАР паслаў мяне праракаць супроці дому гэтага а супроці места гэтага ўсі словы, што вы чулі.
13 Дык цяпер папраўце дарогі свае а ўчынкі свае і слухайце голасу СПАДАРА Бога свайго, і СПАДАР пажалее таго ліха, што Ён вымавіў супроці вас.
14 Што да мяне, вось, я ў руццэ вашай, рабіце імне, што добра й што пасьціва ў вачох вашых.
15 Адно ведайце напэўна, што калі вы зробіце імне сьмерць, вы напэўна возьмеце нявінную кроў на сябе а на гэтае места а на жыхараў яго, бо запраўды СПАДАР паслаў мяне да вас мовіць усі гэтыя словы ў вушы вашы».
16 Тады сказалі князі а ўвесь люд сьвятаром а прарокам: «Ня мае быць гэтай людзіне рассудку сьмерці, бо ён мовіў нам імям СПАДАРА, Бога нашага».
17 Тады ўсталі некаторыя із старцоў зямлі і сказалі ўсёй грамадзе люду, кажучы:
18 «Міхей Морэшэцянін праракаў за дзён Гэзэкі, караля Юдэйскага, і сказаў усяму люду юдэйскаму, кажучы: "Гэтак кажа СПАДАР войскаў: "Сыён будзе ўзараны, як поле, і Ерузалім станецца кучамі, і гара дому — як вышыні лесавыя’.
19 Ці пасьмелі забіць яго Гэзэка, кароль Юдэйскі, і ўся Юдэя? ці ён не пабаяўся СПАДАРА? і маліў від СПАДАРОЎ, і СПАДАР пажалеў таго ліха, каторае вымавіў на іх. А мы дзеем вялікае ліха душам нашым"».
20 І быў там таксама чалавек, што праракаў імям СПАДАРОВЫМ — Ура Шэмаёнак із Кіраф-Еарыму; ён праракаў супроці места гэтага й супроці зямлі гэтае подле ўсіх словаў Ярэміных.
21 І пачуў кароль Егоякім, і ўсі дужасілы ягоныя, і ўсі князі словы ягоныя, і шукаў кароль, каб зрабіць яму сьмерць; і пачуў Ура, і зьлякаўся, і ўцёк, і прышоў да Ягіпту.
22 І Ягоякім кароль паслаў людзёў да Ягіпту — Елнафана Ахборонка і людзёў ізь ім да Ягіпту.
23 І вывялі Уру зь Ягіпту, і прывялі яго да караля Егоякіма, і ён паразіў яго мячом, і кінуў мертвае цела ягонае ў грабы сыноў люду.
24 Але рука Агікама Шафанёнка была за Ярэму, так што яны не аддалі яго ў руку люду зрабіць яму сьмерць.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарокі Ярэмы, 26 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.