Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

Ярэмы 42 Ярэмы 42 разьдзел

1 І дабліжыліся ўсі вайводцы а Ёганан Карэажонак а Езаня Гошаёнак а ўвесь люд ад найменшага аж да найбольшага,
2 І сказалі Ярэме прароку: «Хай падзець жа маленьне наша перад табою, і памаліся за нас СПАДАРУ, Богу свайму, за ўсю гэту астачу, бо з множасьці мала нас засталося, як во вочы твае бачаць нас,
3 Каб СПАДАР, Бог твой, паведаміў нам дарогу, па каторай мы маем ісьці, і што маем рабіць».
4 І сказаў ім Ярэма прарока: «Чую, вось, я памалюся СПАДАРУ, Богу вашаму, подле слоў вашых; і станецца, што СПАДАР адкажа вам, Я паведамлю вам, не схаваю нічога ад вас».
5 Яны ж сказалі Ярэме: «Няхай СПАДАР будзе праўдзіваю а вернаю сьветкаю памеж нас, калі мы ня зробім подле кажнага слова, дзеля каторага СПАДАР, Бог твой, пашлець цябе да нас:
6 Ці добра, ці блага, мы паслухаем голасу СПАДАРА, Бога нашага, да Каторага пасылаем цябе, каб нам было добра, бо мы паслухалі голасу СПАДАРА, Бога нашага».
7 І сталася за дзесяць дзён, што было слова СПАДАРОВА да Ярэмы;
8 І пагукаў Ёганана Карэажонка а ўсіх вайводцаў, што былі зь ім, а ўвесь люд ад найменшага аж да найбольшага,
9 І сказаў ім: «Гэтак кажа СПАДАР, Бог Ізраеляў, да Каторага вы пасылалі мяне пакласьці ваша маленьне перад Ім:
10 "Калі вы будзеце жыць, жыць у зямлі гэтай, дык Я ўладжу вас, а не разбуру, і засаджу вас, а ня выкараню, бо Я жалею ліха, каторае Я ўчыніў вам.
11 Ня бойцеся караля Бабілёнскага, каторага вы баіцеся, ня бойцеся яго, — агалашае СПАДАР, — бо Я з вамі, каб выбавіць вас і вывальніць вас із рукі ягонае.
12 І Я прычыню, каб вы знайшлі жаласьць у ваччу ягоным, і ён пажалее вас, і верне вас да зямлі вашае.
13 Але, калі б вы сказалі: ’Ня будзем жыць у зямлі гэтай’, каб ня слухаць голасу СПАДАРА, Бога свайго,
14 Кажучы: ’Не, мы пойдзем да зямлі Ягіпецкае, ідзе ня будзем бачыць вайны ані чуць гуку трубы, ані галадаваць бяз хлеба; там будзем жыць’;
15 Дык выслухайце цяпер слова СПАДАРОВА, засталыя Юдэі: гэтак кажа СПАДАР войскаў, Бог Ізраеляў: ’Калі вы станаўко зьвернеце віды свае, каб ісьці да Ягіпту, і прыйдзеце, каб жыць там,
16 Тады станецца, што меч, каторага вы баіцеся, насьпее вас там, у зямлі Ягіпецкай, і галадоў, каторае вы лякаецеся, дажанець вас там, у Ягіпце, і там вы памрыце.
17 Гэтак будзе ўсім людзём, што зьвярнулі віды свае йсьці да Ягіпту, каб жыць там, — памруць ад мяча, ад галадові а ад ліпучкі, і ніхто зь іх не застанецца ані ўцячэць ад ліха, што Я навяду на іх’"»;
18 Бо гэтак кажа СПАДАР войскаў, Бог Ізраеляў: «Як гнеў Мой а абурэньне Мае вылілася на жыхараў Ерузаліму, так Мае абурэньне выльлецца на вас, калі вы прыйдзеце да Ягіпту, і вы будзеце брыдою, жахам, праклёнам а ганьбаю, і ўжо не абачыце месца гэтага».
19 Праз вас, засталыя Юдэі, вымавіў СПАДАР: «Ня прыходзьце да Ягіпту»; ведайце напэўна, што я сьветчыў вам сядні,
20 Што вы заблудзілі супроці душаў вашых, бо вы паслалі мяне да СПАДАРА, Бога свайго, кажучы: «Малі за нас СПАДАРА, Бога нашага, і подле ўсёга, што СПАДАР, Бог наш, скажа, паведамі нам, і мы зробім».
21 І я цяпер паведаміў вам, але вы не паслухалі голасу СПАДАРА, Бога свайго, і ўсяго, дзеля чаго Ён паслаў мяне да вас.
22 Дык ведайце напэўна, што памрыце ад мяча, ад галадові а ад ліпучкі на тым месцу, куды вы жадаеце йсьці жыць.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарокі Ярэмы, 42 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.