Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

Ярэмы 51 Ярэмы 51 разьдзел

1 Гэтак кажа СПАДАР: «Гля, Я ўзрушу згубны вецер на Бабілён і на жывучых сярод тых, што паўстаюць супроці Мяне.
2 І пашлю на Бабілён веяньнікаў, каб разьвеяць яго і спустошыць зямлю ягоную; бо ў дзень немарасьці яны будуць навокал яго.
3 Няхай стралец моцна напінае лук свой на напінаючага і на тога, хто вяльмуецца панцырам сваім; і не шчаджайце маладзёнаў яго, выгубіце ўсе войска ягонае.
4 Гэтак забітыя падуць у зямлі Хальдэйскай, і прабітыя на вуліцах яе»;
5 Бо не ўдавец Ізраель ані Юда ў Бога свайго, СПАДАРА войскаў, дарма што зямля іхная напоўнена віною супроці Сьвятога Ізраелявага.
6 Уцякайце з пасярод Бабілёну і ратуйце кажны душу сваю, ня гіньце ад бяспраўя ягонага; бо гэта час помсты СПАДАРОВАЕ, Ён аддаець яму заплату.
7 Бабілён быў залатою чараю ў руццэ СПАДАРОВАЙ, з каторае ўпілася ўся зямля: народы пілі зь яе віно, ад гэтага народы ад розуму адышлі.
8 Зьнецікі загінуў Бабілён і патрышчыўся; галасіце па ім, вазьміце бальсам на боль ягоны, можа ён ачуняе.
9 Мы лячылі Бабілён, але ён не ачуняў; Пакіньце яго, і йдзіма кажны да краю свайго, бо суд ягоны дасяг да неба і ўзьняўся аж да булакоў.
10 СПАДАР вывеў справядлівасьць нашу; прыходзьце, і азнайміма на Сыёне справу СПАДАРА, Бога нашага.
11 Чысьціце стрэлы, напаўняйце сагайдакі; СПАДАР пабудзіў дух каралёў Мідзкіх, бо замер Ягоны да Бабілёну, зьнішчыць яго, бо гэта помста СПАДАРОВА, помста за палац Ягоны.
12 На сьцены Бабілёну пастанавіце сьцяг, змацніце варту, пастанавіце вартаўнікоў, прыгатуйце засаду, бо СПАДАР замерыў і спраўдзе, што Ён вымавіў на жыхараў Бабілёну.
13 О ты, што жывеш ля водаў вялікіх, багаты скарбамі, прышоў канец твой, мера прагавітасьці твае.
14 Прысягаў СПАДАР войскаў на душу Сваю: «Канечне напоўню цябе людзьмі, як шаранчою, і падыймуць крык на цябе».
15 Ён учыніў зямлю сілаю Сваёю, заклаў сьвет мудрасьцю Сваёю й прасьцяг неба розумам Сваім.
16 Як Ён пушчае голас, равуць воды ў нябёсах, і Ён прычыняе, што пары падыймаюцца з канцоў зямлі, прычыняе маланьню дажджу й пасылае вецер із скарбніцаў Сваіх.
17 Кажная людзіна шалее із знацьця, сарамаціцца кажны літоўнік балваном, бо літы абраз ягоны — ашука і духа ў іх няма.
18 Яны марнасьць, работа абмылаў; часу даведаньня да іх яны загінуць.
19 Не як іх, Дзель Якавава, бо Ён Учыньнік усяго, і Ён посах спадку Свайго; СПАДАР войскаў імя Ягонае.
20 «Ты булава Мая, ваенная зброя, бо табою Я трышчыў народы й табою Я бураў каралеўствы;
21 І табою трышчыў каня й коньніка яго, і табою трышчыў цялежкі й возьніка іх;
22 І трышчыў табою мужчыну й жонку, і трышчыў табою старога й маладога, і трышчыў табою дзяцюка й дзеўку;
23 Трышчыў табою пастыра й чараду ягоную, і трышчыў табою ралейніка й парку запрэжаную яго, і трышчыў табою вайводцаў а дзяржаўцаў.
