Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

Ярэмы 12 Ярэмы 12 разьдзел

1 Справядлівы Ты, СПАДАРУ, як я адзываюся да Цябе; буду праз суды гутарыць із Табою: чаму дарогу нягодных робіш дасьпешнаю, і шчасьлівыя ўсі тыя, што дзеюць вельма ізрадліва?
2 Ты пасадзіў іх, і яны ўкараніліся, растуць і даюць плод; Ты блізка ў вуснах іхных, але далёка ад нырак іхных.
3 А мяне, СПАДАРУ, Ты знаеш; Ты бачыў мяне і выпрабаваў сэрца мае да Цябе. Пажані іх, як авечкі на зарэз, і акануй іх на дзень забіцьця.
4 Пакуль будзе зямля ў жалобе, і трава на ўсіх палёх сохці за нягоднасьць тых, што жывуць на ёй? зьвяры зьнішчаны і птушкі, бо яны казалі: «Ён ня бача нашага апошняга канца».
5 «Калі ты бяжыш ізь пяхотнымі, і яны стамавалі цябе, дык як будзеш супарстваваць із коньмі? І калі ў супакойнай зямлі ты бясьпечны, дык што будзеш рабіць у часе паводкі Ёрдану?
6 Бо нават браты твае й дом айца твайго, нават яны абходзяцца ізрадліва з табою; таксама яны зяваюць за табою. Нявер ім, дарма што яны гукаюць харошае табе».
7 «Я пакінуў дом Свой, кінуў спадак Свой, любовае душы Сваёй даў у руку непрыяцеляў ейных.
8 Спадак Мой стаў Імне як леў у лесе, ён крычыць на Мяне; за тое Я зьненавідзіў яго.
9 Ці калярыстаю птушкаю ёсьць Імне спадак Мой? навокал яе птушкі на яе. Ідзіце, зьбярыцеся ўсі зьвераняты палявыя, прыйдзіце пажэрці.
10 Шмат якія пастухі спустошылі гарод Мой, патапталі нагамі дзель Маю, абярнулі Маю любовую дзель у запушчаную пустыню,
11 Спустошылі яе, спустошаная яна ў жалобе перад Імною, бо нікому не ляжыць на сэрцу.
12 Глабаньнікі прышлі на ўсі ўзгор’і пустыні, бо меч у СПАДАРА, і ён жарэць ад канца зямлі аж да канца зямлі; няма супакою ніякаму целу.
13 Яны сеялі пшонку, але пажалі цернь; без патрэбы высіляліся, а не скарысталі; і будзеце засарамочаны ад прыбыткаў сваіх, ад полаў гневу СПАДАРОВАГА».
14 Гэтак кажа СПАДАР праз усіх ліхіх суседзяў Маіх, што чапаюць спадак, каторы Я прызначыў спасьці люду Свайму Ізраелю: «Абач, Я вырву іх ізь зямлі іхнае і дом Ізраеляў вырву з памеж іх.
15 І станецца па вырваньню іх, што Я зьвярну й зжалюся над імі, і зьвярну кажнага на спадак ягоны й кажнага — на зямлю ягоную.
16 І станецца, калі яны будуць улегліва вучыцца дарогаў люду Майго, прысягаць імям Маім: "Жыў СПАДАР!" як яны вучылі люд Мой прысягаць Ваалам, — тады яны будуць умешчаны сярод люду Майго.
17 Калі ж ня будуць слухнянымі, я супоўна вырву а зьнішчу такі народ», — кажа СПАДАР.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарокі Ярэмы, 12 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.