24 І адплачу Бабілёну а ўсім жыхарам Хальдэі за ўсе ліха, што яны зрабілі на Сыёне на ачох вашых», — агалашае СПАДАР.
25 «Гля, Я на цябе, згубная гара, што нікбіш усю зямлю, — кажа СПАДАР; — і Я выцягну руку Сваю на цябе, і скачу цябе із скалаў, і зраблю цябе палаючаю гарою.
26 І ня будуць браць ізь цябе каменя пад вугол ані каменя на под, але будзеш спусьцелаю навекі», — агалашае СПАДАР.
27 Падыйміце сьцяг на зямлі, трубіце ў трубу памеж народаў, пасьвяціце народы на яго, згукайце на яго каралеўствы Арарату, Міні а Ашкеназу, прызначча супроці яго вайводу, узьвядзіце коні, як шаранчу касматую.
28 Пасьвяціце на яго народы: каралёў Міды, вайводцаў яе, і ўсіх дзяржаўцаў яе, і кажную зямлю дзяржавы яе.
29 І дрыжыць і хварэе зямля, бо здойсьніў на Бабілёне думкі Свае СПАДАР, каб зрабіць зямлю Бабілёнскую пусташай, бяз жыхара.
30 Дужасілы бабілёнскія перасталі біцца, яны перабываюць у гарадох; моц іхная скволела, сталіся як жанкі; запалілі сялібы яго, завалы яго паломлены.
31 Адзін станьнік бяжыць наўпярэймы другому, і пасланец — наўпярэймы пасланцу, наказаць каралю Бабілёнскаму, што места ягонае пераможана з канца,
32 І што броды захоплены, і агарожы спалены цяплом, і ваюны спалохаўшыся.
33 Затым гэтак кажа СПАДАР войскаў, Бог Ізраеляў: «Дачка Бабілёну — як такаўня, пара малаціць на ёй; яшчэ крыху й настане час жніва ейнага».
34 «Жэр мяне, трышчыў мяне Невухаднецар, кароль Бабілёнскі, зрабіў мяне, як дзіўства, напаўняў жывот свой ласонікамі маімі, выкінуў мяне.
35 Усілства, зробленае імне, і цела мае — на Бабілёне», — скажа жыхарка Сыёну; і «Кроў мая — на жыхарах Хальдэі», — скажа Ерузалім.
36 Затым гэтак кажа СПАДАР: «Гля, Я буду прававацца за справу тваю й памшчу помсту тваю, і высушу мора ягонае, і высушу жарало ягонае;
37 І станецца Бабілён кучамі, сялібаю шакалаў, жахам а сьвістам, бяз жыхара.
38 Разам, як маладыя лявы, заравуць яны, страпянуцца, як левяняты.
39 Як яны разьюрацца, Я зраблю ім чэсьць і дам ім, каб упіліся, каб цешыліся й заснулі вечным сном, і не прачхнуліся, — агалашае СПАДАР. —
40 Зьвяду іх, як ягняты на зарэз, як бараны з казламі.
41 Як Шэшах узяты! і як хвала ўсяе зямлі схоплена! Як Бабілён стаў зумленьням меж народаў!
42 Паднялося мора на Бабілён, пакрыла множасьцяй хваляў сваіх.
43 Месты ягоныя сталі зумленьням, сухою зямлёю а пустынёю, зямлёю, на якой ня жывець ніякая людзіна, ані сын людзкі не праходзе там.
44 І даведаюся да Віла ў Бабілёне, і вырву з роту ягонага тое, што ён глынуў, і народы ўжо не пабягуць да яго; таксама сьцяна бабілёнская паваліцца.
45 Выходзьце з пасярод яго, людзе Мой, і ратуй кажны душу сваю ад палкага абурэньня СПАДАРОВАГА.
46 Хай ня стане лішне млявым сэрца вашае, і ня бойцеся дзейкі, што будзе чуваць у зямлі, дзейкі, што прыйдзе аднаго году, і за ёю дзейкі другога году, і ўсілства ў зямлі, дзяржаўца супроці дзяржаўцы.
47 Затым, гля, настануць дні, што Я даведаюся да балваноў бабілёнскіх, і ўся зямля засароміцца, і ўсі раненыя ейныя загінуць сярод яе.
48 І запяюць над Бабілёнам неба, і зямля, і ўсе, што на іх; бо з поўначы прыйдуць на яго глабаньнікі», — агалашае СПАДАР.
49 Як Бабілён ськідаў пабітых Ізраялян, так у Бабілёне падуць пабітыя ўсяе зямлі.
50 Уцеклыя ад мяча йдзіце, не адзержуйцеся; здалеку ўспомніце СПАДАРА, і няхай прыйдзе вам удум Ерузалім.
51 Мы асарамочаны, бо мы чулі ганьбу, сорам пакрыў віды нашы, бо чужаземцы ўвыйшлі ў сьвятыню дому СПАДАРОВАГА.
52 «Затым, гля, настануць дні, — кажа СПАДАР, — калі Я даведаюся да балваноў ягоных, і па ўсёй зямлі будуць стагнаць раненыя.
53 Хоць бы Бабілён узьняўся да неба і хоць бы ён умацаваў на вышыні сілу сваю, ад Мяне прыйдуць глабаньнікі на яго», — агалашае СПАДАР.
54 Голас галосе з Бабілёну і вялікае патрышчаньне — ізь зямлі Хальдэйскае,
55 Бо СПАДАР пустоша Бабілён і зьнішчыў у яго вялікі голас, хвалі яго равуць, як вялікія воды, гом іх гуку разьлягаецца;
56 Бо глабаньнік прышоў на яго, на Бабілён, і дужасілы ягоныя ўзяты, кажны з лукаў іхных патрышчаны; бо СПАДАР, Бог адплаты, канечне адплаце.
57 «І дам упіцца князём ягоным а мудрыцом ягоным а вайводцам ягоным а дзяржаўцам ягоным а дужасілам ягоным, і яны заснуць сном вечным, і не прачхнуцца», — агалашае Кароль, — СПАДАР войскаў імя ягонае.
58 Гэтак кажа, СПАДАР войскаў: «Шырокія сьцены Бабілёну будуць супоўна абураны, і высокія брамы ягоныя будуць спалены цяплом; і будуць працаваць народы дарма, і людзі на цяпло, і будуць стамаваны».
59 Слова, што Ярэма, прарока, расказаў Сэраі, сыну Ніра Магсэенка, як гэты йшоў із Сэдэкам, каралём Юдэйскім, да Бабілёну, чацьвертага году дзяржавы ягонае; а Сэрая быў галоўны пакладнік.
60 А Ярэма напісаў усе ліха, што прыйдзе на Бабілён, у вадну кнігу ўсі гэтыя словы, напісаныя на Бабілён.
61 І сказаў Ярэма Сэраі: «Як ты прыйдзеш да Бабілёну, то разгледзь і чытай усі гэтыя словы,
62 І скажы: "СПАДАРУ, Ты казаў праз гэтае месца, каб выгубіць яго, каб ніхто не застаўся ў ім, ад людзіны аж да жывёлы, але будзе яно пустым навекі".
63 І будзе, як ты скончыш чытаньне гэтае кнігі, прывяжы да яе камень і кінь на сярэдзіну Еўфрату,
64 І скажы: "Гэтак занурыцца Бабілён і не паўстане зь ліха, што Я навяду на яго, і яны стамуюцца"». Дагэтуль словы Ярэміны.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарокі Ярэмы, 51 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.